Манументальную кампазіцыю “Маршал Баграмян і Беларусь” адкрылі ў сярэдняй школе № 46 Віцебска, якая носіць імя двойчы Героя Савецкага Саюза.
Падзея адбылася ў рамках свята мікрараёна з удзелам Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Арменія ў Рэспубліцы Беларусь Разміка Хумарана, старшынь Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Цярэнцьева і Віцебскага гарвыканкама Мікалая Арлова, кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна Яўгена Сямёнычава. 26 чэрвеня Віцебск адзначае 78-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Глыбока сімвалічна, што ўрачыстасць адбылася ў набліжэнні памятнай даты, бо за перамогу поруч гераічна змагаліся прадстаўнікі розных народаў.
У баях за вызваленне Беларусі змагаліся больш за 50 тысяч армян.
— Мы разам адкрываем мемарыяльную кампазіцыю ў гонар аднаго з вялікіх сыноў армянскага народа Івана Хрыстафоравіча Баграмяна, чыё імя, непарыўна звязанае з Беларуссю, горда носіць гэтая школа, — адзначыў Размік Хумаран. — Менавіта пад яго кіраўніцтвам у снежні 1943 года 1-ы Прыбалтыйскі фронт ажыццявіў Гарадоцкую наступальную аперацыю, у выніку якой было вызвалена больш за 1,2 тысячы населеных пунктаў і забяспечана далейшае паспяховае наступленне на віцебскім напрамку. Падчас аперацыі “Баграціён” войскі пад камандаваннем Баграмяна вызвалілі звыш 17,8 тысячы населеных пунктаў, у тым ліку Віцебск, Полацк, Глыбокае, Браслаў. Маршал выдатна ўсведамляў незайздросны лёс, што чакаў бы яго родную Арменію і армянскі народ, як і ўсе іншыя савецкія народы, у выпадку перамогі гітлераўскіх захопнікаў і чалавеканенавісніцкай фашысцкай ідэалогіі расавай перавагі. Іван Хрыстафоравіч пранікся пачуццём любові і прыхільнасці да беларускай зямлі і яе людзей, пацвярджэннем чаго могуць служыць шматлікія ўспаміны сучаснікаў, задакументаваныя матэрыялы. Радуе, што на Віцебшчыне памятаюць каласальны ўклад маршала ў выратаванне беларускага народа ад фашысцкага рабаўніцтва і знішчэння. Так, у Гарадку адкрыты бюст Баграмяну, яго імя прысвоена сярэдняй школе № 1 раённага цэнтра, а таксама школе № 46 Віцебска. На фасадзе гэтай установы адукацыі размешчана графіці з партрэтам маршала, яго імя носіць музей. Цяпер кожнага на ўваходзе ў школу будзе сустракаць кампазіцыя, якая звернута асабіста да яго і нагадвае аб нашай агульнай слаўнай гісторыі. Устанаўленне кампазіцыі ў Год гістарычнай памяці набывае асаблівую значнасць, служыць напамінам пра тых, хто каваў нашу агульную перамогу.
Выдатным падарункам да свята мікрараёна сталі творчыя нумары ў выкананні армянскага фальклорнага ансамбля “Эрэбуні”, салісткі Віцебскай абласной філармоніі Джуліеты Тарахчан, самадзейных калектываў. На ваенна-патрыятычнай пляцоўцы “Нашчадкі Перамогі” прайшлі паказальныя выступленні клуба “Віцязь”, прэзентацыя работы музеяў устаноў адукацыі раёна і раённага Цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі.
Аўтарамі кампазіцыі з’яўляюцца скульптар Рыпсімэ Геваркян і архітэктар Армен Сардараў. Яна складаецца з двух круглых барэльефаў, выкананых у старажытнай армянскай традыцыі разьбы па камені. Матэрыялам выбраны фельзіт, спецыяльна прывезены з Арменіі. Кампазіцыйную аснову першай пліты складаюць атрад байцоў у дынамічным руху і ваенная тэхніка. Вобразы і характары салдат індывідуалізаваны, пластычны акцэнт скульптурнай выяве надае пяціканцовая зорка па цэнтры. Па абодва бакі ад яе пералічаны назвы найбольш важных вызваленчых аперацый на тэрыторыі Беларусі ў 1943—1944 гадах пад камандаваннем Баграмяна. Другі барэльеф выкананы ў традыцыях армянскага мастацтва.
Ганаровыя госці наведалі музей школы і ўсклалі кветкі да мемарыяльнай дошкі, устаноўленай на доме № 103 па Маскоўскім праспекце на скрыжаванні з вуліцай Баграмяна.
Прадстаўленыя на пярэднім плане арлы адлюстроўваюць воінскую доблесць і мужнасць. За птушкамі велічна ўзвышаецца гара Арарат — сімвал усяго армянства. Арнаментальная лісцевая разетка ў верхняй частцы кампазіцыі і квітнеючае дрэва ў ніжняй сімвалізуюць жыццё, дабро і бессмяротнасць. Тут жа прыводзіцца выказванне Баграмяна: “Вопыт гісторыі сведчыць, што шлях да перамогі цярністы, і з гонарам пераадольваюць яго толькі тыя, каго акрыляюць пачуццё патрыятызму і высакароднасць мэты”.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.