Лета для метадычнай службы раёна — час актыўнай падрыхтоўкі да новага навучальнага года. Пра нюансы сваёй дзейнасці карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала загадчыца Ганцавіцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Ала Кісялевіч.

І работа, і адпачынак
— Безумоўна, хацелася б сказаць, што лета для метадыстаў — час адпачынку, але на самай справе гэта не так. Па-першае, на працягу летніх канікул у раёне арганізавана работа аздараўленчых лагераў, арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне работы якіх ажыццяўляе наш метадыст Наталля Табола. Усяго запланавана аздаравіць каля 1000 дзяцей і падлеткаў раёна.
Па-другое, у раёне праводзіцца летняя спартакіяда школьнікаў на базе ўстаноў адукацыі. Яе арганізацыю курыруе метадыст Алена Муха.
Таксама да 1 верасня ўсе ўстановы адукацыі павінны быць забяспечаны падручнікамі, вучэбнымі дапаможнікамі, вучэбна-метадычнай літаратурай. Гэты працэс знаходзіцца пад асаблівай увагай метадыста Святланы Дабрынец.
Лета для нас — гэта час аналізу работы за мінулы год, вывучэння новых нарматыўных актаў, планавання і правядзення інструктыўна-метадычных нарад і жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі.
— Ала Іванаўна, раскажыце, калі ласка, пра вынікі работы ВМК у мінулым навучальным годзе. За якія праведзеныя мерапрыемствы вы адчуваеце асаблівую гордасць?
— Лічу, што з пастаўленымі задачамі ў мінулым навучальным годзе мы справіліся. У нас паспяхова дзейнічаюць раённыя вучэбна-метадычныя аб’яднанні, у якіх задзейнічана большасць педагогаў, створаны творчыя групы настаўнікаў. Мы працавалі над адзінай метадычнай тэмай па развіцці функцыянальнай адукаванасці школьнікаў.
Што тычыцца выніковых мерапрыемстваў, то іх сумесна са спецыялістамі аддзела па адукацыі праведзена вялікая колькасць. Адзін з самых яркіх праектаў — “Ад якасці адукацыі — да якасці жыцця”. Ён накіраваны на выяўленне і дэманстрацыю адметных рыс устаноў адукацыі раёна. Так, сярэдняя школа № 2 Ганцавіч прадэманстравала асноўныя прынцыпы і падыходы ў рабоце па арганізацыі школьнага харчавання і фарміраванні культуры харчовых паводзін навучэнцаў. Магчымасці арганізацыі профільнага навучання раскрыла сярэдняя школа № 3 Ганцавіч. Люсінская сярэдняя школа імя Якуба Коласа прадставіла дзейнасць школьнага музея як рэсурсу духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў. Адаптыўнае прадметна-развіццёвае асяроддзе для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця прадэманстраваў ЦКРНіР Ганцавіцкага раёна.
Вясной цікава і прадукцыйна прайшоў кірмаш мэтавай падрыхтоўкі, які з’яўляецца дзейснай формай прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі. Мерапрыемствы, што праводзяцца ў раёне, адлюстроўваюцца на сайце, у Telegram-канале. Але ёсць і такая работа, якую не перадаць праз фота і відэа, тым не менш яна вельмі значная. Наш метадыст Алена Муха была кіраўніком рабочай групы па экспертызе праекта вучэбнай праграмы па рускай мове для 2 класа з беларускай мовай навучання. Метадыст Таццяна Радзюк з’яўляецца рэцэнзентам зборніка адукацыйных праектаў для ўстаноў дашкольнай адукацыі “Навучанне з захапленнем”.
Асобна хачу спыніцца на алімпіядным руху. У нашым раёне склалася пэўная сістэма работы ў гэтым напрамку: алімпіяды па матэматыцы і мовах праводзяцца пачынаючы з 3 класа. Штогод восенню мы арганізоўваем раённы конкурс даследчых работ “З навукай у будучыню”. Фармат яго правядзення некалькі разоў мяняўся. Мы рады, калі нашы дзеці становяцца пераможцамі і прызёрамі абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.
У мінулым годзе ў раёне было 5 пераможцаў трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, 4 дыпломы заваяваны на абласной канферэнцыі даследчых работ. Мы ганарымся нашымі вучнямі, якія набралі 100 балаў на ЦЭ, і іх педагогамі. 7 стабальных вынікаў на 174 выпускнікі — сур’ёзнае дасягненне.
Практычны запыт
— А якія формы метадычнай работы сёння найбольш запатрабаваны сярод педагогаў?
— Найбольш запатрабавана ўсё, што звязана з практычнымі заняткамі: семінары-практыкумы, майстар-класы, калі ўдзельнікі прыцягваюцца да сумеснай дзейнасці, разам вырашаюць задачы, ствараюць пэўны метадычны прадукт. З цікавасцю наведваюць педагогі раёна майстар-класы настаўніка фізікі Хатыніцкай сярэдняй школы Дзмітрыя Бондара па ўдасканаленні і развіцці канструктарска-даследчых навыкаў навучэнцаў, настаўніцы фізікі і інфарматыкі гімназіі Таццяны Гурман па адукацыйнай робататэхніцы, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Чудзінскай сярэдняй школы Іны Валадзько па выкарыстанні сучасных сродкаў візуалізацыі. Непадроблены інтарэс выклікаюць у педагогаў майстар-класы настаўнікаў-дэфектолагаў дзіцячага сада № 7 Ганцавіч Святланы Ціхан і Таццяны Занька па выкарыстанні кругоў Эйлера ў развіцці маўленча-мысліцельнай дзейнасці ў дзяцей з агульным недаразвіццём маўлення, настаўніцы Дзяніскавіцкай сярэдняй школы Таццяны Дзенісені па выкарыстанні пастознай тэхнікі, альбо імпаста, па прадмеце “Мастацтва”.
Мы актыўна практыкуем і адкрытыя заняткі, бо адкрыты ўрок стымулюе педагога і многаму можа навучыць. Гэта вельмі адказна і хвалююча для настаўніка, але сапраўды неабходна: і на іншых паглядзець, і сябе паказаць — не баяцца выйсці на публіку, зрабіць памылку, бо не памыляецца той, хто нічога не робіць. Мы праводзім у раёне тыдні прафесійнага майстэрства, дзе педагогі дэманструюць свае лепшыя напрацоўкі.
— Ала Іванаўна, у якой дапамозе адчуваюць патрэбу настаўнікі?
— Тут усё індывідуальна. Хаця асноўная маса педагогаў раёна — гэта вопытныя настаўнікі з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй, аднак ёсць пытанні, якія патрабуюць глыбокага вывучэння: нарматыўная база, кантроль і ацэнка вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў, прымяненне норм ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці.
Маладыя педагогі прыходзяць да нас штогод. У сярэднім па 10 чалавек. Мы імкнёмся стварыць для іх спрыяльныя ўмовы. Ва ўстанове за кожным маладым спецыялістам замацоўваецца вопытны настаўнік. У раёне дзейнічае школа маладога настаўніка, работу якой курыруе Святлана Дабрынец. У цеснай сувязі з пачынаючымі настаўнікамі працуюць і метадысты па канкрэтных прадметах ці напрамках. Яны наведваюць урокі маладых спецыялістаў. Прычым не з мэтай пакрытыкаваць, знайсці пэўныя недахопы, а каб падказаць, даць параду, накіраваць у патрэбнае рэчышча.
Для пачынаючых настаўнікаў у нас праводзіцца конкурс “Малады педагог”. На жаль, з-за невялікай колькасці маладых спецыялістаў правесці паўнацэнны конкурс цяжка, таму свае напрацоўкі моладзь дэманструе ў межах раённых метадаб’яднанняў. Замацавальнасць маладых педагогаў у раёне складае каля 70 працэнтаў.
У найбліжэйшы час нам будуць патрэбны настаўнікі фізікі і матэматыкі, тэхнічнай працы, рускай мовы і літаратуры.
Ускладваем надзеі на педагагічныя групы, якія адкрыты ў сярэдняй школе № 3 Ганцавіч, Раздзялавіцкай сярэдняй школе. А сёлета педкласаўцаў выпусціла Малькавіцкая сярэдняя школа. Нашы вучні бяруць мэтавыя накіраванні. Мы працуем над тым, каб вырасціць сабе змену. Будзем спадзявацца, што нашы выпускнікі будуць вяртацца ў родны раён.
З належнай падтрымкай
— Рэалізацыя ва ўстановах адукацыі разнастайных праектаў — творчых, інавацыйных, эксперыментальных — садзейнічае прафесійнаму росту настаўнікаў. Над якімі праектамі працуюць педагогі ва ўстановах адукацыі?
— Практыка яскрава сведчыць, што ўдзел у разнастайных праектах дае магчымасць педагогам павысіць свой прафесійны ўзровень. З 2021 па 2024 год у гімназіі рэалізоўваўся інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання чытацкай адукаванасці навучэнцаў ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Гэтая тэма цікавая і актуальная, бо чытацкая адукаванасць — адзін з важных навыкаў, які павінен сфарміравацца ў чалавека. Тым больш што ў новым навучальным годзе плануецца правядзенне рэпетыцыі нацыянальнага даследавання якасці адукацыі.
Люсінская сярэдняя школа імя Якуба Коласа ўдзельнічае ў рэалізацыі адукацыйнага праекта “Зялёныя школы” (настаўніца хіміі Вольга Жалезная). У дзіцячым садзе № 7 Ганцавіч рэалізуецца экалагічны праект “Дашкольнае лясніцтва як эфектыўная форма выхавання ў дзяцей дашкольнага ўзросту асноў экалагічнай культуры” .
Адна з задач новага навучальнага года, над якой мы будзем працаваць, — уключэнне ў новы інавацыйны праект.
— Што яшчэ ў планах на новы навучальны год?
— 2025/2026 навучальны год — час правядзення галоўнага для педагогаў конкурсу “Настаўнік года”, і мы хочам, каб для нашых настаўнікаў ён стаў выніковым. У нашым раёне працуюць розныя педагогі. Хтосьці хоча ўдзельнічаць у гэтых спаборніцтвах, але саромеецца сказаць аб гэтым, хтосьці заяўляе пра сябе, але дзесьці недацягвае. Многія педагогі прайшлі праз гэты конкурс. Адны ўдзельнічалі самі, іншыя былі ў камандзе, бо конкурс “Настаўнік года” — гэта работа каманды. Пераможцам конкурсу “Настаўнік года — 2009” стаў Юрый Андрэйчык, у фінал конкурсу ў розныя гады выходзілі Іна Рылка, Дзмітрый Бондар, лаўрэатамі на абласным этапе сталі Наталля Паплаўская, Марына Траяноўская, Таццяна Гурман.
Важна, каб педагогаў, якія хочуць і могуць удзельнічаць у конкурсе, бачылі адміністрацыя, калегі і дзесьці ў пэўны момант іх падштурхнулі. З размоў з настаўнікамі высвятляецца, што яны не баяцца адкрытых урокаў, абагульнення вопыту, аднак публічнае выступленне на сцэне ў многіх выклікае цяжкасці.
Патэнцыял у нашых педагогаў ёсць. Крэатыўна і творча працуюць Ларыса Віннік (сярэдняя школа № 2), Таццяна Дзенісеня, Настасся Шэмет (гімназія), Ірына Віктаровіч (сярэдняя школа № 3), Аляксандра Рабкавец (Раздзялавіцкая сярэдняя школа), Ганна Мельнік (Малькавіцкая сярэдняя школа) і інш.
Падрыхтоўка да конкурсу будзе эфектыўнай, калі створана каманда ў звязцы “школа — ВМК — аддзел па адукацыі”, а таксама камфортная псіхалагічная атмасфера для педагогаў, каб яны тварылі, раскрываліся, каб у іх вырасталі крылы. Вельмі важна настаўніку адчуваць падтрымку як з боку адміністрацыі і калектыву, так і з боку сям’і. Калі такая падтрымка будзе — будзе і вынік.
***
Пад кіраўніцтвам Алы Кісялевіч у Ганцавіцкім раённым ВМК працуюць 7 метадыстаў. Святлана Дабрынец курыруе школу маладога настаўніка, работу школьных бібліятэк, Юлія Кісялевіч — працэсы інфарматызацыі, выкладанне прадметаў фізіка-матэматычнага напрамку, Дзіяна Царкевіч — дзейнасць службы СППС. Аздараўленнем дзяцей займаецца Наталля Табола. Таццяна Радзюк курыруе дашкольную адукацыю, Алёна Занька — выхаваўчы напрамак. Работа з настаўнікамі пачатковых класаў, фізічнай культуры і спорту, дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі знаходзіцца пад пастаяннай увагай Алены Мухі.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара





