З клопатам аб роднай краіне. Як прайшоў рэспубліканскі суботнік у рэгіёнах

- 16:20Новости

Рэспубліканскі суботнік прайшоў 12 красавіка. Работа кіпела ва ўсіх кутках Беларусі. Як наводзілі парадак прадстаўнікі педагагічнай грамадскасці і навучэнцы, даведаліся карэспандэнты “Настаўніцкай газеты”.

Важкі ўклад

Больш за 400 тысяч чалавек прынялі ўдзел у рэспубліканскім суботніку на Брэстчыне. Сярод іх — педагогі, школьнікі і студэнты.

Галоўнай пляцоўкай для навядзення парадку ў рэгіёне стала тэрыторыя Маладзёжнага патрыятычнага цэнтра ў Брэсцкай крэпасці, на базе якога ўзводзіцца Рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі. Грошы, сабраныя падчас двух папярэдніх суботнікаў, дазволілі завяршыць першы этап будаўніцтва аб’екта, а сэканомленыя фінансавыя сродкі дапамогуць хутчэй перайсці да другога і трэцяга этапаў.

— На гераічнай зямлі цытадэлі над Бугам часта праходзяць розныя працоўныя і экалагічныя акцыі з удзелам педагогаў і навучэнскай моладзі, што вельмі важна для захавання гістарычнай памяці і выхавання павагі да мінулага роднага краю, — расказала першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Таццяна Савіч. — Гэта асабліва актуальна напярэдадні святкавання 80-годдзя Вялікай Перамогі. Сумесная праца на суботніку аб’ядноўвае розныя пакаленні, дазваляе адчуць адзінства і важнасць агульнай стваральнай справы, накіраванай на тое, каб наша краіна станавілася прыгажэйшай і больш камфортнай для жыцця.

Апарат галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама разам са студэнтамі мясцовых універсітэтаў шчыраваў у будынку патрыятычнага цэнтра, які ўжо ў маі сустрэне першых школьнікаў. У цэнтры адначасова змогуць пражываць і займацца 600 юнакоў і дзяўчат: 200 — у казармах, 400 — у палатках. Усё амаль гатова да іх прыёму. Намаганнямі працоўнага дэсанту ў спальных памяшканнях размясцілася мэбля, былі падрыхтаваны ложкі, вымыты вокны. Педагогі і выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў навялі парадак на прылеглай тэрыторыі.

— Патрыятычны цэнтр стане выдатнай пляцоўкай для выхавання на агульных каштоўнасцях, ваеннай падрыхтоўкі, дружбы і духоўнага росту моладзі не толькі Беларусі, але і Расіі, — заўважыла Таццяна Савіч.

У сонечны суботні дзень работа кіпела і ў іншых кутках Брэстчыны.

Каля 20 педагогаў Жыдчанскай сярэдняй школы Пінскага раёна змянілі дзелавыя касцюмы на рабочую форму, узялі ў рукі рыдлёўкі, граблі і венікі і з энтузіязмам узяліся за справу. Не адставалі ад настаўнікаў і вучні.

— Прадстаўнікі калектыву дружна добраўпарадкоўвалі тэрыторыю школы: чысцілі газоны і асфальтавыя дарожкі, прыбіралі лісце, старую і аварыйную расліннасць, апілоўвалі сухія галіны, бялілі дрэвы і кусты, вывозілі смецце, — паведаміла дырэктар установы Святлана Кандрацюк. — Летам да 500-годдзя населенага пункта на тэрыторыі школы плануецца абсталяваць шматфункцыянальную спартыўную пляцоўку коштам звыш 500 тысяч рублёў, дзе вучні змогуць займацца цяжкай атлетыкай, паўэрліфтынгам, гімнастыкай, гіравым спортам, баскетболам, валейболам, футболам, рознымі фізічнымі практыкаваннямі.

Не засталася ў баку ад суботніка і Брэсцкая гарадская арганізацыя галіновага прафсаюза. 60 педагогаў і прафсаюзных актывістаў разам з начальнікам аддзела па адукацыі Брэсцкага гарвыканкама Анатолем Насковым адправіліся ў загарадны аздараўленчы лагер “Салют”, каб падрыхтаваць аб’ект да летняга сезона. У дружным тандэме работнікі сістэмы адукацыі горада над Бугам прыбіралі спальныя карпусы і наводзілі парадак на тэрыторыі.

— Мы штогод дапамагаем рыхтаваць лагер да летняй аздараўленчай кампаніі. Чысціня і парадак — умова камфортнага адпачынку дзяцей, — адзначыла старшыня гарадской прафсаюзнай арганізацыі Іна Жак.

— Гэта наш невялікі, але важкі ўклад у Год добраўпарадкавання, — заўважыла настаўніца абслуговай працы старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі сярэдняй школы № 5 Брэста Аксана Міхайлава.

АстраНоўка: касмічнае натхненне

У Ноўкінскай сярэдняй школе Віцебскага раёна свята: вялікая ўрачыстасць з нагоды прысваення ўстанове адукацыі імя Пятра Клімука. А ў Дзень касманаўтыкі тут поўным ходам ішла падрыхтоўка да гэтай падзеі. Як было не завітаць на самую касмічную ў рэгіёне пляцоўку рэспубліканскага суботніка?

На падворку сустрэлася з групай дзевяцікласнікаў: моладзь справілася з навядзеннем парадку на даручаным участку і ішла здаваць інвентар. Час марнаваць няма калі, бо за дзень яшчэ многа чаго трэба зрабіць. І ўсё ж затрымаліся на хвілінку для калектыўнага фота з намеснікам дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Кірылам Дзмітрэнкам. Дарэчы, ён і стаў маім галоўным правадніком па школьных лакацыях.

Наступны працоўны акорд — творчы. Ля ўвахода ў школу харэаграфічны калектыў “Фантазёры” на чале з педагогам Аленай Дзіковіч рэпеціраваў да свята кампазіцыю “Беларусь — гэта мы!”. На школьным будынку адразу прыцягвае ўвагу вежа планетарыя і надпіс на фасадзе “Школа імя лётчыка-касманаўта, двойчы Героя Савецкага Саюза, генерал-палкоўніка Пятра Ільіча Клімука”. Як патлумачыла кіраўнік педкалектыву Таццяна Дзідарэнка, афіцыйна імя прысвоілі школе напярэдадні 12 красавіка. Дату ўрачыстасці затрымалі, бо чакалі ў госці першага беларускага касманаўта. Ён хацеў прыехаць, але, на жаль, не атрымалася. Між тым надпіс, па словах дырэктара, дзякуючы падсветцы, у цёмны час сутак ззяе так, што яго можна лёгка заўважыць нават з космасу! Таццяна Вітальеўна прыадкрыла сакрэт: сярод падарункаў школе будзе кніга Пятра Клімука “Побач з зоркамі”, выданне стане памятным музейным экспанатам. Спадзяваліся, што ў ходзе ўрачыстасці аўтар зробіць на ім асабісты аўтограф. Крыху заглядваючы наперад, адзначым: планы давялося скарэкціраваць, аднак ад іх, зразумела, не адмовіліся. Падрабязней пра гэта расказала адна з энтузіястаў распаўсюджвання касмічнай тэмы ў адукацыйнай прасторы вобласці намеснік дырэктара цэнтра дзяцей і моладзі Віцебскага раёна Алена Яноўская, якая раней працавала ў Ноўцы. У школы наладжаны трывалыя кантакты з Цэнтрам падрыхтоўкі касманаўтаў, таму навучэнцы і педагогі вераць: сустрэчы быць! Магчыма, у Зорным гарадку, куды мараць трапіць навучэнцы Гагарынскага атрада. Такіх атрадаў на Віцебшчыне два — у Ноўцы і Лёзне. Ноўкінскі дзейнічае ўжо трэці год і аб’ядноўвае звыш 30 навучэнцаў 5 і 7 класаў. Літаральна ў Дзень касманаўтыкі яму прысвоілі імя Алега Арцем’ева — з ім школьны калектыў звязвае даўняе сяброўства. У ліку першых “гагарынцаў” павіншавалі бацькі славутага беларуса Вольга Мікалаеўна і Герман Аляксеевіч, якія жывуць у Віцебску. Яны пажадалі школьнікам касмічнага здароўя і поспехаў у вучобе.

Дырэктар разам з групай педагогаў шчыравала ля святочнай фотазоны. Усюды панаваў працоўны настрой.

Навучэнцы і настаўнікі ўпэўнена рухаліся па зададзеных арбітах: хтосьці размяшчаў экспанаты на часовых выставачных пляцоўках, нехта нёс падрыхтаваныя для гасцей сувеніры, астатнія развешвалі ў фае ўпрыгажэнні на касмічную тэматыку. За размовай мы падышлі да жывых экспанатаў — фікусаў з касмічнай гісторыяй у раскошным зімовым садзе на першым паверсе. Першы з іх пасадзіў Алег Арцем’еў, другі — Марына Васілеўская.

— Марына Вітальеўна спраўдзіла мару нашых дзяцей, — паведаміла Таццяна Дзідарэнка. — Яна адказала на запрашэнне і ў студзені наведала школу. Сёлетняе папаўненне нашых “гагарынцаў” ганарыцца, што ў атрад іх прымала першая беларуская жанчына-касманаўт. Дарэчы, у нашым музейным пакоі “Гісторыя космасу” ёсць экспанаты, падораныя кіраўніком яе касмічнага экіпажа Алегам Навіцкім, у якога беларускія карані. Беларусамі былі і бацькі першай у свеце жанчыны-касманаўта Валянціны Церашковай. Сімвалічная пераемнасць: Валянціна Уладзіміраўна была першай прадстаўніцай атрада касманаўтаў, хто наведаў Ноўку. Так у нашым аграгарадку супалі прасторавыя траекторыі дзвюх славутых жанчын. Нездарма Алег Арцем’еў называе нас няйначай, як Астраноўкай. Мы стараемся адпавядаць гэтаму неафіцыйнаму, але вельмі прыемнаму і важнаму для нас статусу.

Наш маршрут вядзе далей, у школьны планетарый. Па дарозе бліжэй знаёмімся з Кірылам Дзмітрэнкам. Кірыл Юр’евіч і яго жонка Анастасія Аляксандраўна — выпускнікі ВДУ імя П.М.Машэрава. Абое па спецыяльнасці настаўнікі матэматыкі, фізікі і інфарматыкі. Кірыл Дзмітрэнка да апошняга часу больш займаўся адміністратыўнай дзейнасцю і выкладаннем інфарматыкі. Планетарый, музей, Гагарынскі атрад, выкладанне фізікі і астраноміі, класнае кіраўніцтва ў 9 “А” былі ў сферы адказнасці Анастасіі Аляксандраўны. Восенню яна пайшла ў дэкрэт і перадала мужу свае педагагічныя абавязкі. Як прызнаўся мой суразмоўнік, цяжкавата. Разам з тым апраўдаць давер каханай, вучняў і кіраўніцтва школы — справа гонару.

У планетарыі наводзяць узорны парадак навучэнцы з Гагарынскага атрада. За працай яны разам з Кірылам Дзітрэнкам знаёмяць з мінулым і сучаснасцю незвычайнага аб’екта. Школьны будынак здалі ў эксплуатацыю ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Нетыповы праект з вежай пад дахам падказваў ідэю развіцця. Фізіку і астраномію ў школе тады выкладаў Уладзімір Голубеў, потым ён перайшоў працаваць на кафедру інжынернай фізікі ў ВДУ. У нашы дні Уладзімір Аляксандравіч — легенда сучаснай айчыннай навукі і адукацыі. У прыватнасці, менавіта па складзеных ім або з яго ўдзелам падручніках, вучэбных дапаможніках на працягу дзесяцігоддзяў вывучаюць астраномію нашы школьнікі і студэнты. Летам 2009 года вучань Уладзіміра Голубева запісаў на свой рахунак першы выяўлены астэроід. Гэта першы ў гісторыі беларускай навукі выпадак, калі такое адкрыццё зрабіў астраном-аматар. Віталь Неўскі назваў яго ў гонар настаўніка: 216837 Golubev (2009 HJ58). Яшчэ адна вучаніца Уладзіміра Голубева ў школе і ва ўніверсітэце — Вольга Трублоўская — пасля заканчэння альма-матар вярнулася ў Віцебскі раён, а праз пэўны час узначаліла Ноўкінскую школу. Яна і папрасіла настаўніка дапамагчы ўвасобіць даўнюю мару пра школьны планетарый у памяшканні на чацвёртым, купальным паверсе. Настаўнік не адмовіў. Вучаніца, між іншым, узначальвае сёння аддзел па адукацыі райвыканкама.

— Першы наш планетарый быў механічны, — успамінае Вольга Трублоўская. — Уладзімір Аляксандравіч стварыў яго са звычайнага глобуса і падручных матэрыялаў, яму дапамагалі настаўнік працоўнага навучання Алег Машуцін, старшакласнікі і іх бацькі. Мадэль выклікала непадробленую цікавасць школьнікаў, прычым не толькі нашых — з усяго раёна, вобласці пачалі прыязджаць. І, безумоўна, гэта дало магутны імпульс нашай дзейнасці па вывучэнні космасу. Неўзабаве з’явілася ідэя зрабіць лічбавы планетарый, і мы яе ўвасобілі. У цяперашні час абедзве мадэлі дзеючыя. Завязалася супрацоўніцтва з Цэнтрам падрыхтоўкі касманаўтаў (Навукова-даследчым выпрабавальным цэнтрам падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А.Гагарына). Мы пачалі ўдзельнічаць, а затым і рэгулярна перамагаць у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, даследчых канферэнцыях, тэматыка якіх звязана з космасам. Да таго ж абсталявалі астранамічную пляцоўку і ўстанавілі тэлескоп, адкрылі ў школе кафедру інжынернай фізікі факультэта матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій ВДУ, заснавалі касмічны фітабар…

Гэтыя традыцыі калектыў працягвае і пастаянна прымнажае. Напрыклад, ва ўстанове адукацыі створаны інжынерны клас і дзейнічае інжынерна-тэхнічны цэнтр, дзе дзеці вывучаюць асновы робататэхнікі. Сярод напрамкаў, якімі цікавяцца юныя даследчыкі, — касмічная тэхніка будучыні. Адразу ж успамінаецца: Пётр Клімук — не толькі касманаўт, але і інжынер, доктар тэхнічных навук. Характэрна, што некалькі выпускнікоў школы профілем вышэйшай адукацыі і далейшай сферай працоўнай дзейнасці выбралі авіяцыю. Школа не толькі ўдзельнічае, але і выступае цэнтральнай пляцоўкай рэалізацыі ініцыятыў з касмічным ухілам — варта прыгадаць папулярны адкрыты конкурс “Гравіцапа”. Яшчэ адзін нетыповы факт: Тыдзень космасу ва ўстанове адукацыі праводзіцца фактычна тройчы — у адпаведнасці з агульнарэспубліканскім планам, асобна свой унутраны плюс тыдзень фізікі і атраноміі, які таксама мае выразнае касмічнае аблічча.

На завяршэнне перамяшчаемся ў музейны пакой, адкрыццё якога цесна звязана з імем Алега Арцем’ева. Так склалася, што пасля кожнага свайго касмічнага палёту ён наведваў гэтую школу. Перадаў у музей бартавы журнал, які пабываў у космасе, частку рухавіка мяккай пасадкі, шэраг іншых унікальных экспанатаў. Пакуль “гагарынцы” наводзяць лоск у памяшканні, разглядваю экспанаты. Тут многа фота і кніг з аўтографамі. Вось падарунак Марыны Васілеўскай — грунт з Байканура. Побач — прыстасаванне, якое дазваляе рукамі ў спецыяльных пальчатках адчуць, наколькі складана выконваць элементарныя маніпуляцыі ў адкрытым космасе. У кнізе ганаровых наведвальнікаў музея прачытала запіс Алега Арцем’ева: “Жадаю, каб тут з’явіліся экспанаты, якія з космасу, з іншых планет прывязуць вашы выпускнікі”. Далучаюся да пажаданняў і спадзяюся пра гэта аднойчы расказаць нашым чытачам.

Стымул добрых спраў

Падчас рэспубліканскага суботніка ў сярэдняй школе № 2 імя Ф.Я.Кухарава Добруша не толькі стала больш чыста і ўтульна, але і з’явіўся новы арт-аб’ект.

…Двор самай вялікай школы ў раёне шуміць галасамі педагогаў і дзяцей. Дырэктар Марына Макарава падкрэслівае, што ва ўстанове 72 педагогі вучаць 856 навучэнцаў:

— Мы падрыхтуем клумбы для пасадкі вырашчанай намі расады кветкавых раслін — аксаміткі, цыніі, астры, сальвіі зусім хутка будуць радаваць нас сваімі яркімі фарбамі і кветкавым водарам. У прадчуванні! Нашым міратворцам, а наша ўстанова — Школа міру, выпаў гонар дапамагчы ў добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый ветэранаў працы, якія за сваю педагагічную дзейнасць шмат сіл і жыццёвай энергіі аддалі дзецям. Таксама адзінаццацікласнікі з задавальненнем навядуць чысціню каля помніка ахвярам фашызму, размешчаным непадалёк школы.

Пакуль адна група навучэнцаў і педагогаў адправілася дапамагаць людзям залатога ўзросту, іншыя ўдзельнікі суботніка з граблямі, венікамі, рыдлёўкамі размеркаваліся па ўсім школьным двары. Назіраю, як юныя міратворцы не шкадуюць сіл і не халтураць, праяўляюць сябе сапраўднымі працаўнікамі. Праз нейкі час бачна, што школьнікі па-сапраўднаму мяняюць тэрыторыю: паспелі прывесці ў парадак і акультурыць давераныя ім участкі і нават пасадзілі маладыя туі, без сумнення, вечназялёныя насаджэнні будуць радаваць доўгія гады.

На вуліцы праца не спыняецца ні на хвіліну, і мы з Марынай Віктараўнай адпраўляемся пазнаёміцца ​​з энтузіястамі, якія пераўтвараюць школьныя калідоры, робячы іх яркімі, пазітыўнымі і такімі ўтульнымі і роднымі. Варта адзначыць, што ўся школа прасякнута нацыянальным каларытам, беларускі арнамент сустракаецца нават на сценах лесвічных пралётаў. Паднімаючыся на трэці паверх, бачна, што тэматычныя малюнкі ўжо красуюцца на сцяне: адзін у выглядзе сэрца ў колерах нацыянальнага сцяга, другі нагадвае карту Беларусі, вызначаючы самыя галоўныя словы для кожнага патрыёта — Радзіма, Бацькаўшчына, гісторыя, продкі.

— Імкнёмся добраўпарадкаваць родную школу (родную, бо Марына Віктараўна з’яўляецца выпускніцай 2-й школы і  ўжо 17 гадоў яе ўзначальвае. — Заўвага аўтара.), каб яна цешыла вока, каб дзеці з задавальненнем знаходзіліся тут, — падкрэслівае дырэктар. — Адзначу, што педагогі і навучэнцы ўцягнуты ў працэс добраўпарадкавання ўстановы, прыўносяць ідэі і творча падыходзяць да іх рэалізацыі. Таму ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу яшчэ больш беражліва ставяцца да нашай установы.

Педагагічныя работнікі Гомельшчыны актыўна падключыліся да суботніка. Працоўны дэсант узначаліў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў.

Дарэчы, школа № 2 стала роднай не толькі для Марыны Віктараўны, але і для 16 яе выпускнікоў, якія па яе прыкладзе выбралі свой шлях у педагагічнай прафесіі. А ў жніўні ў сям’і прафесіяналаў папаўненне — яшчэ адна выпускніца, адвучыўшыся па мэтавым накіраванні, стане паўнапраўнай калегай — настаўніцай пачатковых класаў.

Суботнік стаў сапраўдным святам працы і яднання ў добрушскай школе, паказаўшы, як шмат можна зрабіць, калі аб’яднаць намаганні і ўкласці ў справу часцінку сваёй душы.

Такі ўдзел у грамадска карысных справах выхоўвае ў школьнікаў пачуццё адказнасці, вучыць беражліваму стаўленню да прыроды і навакольнага свету, а таксама ўмацоўвае іх веру ў тое, што нават невялікія намаганні могуць зрабіць свет лепшым.

С любовью к малой родине

Работы по наведению порядка и благоустройству территорий, посадке деревьев развернулись в каждом районе Гродненской области.

Сотрудники главного управления образования трудились в лесопарке Пышки — излюбленном месте прогулок жителей и гостей областного центра. Впрочем, без внимания педагогического сообщества Гродненщины не осталась ни одна парковая территория.

— Из года в год на мероприятия республиканского субботника вместе с учащимися выходим в Румлевский парк, который расположен возле нашей гимназии. Не только для наведения порядка. Стараемся такие коллективные встречи сделать еще и максимально познавательными. Речь не только про экскурс в историю парка для педагогов и гимназистов. В этом году напомнили горожанам о том, почему важно не срывать здесь первоцветы, — поделился учитель биологии гимназии № 1 имени академика Е.Ф.Карского и известный гродненский краевед Виталий Гуменный.

Даже к уборке перезимовавшей листвы его десятиклассники в этом году приступили, вооружившись полезными знаниями. Педагог апеллировал к научно обоснованному методу защиты каштанов от болезней, которую предлагает кандидат биологических наук Александра Рыжая.

— Возраст некоторых из представителей расположенной в парке каштановой аллеи превышает не одну сотню лет. Наша задача — сохранить долгожителей и защитить их от вредителей. С заботы и внимания к природе начинается забота к обществу и во время субботника еще раз акцентировали на этом внимание, — добавил Виталий Станиславович.

Символично, что именно благодаря представителю педагогической профессии расположенный рядом с учебным заведением парк в свое время получил статус памятника природы местного значения. Более 30 лет назад изучение лесопарка Румлево было инициировано учителем биологии Татьяной Солтан и ее учениками. С этого времени небольшой зеленый уголок на карте Гродно площадью всего в 98 гектаров исследовали уже более 120 ученых, ему посвящено более сотни научных публикаций.

Более 300 тысяч жителей Гродненской области присоединились к республиканскому субботнику.

Не осталась без внимания педагогов и учащихся гимназии и территория учреждения образования.

— Общими усилиями навели порядок и подготовили клумбы к высадке цветов. Эта акция — не просто уборка территории, это символ нашего единства и заботы о месте, где мы проводим значительную часть своего времени. Участие в республиканском субботнике — это возможность проявить свою гражданскую позицию, внести вклад в создание комфортной и красивой среды. Кроме того, это отличный пример для подрастающего поколения. Субботник — это не только труд на свежем воздухе, это еще и ценный урок ответственности и любви к своей малой родине, — подчеркнула директор гимназии Елена Адамович.

По всей Гродненщине особое внимание участники республиканского субботника в этом году уделили местам, связанным с Великой Отечественной войной. Так, кадеты средней школы № 37 наряду с руководством области и города трудились на территории воинского захоронения “Шталаг 324”. В июне 2023 года этому месту был присвоен статус историко-мемориального места погребения. В прошлом году здесь появились 26 мемориальных плит с именами захороненных в братских могилах, а накануне 9 Мая будет торжественно открыт памятный знак.

Алея ў гонар Перамогі

Сярод тых, хто ў Мінскай вобласці актыўна далучыўся да рэспубліканскага суботніка, — прадстаўнікі сістэмы адукацыі.

Кіраўніцтва галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама штогод дапамагае розным раёнам Міншчыны. Гэтым разам начальнік галоўнага ўпраўлення Мікалай Башко выехаў са сваёй камандай на тэрыторыю Уздзенскага раёна. Перш чым прыступіць да працы, супрацоўнікі Мінаблвыканкама прынялі ўдзел у мітынгу-рэквіеме, які адбыўся каля мемарыяльнага комплексу ў вёсцы Лоша.

— Сёння вельмі важна захаваць гістарычную праўду і памяць, — адзначыў Мікалай Башко. — Увесь прагрэсіўны свет ведае, што праўда непераможная.

Пасля ўскладання кветак да помніка загінуўшым героям, супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па адукацыі адправіліся на тэрыторыю выхаваўча-аздараўленчага лагера “Буравеснік”. Тут была закладзена алея ў гонар 80-годдзя Вялікай Перамогі.

— Алея — гэта даніна памяці тым людзям, хто загінуў падчас вызвалення вёскі Лоша ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і тым, хто гераічна абараняў сваю Радзіму ў час вайны, — дадаў начальнік галоўнага ўпраўлення.

Каманда Мікалая Башко навяла парадак на тэрыторыі лагера.

— Сумесная праца аб’ядноўвае, і вельмі важна, што мы ўсе разам штогод далучаемся да рэспубліканскага суботніка, — падкрэсліў Мікалай Мікалаевіч. — Толькі ад нас залежыць, наколькі прыгожай і чыстай будзе наша краіна, наша Мінская вобласць. Упэўнены: сёння трэба ўдзяляць вялікую ўвагу і працоўнаму выхаванню школьнікаў. Установы адукацыі Міншчыны заўсёды актыўна адгукаюцца, калі ім прапануюцца адпаведныя ініцыятывы. Тым не менш толькі прыклад дарослых самы дзейсны ў выхаванні падрастаючага пакалення. Толькі тады, калі будзем працаваць разам з вучнямі і сваім прыкладам паказваць ім, што важна любіць сваю малую радзіму, зможам атрымаць добры вынік.

Да ўдзелу ў суботніку далучыліся і супрацоўнікі Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Рэктар установы Фёдар Драбеня расказаў, што яго супрацоўнікі наводзілі парадак на тэрыторыі інстытута.

— Да рэспубліканскага суботніка важна далучыцца кожнаму, — адзначыў Фёдар Валянцінавіч. — Гэта толькі малая частка таго, што мы можам зрабіць на карысць сваёй Радзімы.

Актыўна і прадукцыйна

Менавіта так правяла рэспубліканскі суботнік педагагічная супольнасць Магілёўшчыны. Грамадска карысная дзейнасць заўсёды ўспрымаецца з энтузіязмам.

Разам з навучэнцамі педагогі добраўпарадкоўвалі прылеглыя да ўстаноў адукацыі тэрыторыі, мемарыяльныя комплексы, аб’екты гісторыка-культурнай каштоўнасці, вуліцы вёсак і гарадоў. Да суботніка далучыліся абсалютна ўсе навучальныя ўстановы вобласці.

— Сумесная праца дазволіла не толькі навесці парадак там, дзе была ў гэтым неабходнасць. Працоўная дзейнасць аб’яднала педагогаў і вучняў агульнай справай на карысць роднай краіны, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Заблоцкі.

Супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па адукацыі працавалі на базе Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча імя Героя Савецкага Саюза Я.Нікалаенкі. Прадстаўнікі ведамства прыбіралі тэрыторыю вакол установы. Праца кіпела і ў другім вучэбным корпусе. Сёлета тут запланавана правядзенне капітальнага рамонту. Падчас суботніка ішла падрыхтоўка да мадэрнізацыі: з памяшканняў выносілі старую мэблю і абсталяванне.

Шмат карыснага зрабілі ў рамках суботніка педагогі Мсціслаўскага раёна. Акцэнт быў зроблены на абнаўленні мемарыялаў Вялікай Айчыннай вайны.

— Навучальныя ўстановы цалкам добраўпарадкавалі крыху раней — у ходзе раённага суботніка. Тады прынялі і актыўны ўдзел у рэспубліканскай акцыі “Тыдзень лесу”, аказалі дапамогу ў аднаўленні лясных масіваў. Зараз сканцэнтраваліся на месцах, звязаных з трагічнымі падзеямі ваеннага ліхалецця. Напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі вырашылі добраўпарадкаваць кожнае воінскае пахаванне. Бо гэта своеасаблівая даніна памяці мужнасці і гераізму абаронцаў Радзімы, якія заваявалі мір на нашай зямлі, — паведаміла начальнік аддзела па адукацыі Мсціслаўскага райвыканкама Алена Паштовая.

Рупліва працавалі і ў Бабруйску. Суботнік сабраў педагогаў у аздараўленчым лагеры “Мара”. Яны зладжана фарбавалі жылыя карпусы, удасканальвалі матэрыяльную базу. Адзінымі намаганнямі вялася падрыхтоўка да летняга аздараўлення: ужо 1 чэрвеня лагер расчыніць дзверы для дзяцей.

Падрыхтавалі Сяргей ГРЫШКЕВІЧ, Таццяна БОНДАРАВА, Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА, Кацярына МАЦЕВІЧ, Наталля САХНО, Ганна СІНЬКЕВІЧ

Фота Таццяны БОНДАРАВАЙ, Алены КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВАЙ, Ганны СІНЬКЕВІЧ і прадастаўлены ўстановамі адукацыі