Любіць сваю справу, імкнуцца да самаразвіцця, быць шчырай і адкрытай з дзецьмі. Такімі прафесійнымі прынцыпамі кіруецца настаўніца беларускай мовы і літаратуры Міхееўскай сярэдняй школы Дрыбінскага раёна Наталля Шаўчэнка. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Педагагічнай дарогай Наталля Леанідаўна ідзе амаль тры дзесяцігоддзі. Увесь гэты працяглы перыяд яна далучае да беларускасці школьнікаў з Міхееўкі і навакольных вёсак.
— Маладой настаўніцай прыехала на малую радзіму, ва ўстанову, якую сама скончыла. Так і працую на роднай зямлі, іншага шляху для сябе не шукала, — паведаміла Наталля Шаўчэнка.
За гады выкладання Наталля Леанідаўна выпрацавала ўласную формулу паспяховага навучання. Яна ўпэўнена: лепшая матывацыя да вучобы для дзяцей — цікавыя, займальныя ўрокі, а таксама неабыякавасць і заўзятасць настаўніка.
— Сапраўды люблю сваю работу, штодзень заходжу ў клас з усмешкай. Стараюся быць шчырай з дзецьмі, улічваю іх схільнасці і індывідуальныя асаблівасці. Ніколі не працую па шаблоне, заўсёды прымяняю ў структуры ўрокаў нешта новае, каб зрабіць заняткі не падобнымі паміж сабой, — расказала Наталля Шаўчэнка.
У аснове ўрокаў Наталлі Леанідаўны інфармацыйна-камунікацыйныя, гульнявыя тэхналогіі, інтэрактыўныя методыкі. Вялікую ўвагу настаўніца ўдзяляе адукацыйнаму асяроддзю. Яна самастойна аформіла шэраг стэндаў у вучэбным кабінеце, стварыла мноства відэаролікаў, прэзентацый, гульняў амаль па ўсіх раздзелах праграмы па беларускай мове і літаратуры.
— Імкнуся да таго, каб навучыць дзяцей гаварыць і думаць па-беларуску. У гэтым дапамагае выкарыстанне тэкстацэнтрычнага падыходу. Сутнасць методыкі заключаецца ў гарманічным спалучэнні гаворкі і мыслення. Падаючы тэксты, не абмяжоўваюся сухім наборам фактаў і правіл, а прапаную навучэнцам убачыць апісаныя падзеі, пачуць гукі, адчуць эмоцыі. Засваенне граматычных норм арганізую не праз пасіўнае выкананне заданняў, а праз палілогі, дыскусіі, ролевыя гульні, праекты. Такім чынам у вучняў фарміруюцца камунікатыўныя навыкі, кругагляд, функцыянальная і чытацкая адукаванасць, — адзначыла Наталля Шаўчэнка.
Яшчэ адзін прыярытэтны напрамак работы Наталлі Леанідаўны — выкарыстанне краязнаўчага кампанента. На яе думку, спадчына роднага краю валодае неабсяжнымі адукацыйнымі магчымасцямі.
— Кожны раён нашай краіны нечым характэрны. Дрыбіншчына мае багатую самабытную культуру. Было б недаравальнай памылкай не скарыстаць гэта ў навучанні і выхаванні, — сказала Наталля Шаўчэнка.
Краязнаўчым звесткам настаўніца знаходзіць прымяненне на ўроках ва ўсіх класах па ўсіх тэмах школьнага курса. Напрыклад, вывучэнне агульных і ўласных назоўнікаў вучні ажыццяўляюць са слоўнікам тапонімаў і мікратапонімаў Міхееўскага сельскага Савета. А правапіс прыставак вучаць па апавяданнях пра апісанне гісторыі шапавальскага рамяства ў Дрыбінскім раёне.
— Пры вывучэнні нарыса У.Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі” адпраўляемся разам з дзецьмі на экскурсію па этнаграфічнай экспазіцыі школьнага музея. Музейныя экспанаты выкарыстоўваю таксама на ўроках літаратуры пры вывучэнні твораў аб Вялікай Айчыннай вайне. Акрамя таго, краязнаўчы матэрыял бяру за аснову вучэбных медыяпрэзентацый. Так, даволі складаную тэму “Працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам” навучэнцы засвойвалі праз відэаролік пра раённае свята “Дажынкі”. Прагляд фільма ператварыў звычайныя лінгвістычныя заданні ў практыка-арыентаваныя, паспрыяў выхаванню ў дзяцей павагі да хлебаробаў. Дарэчы, на мясцовым матэрыяле нярэдка ствараю ўласныя вершы і апавяданні для практыкаванняў, эпіграфаў або фізкультхвілінак, — патлумачыла Наталля Леанідаўна.
Адметна, што са сваімі вучнямі Наталля Шаўчэнка сустракаецца не толькі на занятках, а і ў пазаўрочны час. Разам яны ладзяць круглыя сталы, імпрэзы, выставы, конкурсы і іншыя мерапрыемствы, прысвечаныя народным традыцыям, творчасці беларускіх класікаў.
— Папулярызацыя матчынай мовы садзейнічае развіццю патрыятычных пачуццяў, аказвае істотнае ўздзеянне на станаўленне асобы навучэнцаў. Нездарма вядомая прыказка гаворыць: “Чаму навучыліся ў гняздзе, тое і будзе ў палёце”, — падкрэсліла Наталля Леанідаўна.
Важны кірунак у педагагічнай дзейнасці Наталлі Шаўчэнка займае работа з адоранымі вучнямі. У неардынарнай настаўніцы добра выходзіць раскрываць дзіцячыя таленты. Навучэнцы пастаянна выходзяць у пераможцы творчых конкурсаў рэгіянальнага, рэспубліканскага і нават міжнароднага ўзроўню, дэманструюць выдатныя вынікі на цэнтралізаваных экзамене і тэсціраванні.
Плённая праца Наталлі Леанідаўны неаднаразова высока адзначалася. Але нягледзячы на прызнанне і заслугі, яна не спыняецца ва ўдасканаленні майстэрства. Зараз настроена на атрыманне кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”.
— Курырую раённае метадычнае аб’яднанне маладых педагогаў, хочацца перадаваць ім самы перадавы вопыт. Усё самае лепшае хачу ўкладваць і ў вучняў. Вельмі ганаруся тым, што некаторыя навучэнцы, натхніўшыся маім прыкладам, сталі настаўнічаць. З адукацыяй звязала прафесію дачка, гэтай дарогай плануе пайсці і сын. З большасцю выпускнікоў падтрымліваем сувязь. Для мяне ўсё гэта — самае значнае дасягненне, лепшай узнагароды і быць не можа, — запэўніла Наталля Шаўчэнка.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара





