Педагогі Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча Людміла і Леанід Вечар 45 гадоў жывуць і працуюць разам. Іх лёсы з’яднала любоў да настаўніцтва, геаграфіі і падарожжаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сумесная гісторыя маіх суразмоўнікаў пачыналася на геаграфічным факультэце БДУ, дзе яны вучыліся ў адной групе і сядзелі за адной партай. Праўда, сядзелі разам не адразу, а пасля аднаго выпадку на 2 курсе.
Леаніду аднагрупніца падабалася, але прызнацца ёй у гэтым юнак не адважваўся. Надаў смеласці заклад з сябрамі: у доказ, што пераадолее ўласную нерашучасць, Леанід прыйшоў у чытальную залу інтэрната, дзе Людміла з сяброўкамі рыхтавалася да сесіі, і прызнаўся ёй у пачуццях. Не перашкодзіла яму нават тое, што якраз у гэты момант у залу зайшла камісія — правярала ўмовы для навучання студэнтаў. Назаўтра юнак прапусціў заняткі ва ўніверсітэце, што дзяўчыну занепакоіла, але вечарам прыйшоў да яе з вялікай упакоўкай зефіру ў шакаладзе — прасіць прабачэння за тую залішнюю смеласць.
— Хоць мы і былі аднагрупнікамі, я Леаніда называла на вы, — успамінае Людміла Віктараўна. — Ён быў старэйшы за мяне на 4 гады, бо да ўніверсітэта паспеў і ў арміі адслужыць, і падрыхтоўчае аддзяленне скончыць. Акрамя таго, ужо тады ён насіў бараду. На 1 курсе мы ўсёй групай падарожнічалі, зімой адпачывалі ў Карпатах, жылі тады на адной турбазе, разам каталіся на лыжах, але я Леаніда нават не заўважала. Толькі пасля прызнання ў чытальнай зале стала прыглядацца да яго.
На 5 курсе мае суразмоўнікі ажаніліся. Пасля ўніверсітэта іх размеркавалі на Століншчыну: Леаніда Яўгенавіча назначылі дырэктарам Капанской базавай школы, а Людміла Віктараўна выкладала там геаграфію.
— Капані знаходзяцца літаральна на мяжы з Украінай. Тады нават транспарту да вёскі не было — мы выходзілі на чыгуначнай станцыі ва Украіне і 5 кіламетраў па яе тэрыторыі ішлі да дзяржаўнай мяжы і да самой вёскі, — успамінае Леанід Яўгенавіч.
— Якраз тады пачаліся нашы шматлікія падарожжы, — працягвае Людміла Віктараўна. — Леанід — самы заўзяты іх прыхільнік. Напрыклад, на старшых курсах летам ён жыў на Байкале, будаваў БАМ. Да падарожжаў далучыў і мяне. Я і так іх любіла, але яны сталі асновай жыцця толькі дзякуючы мужу. За тры гады, што працавалі на Століншчыне, мы з ім аб’ехалі шмат цікавых мясцін і ў Беларусі, і ў Расіі, і ў Балгарыі. Пазней адпраўляліся ў вандроўкі са Слуцка: Леанід прагнуў вярнуцца ў тыя месцы, дзе нарадзіўся, і гэтаму не перашкодзілі нават прапановы аб павышэнні на рабоце.
Тады ў школах Случчыны выкладаў геаграфію бацька Леаніда Яўгенавіча, і для сына было ганарова працягваць пачатую ім справу, працуючы побач. Леанід і Людміла Вечар спачатку працавалі настаўнікамі геаграфіі ў сярэдняй школе № 8. Калі ж перайшлі ў Слуцкую агульнаадукацыйную сярэднюю школу-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў (яна пазней была пераўтворана ў Мінскае абласное кадэцкае вучылішча), працавалі і настаўнікамі, і выхавальнікамі. Гэта яшчэ больш актывізавала іх паходны стыль жыцця, бо да іх далучаліся не толькі трое родных дзяцей, але і навучэнцы — падчас турзлётаў, паходаў і г.д.
— Мы з мужам, нашымі дзецьмі і выхаванцамі амаль кожныя выхадныя, кожны водпуск выязджалі ў падарожжы. Аб’ехалі і абышлі ўсю Беларусь: аблюбавалі азёры Свіцязь, Мястра, Нарач, часта бывалі на Зэльвенскім, Любанскім вадасховішчах. Часта выязджалі і за межы нашай краіны. Ніколі не былі перашкодай маленькія дзеці. Напрыклад, у паход “Сцежкамі крымскіх партызан” мы бралі малодшага сына — Сярожу было ўсяго 4 гады, і мы з мужам па чарзе неслі яго ў рукзаку.
З Леанідам мы працавалі выхавальнікамі ў адной групе, якая называлася “ВечерОК”. Увесь наш блок быў абвешаны фотагазетамі — мы рабілі фотарэпартажы, змяшчалі іх у насценгазетах, а я пісала вершаваныя каментарыі да фота. Усе гэтыя газеты я захоўваю на памяць, — расказвае Людміла Віктараўна і паказвае некалькі такіх насценгазет, якія вісяць у лабаранцкай.
Тут жа, у нізе шафы, у хуткім доступе набор турыстычнага посуду — вядро, у якім шмат гадоў мая суразмоўніца заварвае чай на вогнішчы, чарпак, якім разлівае яго дзецям па кубках, іншае начынне для паходнай кухні.
Настаўніца дзеліцца:
— Разам з выхаванцамі школы-інтэрната мы прымалі ўдзел у праекце “Прыгодніцкая педагогіка: перавыхаванне цяжкіх падлеткаў праз экстрым”. Задзейнічаны былі чатыры краіны: Беларусь, Расія, Аўстрыя і Германія. Мы з Леанідам і нашымі навучэнцамі даследавалі славутасці сталіц краін-удзельніц, вандравалі і па сушы, і па вадзе. Напрыклад, па Германіі ездзілі на веласіпедах і сплаўляліся на катамаранах. На рэках Германіі рыхтаваліся да інтэрнацыянальнага сплаву па Волзе, які прыпаў на наступнае лета. Тады мы змешанымі экіпажамі (беларусы з аўстрыйцамі, а немцы з рускімі), групамі па пяць дзяцей і адным дарослым на кожным катамаране, за тры тыдні праплылі ад Тальяці да Самары. Мы ўсе тады так загарэлі, што цэлы год былі смуглымі, — настолькі стойкі рачны загар.
Людміла Віктараўна вандравала з дзецьмі і па Італіі. Напрыклад, калі яна ўзначальвала групу беларускіх дзяцей, якія выязджалі на аздараўленне, толькі ў Неапалі жылі амаль паўтара месяца. А за плячыма ў Леаніда Яўгенавіча 20-дзённае падарожжа па Індыі, дзе ён вывучаў жыццё, культуру мясцовага насельніцтва і звычкі экзатычных жывёл — ад сланоў да змей і малпаў.
Людміла і Леанід Вечар пачалі браць у паходы свайго ўнука Піліпа, яшчэ калі той не ўмеў хадзіць, — насілі дзіця па чарзе ў рукзаку. Мабыць, гэта паўплывала на яго прафесійны выбар: Піліп таксама скончыў геафак БДУ і, як і бабуля, дзядуля і прадзядуля, цяпер працуе настаўнікам геаграфіі ў Слуцку.
— Мы з мужам вельмі розныя як настаўнікі. Леанід вельмі строгі, прынцыповы, паслядоўны. А я — наадварот. Мне на педсавеце пастаянна нагадваюць, што існуюць адзнакі і ніжэйшыя за шасцёркі, — усміхаецца Людміла Вечар. — Розныя ў нас з Леанідам і характары. Нездарма ў нас адна група крыві, але рэзус розны. У мяне выбух энергіі, ініцыятыў, але калі ўжо настае перабор, муж мяне стрымлівае. Ён мой амартызатар. Пры гэтым мы ніколі сур’ёзна не сварыліся. Нават калі муж крыху буркне, я ведаю, як выправіць сітуацыю, бо добра засвоіла маміны словы, якая мне казала: “Нават калі пасварыцеся, памятай: каструлі павінны быць поўнымі”. А хіба будзеш за сталом сварыцца?
У сям’і галоўнае — узаемаразуменне, павага і каханне. А яшчэ і муж, і жонка маюць права на ўласныя захапленні. У нас іх шмат, але самае галоўнае — любоў да паходаў — адно на дваіх.
Леанід Яўгенавіч можа гаварыць пра Людмілу Віктараўну гадзінамі:
— Мая жонка — самы добры чалавек на свеце. Яна ідзе па горадзе, і літаральна кожны з ёй вітаецца — мала случчан, якія не ведалі б яе (асабліва шмат знаёмых з часоў работы ў 8-й школе, адной з самых вялікіх у горадзе). Да Людмілы звяртаюцца з просьбамі і сябры, і калегі, і дзеці. І ўсім яна дапаможа, усім параіць, усіх выручыць. Адзіны недахоп, які ёсць у Людмілы, — яна хоць і турыстка, але не ўмее збіраць рукзак. Калі пачне гэта рабіць, дык палова рэчаў не змяшчаецца. Таму ўсё жыццё нашы рукзакі пакую я. Затое каля вогнішча няма лепшага кухара. Нават яе грэцкая каша з тушонкай мае адметны смак. Ніколі ў жыцці я не еў і смачнейшага супу, чым жончын.
Акрамя таго, у Людмілы Віктараўны ёсць паэтычны талент. Свае вершы яна піша найчасцей у паходах. Іх у яе на некалькі зборнікаў. Напрыклад, вандруючы па Міншчыне, напісала асобны верш пра кожны з 22 раённых цэнтраў рэгіёна. У планах Людмілы Вечар — напісаць вершаваны дадатак па геаграфіі для школьнікаў. Некаторыя яе вершы пакладзены на музыку. У прыватнасці, нядаўна, калі ў Слуцку адзначалі Міжнародны дзень турызму, свята пачыналася з песні на словы Людмілы Вечар.
А яшчэ ў маёй суразмоўніцы ёсць адна цікавая і карысная звычка.
— Ужо 34 гады запар я абліваюся халоднай вадой па сістэме Іванова. Ніводнага дня не прапускала. І зімой, і летам у гадзін пяць раніцы выходжу з пад’езда з двума вёдрамі халоднай вады. Адно выліваю на грудзі, другое — на галаву, — дзеліцца Людміла Вечар. — А пачалося ўсё, калі я моцна захварэла. Тады была яшчэ маладая, з трыма маленькімі дзецьмі. Суседка параіла мне абліванні. Я адважылася, бо разумела: трэба жыць, і тут прыдатныя ўсе спосабы. Праўда, падняць тады нават паўвядра вады не магла. Таму на першым часе выносіць ваду і аблівацца мне дапамагаў муж.
Але дзіўна нават не гэта. Пры яе рытме жыцця, насычанага паходамі, канферэнцыямі, алімпіядамі, курсамі павышэння кваліфікацыі, суразмоўніца, каб не прапускаць абліванні, усюды ездзіць… са сваімі вёдрамі. Лёгенькія складныя вёдры, якія змяшчаюцца ў яе любімы рукзачок, Людміле Віктараўне падарыла дачка (дарэчы, таксама настаўніца). Магчыма, у гэтым і хаваецца сакрэт няўрымслівай энергіі маёй суразмоўніцы, яе выдатнага настрою і маладосці ў вачах.
Людміла і Леанід Вечар шмат гадоў запар на сваіх уроках і занятках па турызме і краязнаўстве расказваюць дзецям пра самыя цікавыя мясціны на нашай планеце, прывіваюць ім любоў да паходаў і падарожжаў. І гэта мае плён. Так, вучань Людмілы Віктараўны Арцём Ушакоў двойчы быў пераможцам абласной алімпіяды па геаграфіі, а сёлета дзевяцікласнік Алесь Гладзевіч стаў пераможцам і рэспубліканскага этапу. З нядаўняга часу Леанід Яўгенавіч на заслужаным адпачынку, але працягвае геаграфічны экскурс для навучэнцаў і гасцей кадэцкага вучылішча праз… сваю выставу прасаў розных краін і гістарычных эпох. Іх ужо амаль 600, і пад іх ва ўстанове адведзены цэлы кабінет. Пра гэта чытайце ў адным з найбліжэйшых нумароў “Настаўніцкай газеты”.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара





