З упорам на практыкаарыентаванасць будуе ўрокі настаўніца біялогіі Настасся Адамчанка

- 14:24Образование

Не толькі сфарміраваць трывалыя веды, але і дапамагчы вучням знайсці жыццёвы шлях. Да гэтага імкнецца на сваіх уроках настаўніца біялогіі гімназіі Быхава Настасся Адамчанка. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— На педагагічную прафесію мяне натхніла бабуля. Яна таксама выкладала біялогію і стала для мяне моцным матывацыйным арыенцірам, — падзялілася Настасся Генадзеўна.

Свае заняткі Настасся Адамчанка будуе з упорам на асобасна арыентаваны падыход. Яна стараецца заўважыць індывідуальнасць кожнага дзіцяці і з усімі знайсці паразуменне.

— Атмасфера ў класе, узаемаадносіны настаўніка і вучняў шмат у чым уплываюць на эфектыўнасць навучання, — пераканана Настасся Генадзеўна.

Яшчэ адным фактарам вучэбнай паспяховасці Настасся Адамчанка лічыць цікавасць дзяцей да прадмета. Яе ўрокі максімальна практыка-арыентаваныя і наглядныя.

— Зрабіць біялогію лёгкай для дзіцячага ўспрымання атрымліваецца праз набліжэнне навукі да рэчаіснасці. Адна справа — агучыць сухую тэорыю па падручніку, а зусім іншая — прывесці даступныя прыклады. Разам з вучнямі выконваем эксперыменты з вырошчваннем раслін, падрабязна разглядаем звычкі і асаб­лівасці жывёл. Інтэрактыўна вывучаем і тэмы, звязаныя з арганізмам чалавека: вымяраем адно аднаму пульс, ціск, тэмпературу, вучымся накладваць шыны, як пры пераломах. Калі звычайныя заняткі ператвараюцца ў практыка-арыентаваныя, біялогія становіцца простай і цікавай. Складаны на першы погляд прадмет захапляе навучэнцаў, — адзначыла Настасся Генадзеўна.

Падчас урокаў настаўніца шырока выкарыстоўвае ІКТ і візуалізацыю. Аб’ёмныя тэарэтычныя звесткі яна даносіць праз аўтарскую інфаграфіку, прэзентацыі, відэаролікі.

— Для лепшага запамінання вучнямі вялікай колькасці паняццяў ужываю мнеманічныя прыёмы, метад трыміно, воблака слоў, кластары, схемы, логіка-сэнсавыя ланцужкі, — паведаміла Настасся Адамчанка.

У ліку прыярытэтаў Настассі Гена­дзеўны — падтрымка адораных навучэнцаў. Здольных хлопчыкаў і дзяўчынак настаўніца далучае да алімпіяднага руху, навукова-даследчай дзейнасці.

— Сумесна з дзецьмі распрацоўваем праекты практычнага характару. Выявілі, з якіх кветак пчолы даюць самы смачны мёд, якую агратэхніку варта прымяняць для павышэння ўра­джайнасці пры вырошчванні гарбузоў, склалі турыстычны маршрут па славутасцях Быхаўскага раёна. Усе даследчыя работы былі адзначаны шэрагам пераможных дыпломаў, у тым ліку рэспубліканскага ўзроўню, — расказала настаўніца.

Вялікую ўвагу Н.Г.Адамчанка ўдзя­ляе выхаванню вучняў. Для яе важна прывіць дзецям экалагічную культуру, навучыць іх клапаціцца пра навакольнае асяроддзе і сваё здароўе, сфарміраваць маральныя якасці. Асаблівае значэнне настаўніца надае прафарыентацыі навучэнцаў.

— Мне неабыякавы лёс дзяцей. Хочацца, каб яны знайшлі сваё месца ў грамадстве. Таму ўсяляк падтрымліваю тых, хто выбірае біялогію за аснову будучай прафесіі. Вяду факультатыў па падрыхтоўцы да цэнтралізаваных экзамену і тэсціравання. Калі патрэбна, займаюся з вучнямі дадаткова, — заўважыла педагог. — Працуем шмат і карпатліва, таму і паказчыкі адпаведныя: на ЦЭ і ЦТ навучэнцы набіраюць высокія балы. Сёлета быў нават стабальны сертыфікат. Але самае галоўнае, што ажыццяўляюцца вучнёўскія мары. Не страчваю сувязі з выпускнікамі. Прыемна назіраць за тым, як яны становяцца ўрачамі, ветэрынарамі, педагогамі.

Настасся Генадзеўна мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю і званне “Лепшы па прафесіі”, за плённую працу неаднойчы ўзнагароджвалася ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі і мясцовых выканаўчых улад. У планах настаўніцы — працягваць развіццё ў прафесіі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара