Па такім пранцыпе будуюць выхаваўчую работу ў Валеўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Навагрудскага раёна.
На вопыце работы Валеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы сканцэнтравалі ўвагу ўдзельнікі пасяджэння школы ўдасканалення прафесійнага майстэрства намеснікаў дырэктара па выхаваўчай рабоце ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Навагрудскага раёна, абмяркоўваючы пытанне павышэння сацыяльнай актыўнасці навучэнцаў.
Дырэктар Валеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Таццяна Мілаш расказала, як у сельскай школе не толькі берагуць традыцыі, закладзеныя педагогамі і вучнямі мінулых пакаленняў, але і прымнажаюць іх.
З 1955 года ва ўстанове функцыянуе гісторыка-краязнаўчы музей, які носіць званне народнага. У працяг традыцый пры музеі быў створаны клуб “Белая Русь”, якім кіруе Н.К.Санько. У мінулым годзе яна трансліравала свой вопыт работы ў рамках старту 56-га “Зорнага паходу”. Любая ініцыятыва ва ўстанове адукацыі пачынаецца з выхаванцаў дашкольных груп, не выключэнне і грамадзянска-патрыятычны кірунак. І ў маленькіх выхаванцаў ёсць свае поспехі. Так, у мінулым годзе вакальны калектыў групы № 2 стаў пераможцам раённага конкурсу “Запалі сваю зорку”. Адно з дасягненняў школьнікаў — стварэнне даведніка экскурсійных маршрутаў “Дарогамі ведаў”, які стаў пераможцам раённага конкурсу экскурсійных маршрутаў малой радзімы.
Традыцыі экалагічнага выхавання былі закладзены яшчэ ў 1961 годзе, калі на тэрыторыі ўстановы адукацыі з’явіўся парк-дэндрарый, у якім высаджана каля 70 відаў дрэў. На працягу двух апошніх гадоў на яго базе абсталяваны інтэрактыўныя пляцоўкі, у тым ліку лясная аптэка, дзе высаджана больш за 50 відаў лекавых раслін.
— Парк-дэндрарый сёння з’яўляецца доследнай пляцоўкай для арганізацыі шматвектарнай дзейнасці навучэнцаў, членаў школьнага лясніцтва — аднаго з найстарэйшых у рэспубліцы, якое цесна супрацоўнічае са Свіцязянскім лясніцтвам, штогод удзельнічае ў пасадцы лесу, акцыі “Чысты лес”. Клуб захавальнікаў прыродных ландшафтаў мае свой сайт. За апошні час ва ўстанове адукацыі праведзена велізарная работа па рэалізацыі рэспубліканскага праекта, вынікам якой стала прысваенне нам статусу “Зялёная школа”. Новым напрамкам экалагічнага выхавання сталі ўдзел у акцыі “Адновім парк разам” і закладка алеі сямейных дрэў, — расказала Таццяна Мілаш.
Экалагічны кірунак выхаваўчай работы сёння паспяхова рэалізуецца праз дзейнасць студыі “Экалагічнае свіцязянскае тэлебачанне”, відэарэпартаж якой адзначаны дыпломам І ступені абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу відэарэпартажаў “Хвіліна для будучыні”. У летні час працуе профільны аздараўленчы лагер “ЭСТ”, які па выніках абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер стаў пераможцам у дзвюх намінацыях: “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку “Зробім лета ярчэйшым” і “Лета анлайн”.
Духоўна-маральнае выхаванне ў Валеўскай школе бярэ свой пачатак з такой традыцыі, як супрацоўніцтва з праваслаўнай царквой. Работу ў гэтым кірунку тут будуюць у рамках рэалізацыі лакальнага праекта “Ад зямнога да нябеснага”, аўтар якога — настаўніца Т.М.Сурага. Мерапрыемствы праекта паслужылі стымулам для ўдзелу школьнага валанцёрскага атрада “Данка” ў рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Аднаўленне святынь Беларусі. Нас аб’ядноўваюць гісторыя і вера”. Наогул, валанцёрскі рух набірае папулярнасць сярод навучэнцаў школы, моладзь расце актыўнай, ініцыятыўнай і неабыякавай.
Важнае значэнне ў школе надаюць і супрацоўніцтву з сям’ёй, пачынаючы з узроўню дашкольнай адукацыі. У бягучым навучальным годзе гэтаму пытанню было прысвечана пасяджэнне тэматычнага педагагічнага савета, у рамках якога прынята рашэнне аб правядзенні кожную чвэрць у рамках шостага школьнага дня дзён сямейнай творчасці.
— Поспех, напэўна, крыецца ў тым, каб не стаяць на месцы, а знаходзіць і ўкараняць у адукацыйны працэс новыя віды дзейнасці, якія будуць цікавыя менавіта навучэнцам, — падкрэсліла Таццяна Мілаш. — Выхаванне пачынаецца з акружэння, у якім знаходзіцца дзіця. І школа павінна быць не толькі дзелавым цэнтрам для яго, але і зонай камфорту, псіхалагічнай разгрузкі і раскрыцця творчых здольнасцей. Педагагічны калектыў нашай школы імкнецца да таго, каб у будучыні бачыць нашых дзяцей здаровымі, шчаслівымі, паспяховымі, высокамаральнымі людзьмі. Мы стараемся даць кожнаму без выключэння дзіцяці яшчэ адзін, другі, трэці шанс у яго індывідуальным развіцці.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.