У Мінскай вобласці трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах сабраў больш як 1000 высокаматываваных навучэнцаў. Удзельнікамі абласнога этапу алімпіяды па геаграфіі сталі 85 школьнікаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Старшыня журы, загадчыца кафедры геаграфічнай экалогіі факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ, кандыдат геаграфічных навук, дацэнт Наталля Гагіна расказала, што традыцыйна алімпіяда ўключала заданні тэарэтычнага і практычнага тураў, а таксама мультымедыйны тэст. Тэарэтычная частка заўсёды дзеліцца на два вялікія блокі — фізічную і эканамічную геаграфію.

Навучэнкі гімназіі № 1 Жодзіна Карына Волкава і Глафіра Зябрына і настаўніца геаграфіі Ірына Пічугіна
— Тэарэтычная частка ўключала пытанні па фізічнай геаграфіі мацерыкоў і акіянаў, а таксама заданні па карце, якія патрабавалі ведання геалагічных паняццяў, умення не толькі апісваць геалагічнае цела, але і візуальна вызначаць па карце-схеме, якое яно, — зазначыла Наталля Уладзіміраўна. — Акрамя таго, на алімпіядзе былі пытанні на веданне геаграфічнай наменклатуры.
Цікавымі былі адкрытае пытанне пра найбольш істотныя наступствы змянення клімату для лясной гаспадаркі Беларусі і пытанне на параўнальны аналіз, вызначэнне падабенства і адрозненняў дзвюх трансгранічных рэк, выяўленне галоўных праблем выкарыстання іх водных рэсурсаў. Заданні патрабавалі фармулёўкі негатыўных вынікаў, абгрунтавання наступстваў, умення аналізаваць і крытычна мысліць.
Якія заданні выклікаюць найбольшыя цяжкасці ў алімпіяднікаў? Старшыня журы расказала, што складана рашалася картаграфічная задача.
— Навучэнцам няпроста зразумець сутнасць некаторых заданняў, — дадала Наталля Гагіна. — Было складана супаставіць, апісаць геалагічныя целы, а таксама параўнаць дзве ракі, бо параўнанне павінна быць комплексным, шматаспектным. Разам з тым у геаграфічнай наменклатуры, у разуменні асаблівасцей прыродных зон вучні добра арыентуюцца.
Высокі ўзровень падрыхтаванасці навучэнцы паказалі ў мультымедыйнай частцы алімпіяды. Тыя, хто ўжо не першы год прымае ўдзел у спаборніцтвах, як правіла, з усімі пытаннямі спраўляюцца найлепш. Самі тэсты, як зазначыла кандыдат геаграфічных навук, былі прадуманымі, утрымлівалі ілюстрацыйны матэрыял.
— Мультымедыйная частка — гэта заданні па сацыяльна-эканамічнай геаграфіі, напрыклад, на разуменне спецыфікі росту колькасці насельніцтва ў розных краінах. Тут жа — па здабычы карысных выкапняў, па экспарце і імпарце ў краінах. Змястоўна быў прадстаўлены блок пытанняў, якія тычыліся Беларусі, — зазначыла выкладчыца.
З назіранняў Наталлі Гагінай, складанымі для большасці алімпіяднікаў сталі пытанні этнагеаграфічнай накіраванасці. Напрыклад, па выглядзе народнага касцюма трэба было вызначыць, з якога ён рэгіёна.
— Практычны тур уключаў такія заданні, якія дазваляюць выявіць сярод удзельнікаў лепшых даследчыкаў, — акцэнтавала ўвагу Наталля Уладзіміраўна. — Гэтыя вучні выдатна рашаюць творчыя задачы адкрытага тыпу, у іх відавочная схільнасць да навукова-даследчай дзейнасці.
Сярод тых, хто сёлета стаў уладальнікам дыпломаў ІІ ступені абласнога этапу алімпіяды, навучэнкі гімназіі № 1 Жодзіна Карына Волкава і Глафіра Зябрына. Да спаборніцтваў іх рыхтавала настаўніца геаграфіі Ірына Пічугіна. За 20 гадоў працы ў алімпіядным руху навучэнцы Ірыны Мікалаеўны неаднаразова станавіліся лепшымі ў вобласці.
У рабоце па падрыхтоўцы да алімпіяды Ірына Пічугіна вылучае некалькі важных этапаў. Самы адказны з іх — падрыхтоўчы.
— Падчас яго назіраю за гімназістамі ва ўрочнай дзейнасці, гляджу на іх стаўленне да прадмета, на ўзровень развіцця маўлення, тып мыслення, — падзялілася педагог. — Далей аналізую выкананне школьнікамі розных задач, праблемных пытанняў, якія патрабуюць творчага падыходу. Лічу, што рыхтаваць навучэнцаў да алімпіяды трэба з 5—6 класаў. У гэтым узросце прадметная нагрузка невысокая і зацікавіць вучня дысцыплінай лягчэй, чым у старшых класах. Калі рыхтуемся да алімпіяды, абагульняем, сістэматызуем веды па ўсіх раздзелах, праходзім многа тэстаў, вывучаем практыкумы, лекцыі, прэзентацыі. Практычны блок — гэта таксама каласальная работа, якая патрабуе ўмення працаваць з тэкстам, вылучаць у ім галоўнае, апісваць многія працэсы і з’явы, тлумачыць, знаходзіць, аналізаваць інфармацыю.
Гаворачы пра парады, якія можа даць калегам, Ірына Мікалаеўна зазначае:
— У падрыхтоўцы да алімпіяды роля настаўніка вельмі вялікая, таму што высокія вынікі могуць быць у тых выкладчыкаў, хто творча і адказна падыходзіць да сваіх абавязкаў. Толькі той педагог, які цікавы дзецям, які можа прапанаваць многа неардынарных варыянтаў вырашэння праблемнай сітуацыі, умее прымяняць новыя веды і сам увесь час вучыцца, прывядзе вучняў да перамог. Работа па падрыхтоўцы да алімпіяды — гэта сістэмная праца, і нельга сказаць, што можна адпачываць, калі алімпіяда скончылася.
Навучэнка Ірыны Пічугінай Карына Волкава сёлета будзе прадстаўляць Мінскую вобласць на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Разважаючы пра тое, што было самым складаным на абласным этапе, дзяўчына адзначыла, што некаторыя заданні практычнага тура патрабавалі ведаў адразу па многіх раздзелах фізічнай і эканамічнай геаграфіі.
— Заданні былі энерга- і часазатратнымі, — расказала фіналістка. — Але мне вельмі падабаецца, што геаграфія — навука, якая знаходзіцца на перакрыжаванні ўсяго. Гэта не проста карты і сталіцы, а разуменне таго, як уладкаваны свет і як усё ў ім узаемазвязана — клімат, рэльеф, эканоміка, культура. Мой любімы раздзел — сацыяльна-эканамічная геаграфія.
Успамінаючы свой першы вопыт удзелу ў алімпіядзе, Карына прызнаецца, што тады многа ў чым спадзявалася на поспех і школьную праграму:
— Сёння ў мяне з’явіўся сістэмны падыход. Я не проста вучу факты, а выбудоўваю сувязі паміж тэмамі, працую з навуковымі артыкуламі і статыстыкай. Што тычыцца ўпэўненасці, то раней я вельмі нервавалася з-за кожнага задання, а зараз прыходзіць разуменне: алімпіяда — гэта ў першую чаргу цікавая інтэлектуальная барацьба. Так, у мінулым годзе добра ведала тэорыю, але на складаных комплексных заданнях, дзе трэба было прапанаваць сваё рашэнне для канкрэтных задач, не хапіла практычных навыкаў. Пасля заканчэння гімназіі планую паступаць на спецыяльнасці, звязаныя з эканамічнай геаграфіяй, бачу сябе аналітыкам у сферы тэрытарыяльнага развіцця. Мне хочацца працаваць над рэальнымі праектамі: дапамагаць развіваць гарады, ацэньваць рызыкі для бізнесу. І менавіта геаграфія дае для гэтага добрыя трывалыя веды.
Наталля САХНО
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі





