Заўважны сярод многіх

- 11:37Кампетэнтна

БДУ ўвайшоў у 1% лепшых універсітэтаў свету

Нядаўна апублікавалі вынікі аўтарытэтнага рэйтынга ўніверсітэтаў QS World University Rankings. У сёлетняй версіі БДУ заняў 295- е месца і ўвайшоў у 1% лепшых універсітэтаў свету!

Гэта самы выбітны вынік БДУ за ўсю гісторыю ўдзелу ў сусветным рэйтынгу QS. У 2018 годзе ўніверсітэт быў ранжыраваны 354-м, у 2019 годзе — 351-м, летась — 317- м. І вось, нарэшце, падняўшыся ўверх на 22 пазіцыі, БДУ змог увайсці ў топ-300 (усяго ў свеце налічваецца каля 30 тысяч універсітэтаў).

Глабальны рэйтынг QS з’яўляецца самай папулярнай у свеце крыніцай інфармацыі пра ўніверсітэты. Яго крытэрыямі выступаюць колькасныя даныя аб установах адукацыі: цытаванне навуковых работ, колькасць замежных выкладчыкаў і студэнтаў, вынікі апытанняў вучоных і работадаўцаў і інш. Як паведамілі ў прэс-службе БДУ, станоўчая дынаміка пазіцыі ўніверсітэта абумоўлена паляпшэннем яго рэпутацыі сярод экспертаў, а таксама павелічэннем колькасці замежных студэнтаў. Сёлета ў БДУ вучацца 4,3 тысячы замежнікаў (у 2019 годзе было 2,5 тысячы, летась — 3,5 тысячы). Паводле апытання работадаўцаў, сярод усіх ранжыраваных універсітэтаў БДУ займае ў рэйтынгу QS 237-е месца (летась — 268-е).

Высокае месца гаворыць аб прэстыжнасці ўніверсітэта і яго прызнанні на міжнароднай адукацыйнай арэне. Часта яно ўплывае на выбар замежных грамадзян пры вызначэнні месца вучобы, а таксама спрашчае працэдуру прызнання дыпломаў у свеце.

З іншых беларускіх універсітэтаў у QS прадстаўлены БНТУ (у групе 751—800) і БДУІР (1001—1200). БДУ таксама апярэдзіў універсітэты Літвы, Латвіі, Польшчы і Украіны. Так, Варшаўскі ўніверсітэт размясціўся на 308-м месцы, Віленскі ўніверсітэт — на 400-м, Харкаўскі нацыянальны ўніверсітэт імя В.Н.Каразіна прадстаўлены ў групе 511—520.

Сярод расійскіх устаноў лідарамі застаюцца МДУ імя М.В.Ламаносава (78), Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт (242) і Новасібірскі дзяржаўны ўніверсітэт (246). А ўзначальваюць рэйтынг QS амерыканскія ўстановы: у першай тройцы размясціліся Масачусецкі тэхналагічны інстытут, Універсітэт Оксфарда і Стэнфардскі ўніверсітэт.

Рэйтынг QS разам з Шанхайскім і THE ўваходзіць у “вялікую тройку” самых аўтарытэтных універсітэцкіх рэйтынгаў свету. Высокае месца БДУ ў ім — гэта сведчанне выдатнай рэпутацыі. Трапіць у 1% лепшых універсітэтаў свету — значыць быць пазнавальным на нацыянальным і міжнародным рынках, пашыраць супрацоўніцтва з кампаніямі і партнёрамі па вышэйшай адукацыі, прыцягваць новых студэнтаў з замежжа і мець іншыя перавагі, абумоўленыя добрай бачнасцю ў свеце.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота з лічбавага архіва БДУ.