Выклікаць у вучняў цікавасць да сваіх прадметаў настаўніцы геаграфіі і гісторыі Зенькавіцкай базавай школы імя А.І.Якімовіча Уздзенскага раёна Людміле Тоўстай дапамагаюць краязнаўства і пошукава-даследчая дзейнасць. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Даследчыкі і навукоўцы
Настаўніца сцвярджае, што гэтыя напрамкі не толькі выхоўваюць школьнікаў, але і развіваюць іх асобу, вучаць быць самастойнымі, творчымі і ўпэўненымі ў сабе.
— Любоў да сваёй краіны пачынаецца з любові да малой радзімы, — упэўнена Людміла Мікалаеўна. — Калі навучым дзяцей берагчы свой родны край, яны навучацца гэтак жа з любоўю і беражлівасцю ставіцца да сваёй краіны, да яе прыроды, гісторыі, традыцый і звычаяў продкаў.
Не страціць сваю самабытнасць, індывідуальнасць і пры гэтым захоўваць павагу да культуры іншых народаў — вось адна з галоўных задач у выхаванні.
— Пошукава-даследчая дзейнасць па вывучэнні малой радзімы звязана з адметнасцямі роднага краю, яго гісторыяй, культурай, знакамітымі людзьмі, — дадае настаўніца. — Адпаведная работа дазваляе навучэнцам авалодаць агульнымі спосабамі навуковага пазнання, атрымаць шырокія і глыбокія веды па гісторыі Радзімы, навучыцца аператыўна і крэатыўна выкарыстоўваць атрыманыя веды на ўроках, у пазаўрочнай дзейнасці і ў штодзённым жыцці.
Даследчая дзейнасць у школе — гэта сумесная праца вучняў і настаўнікаў, накіраваная на вызначэнне сутнасці тых з’яў, якія вывучаюцца. Па словах Людмілы Мікалаеўны, важна, каб настаўнік сам валодаў метадамі навуковага даследавання і ведаў, як навучыць школьніка карыстацца імі:
— Педагог павінен не сам выконваць даследаванне, а ўмела накіроўваць работу свайго выхаванца. У працэсе ўзаемадзеяння адбываецца не толькі прамая перадача інфармацыі ад настаўніка да вучня, але і зваротная інфармацыйная сувязь ад вучня-даследчыка да педагога — навуковага кіраўніка.
Пошукам і даследаваннямі Уздзенскага раёна і краіны педагог з вучнямі пачынае займацца на ўроках — у геаграфіі і гісторыі многа тэм, якія дазваляюць гэта зрабіць.
— Аб’ектам краязнаўчага даследавання можа быць як гісторыя горада, раёна ў цэлым, так і асобных населеных пунктаў, вуліц, архітэктурных будынкаў, памятных мясцін, — гаворыць педагог. — Выбар тэм для даследаванняў шырокі — наш Уздзенскі раён мае багатую гісторыю. А метады і формы вывучэння краю разнастайныя, даследчыя. Я ўпэўнена, што толькі зацікаўлены педагог здольны зацікавіць дзяцей.

Выкладаючы гісторыю, геаграфію і мастацтва, Людміла Мікалаеўна стараецца аб’яднаць гэтыя дысцыпліны, каб зрабіць даследаванне больш маштабным і насычаным па змесце.
— Важная роля ў пошукава-даследчай рабоце адводзіцца школьнаму музею імя Алеся Якімовіча, — зазначае настаўніца гісторыі. — Разам з вучнямі мы папаўняем яго фонд, афармляем экспазіцыі, распрацоўваем экскурсіі. Першы кірунак нашых даследаванняў — традыцыі роднага краю. Акрамя гэтага, вывучаем летапіс вёскі Зенькавічы. Адпаведныя даследаванні вядуцца ўжо многа гадоў, дзякуючы чаму музей папаўняецца новымі матэрыяламі, фотаздымкамі і інш.
Некалькі гадоў назад Людміла Мікалаеўна і яе вучні вырашылі пашырыць сваю дзейнасць — аднавілі летапісы школы і яе знакамітых выпускнікоў. Сёння каманда цікаўных гісторыкаў-краязнаўцаў збірае матэрыял пра былых настаўнікаў, вучняў, афармляе альбомы і экспазіцыі.
Сучаснасць і мінулае
Тапанімічныя даследаванні — яшчэ адзін захапляльны напрамак, якім Людміла Тоўстая зацікавіла школьнікаў. Жаданне пазнаваць новае, знаходзіць невядомае ў вядомым паспрыяла таму, што за апошнія гады вынаходнікі сабралі матэрыял пра назвы вёсак Уздзеншчыны і пра водныя аб’екты. Вынікам такой работы сталі зборнікі “Айконімы Уздзенскага раёна: гісторыя і сучаснасць”, “Гідронімы Уздзенскага раёна”.
— Нашы даследаванні ўзнагароджваліся дыпломамі пераможцаў на раённых, абласных, рэспубліканскіх конкурсах, — расказвае Людміла Мікалаеўна. — Знакамітыя мясціны Уздзеншчыны, экскурсійныя маршруты па малой і вялікай Радзіме — яшчэ адзін кірунак нашай работы. Мы ўжо сабралі багаты матэрыял пра цікавыя мясціны раёна і Мінскай вобласці, прынялі ўдзел у конкурсе па стварэнні даведніка “Адукацыйныя маршруты”. А наш даведнік “Ад спадчыны малой радзімы — да спадчыны Беларусі” адзначаны дыпломам ІІІ ступені ў вобласці ў намінацыі “Адукацыйныя маршруты майго раёна”.
У мінулым навучальным годзе школьнікі пад кіраўніцтвам педагога стварылі брашуру “Тут мінулае з сучаснасцю зліліся”. Яе змест — гэта топ-5 адметнасцей малой радзімы — гістарычныя, прыродныя, культурныя звесткі будуць цікавымі не толькі тым, хто ўпершыню прыязджае ў горад і знаёміцца з гісторыяй Узды і раёна, але і яго жыхарам.
Каб распрацоўка была карыснай для вучняў і магла прымяняцца калегамі ў адукацыйным працэсе, Людміла Мікалаеўна пашырыла магчымасці брашуры і стварыла на яе аснове краязнаўчую гульню-віктарыну.
— З гэтай работай мы прынялі ўдзел у раённым, абласным і рэспубліканскім этапах грамадзянска-пытрыятычнага праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, а таксама ў турніры “Пазнай свой край”, — падкрэслівае настаўніца. — Навучэнец школы Сяргей Сарока стаў пераможцам раённага і абласнога этапаў, удзельнікам каманды Мінскай вобласці на рэспубліканскім этапе, дзе краязнаўцы занялі 4-е месца.
Вялікую даследчую работу Людміла Тоўстая арганізавала падчас рэалізацыі школьнага турыстычна-краязнаўчага праекта “Дарогамі Радзімы: блізкімі і далёкімі”. У ходзе экскурсій па розных маршрутах настаўніца разам з вучнямі сабрала матэрыял пра выбітныя мясціны краіны і стварыла зборнік сцэнарных распрацовак “Беларусь — мая краіна міру і дабра”. Як вынік — праект адзначаны дыпломам Міністэрства адукацыі ІІ ступені на ХХ Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці вучнёўскай моладзі.
— Матываваць вучняў на даследаванне, крок за крокам накіроўваць работу і даводзіць яе да лагічнага завяршэння — гэта задача не з лёгкіх, — прызнаецца Людміла Мікалаеўна. — І педагогу, і вучню радасна, калі іх сумесная дзейнасць высока ацэньваецца і адзначаецца ўзнагародамі.
У чым сакрэт такога поспеху? Як не памыліцца з тэмай і захапіць дзяцей сумеснай работай? Для Зенькавіцкай базавай школы імя А.І.Якімовіча заўсёды выніковым з’яўляецца даследаванне тэмы Вялікай Айчыннай вайны, герояў Уздзеншчыны, герояў-землякоў.
— На працягу двух гадоў збіраем матэрыялы пра родных навучэнцаў, якія былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, і афармляем выставу “Героі маёй сям’і” ў межах аднайменнай рэспубліканскай акцыі, — працягвае знаёміць са сваёй работай апантаны педагог. — Сабраны матэрыял можа выкарыстоўвацца ў далейшым падчас многіх урокаў, для правядзення класных гадзін.
Захаваць спадчыну
Усе работы, якія распрацаваны настаўніцай і вучнямі, захоўваюцца ў школьным музеі імя Алеся Якімовіча. Людміла Мікалаеўна акцэнтавала ўвагу на тым, што дзейнасць музея ў тым ліку накіравана на павышэнне эфектыўнасці адукацыйнага працэсу, на развіццё пазнавальнай і творчай актыўнасці навучэнцаў, на фарміраванне ў ix каштоўнасна арыентаваных адносін да культурна-гістарычнай спадчыны і далучэнне да яе.
— Музейная педагогіка і дзейнасць школьнага музея — гэта выдатны інструмент арганізацыі грамадзянска-патрыятычнага выхавання, — адзначае педагог. — Дзейнасць нашага школьнага музея накіравана на тое, каб дапамагчы школьнікам даведацца пра агульначалавечыя каштоўнасці, культурныя і духоўныя традыцыі беларускага народа. Школьны музей заўсёды застанецца захавальнікам памяці. Для большасці нашых вучняў менавіта з яго пачынаецца іх грамадзянскае станаўленне. У ім дзеці ўпершыню пачынаюць асэнсоўваць сваё дачыненне да ўсяго, што адбываецца навокал, а словы “Радзіма”, “родны кут”, “любоў да Айчыны”, “подзвіг”, “патрыятызм” напаўняюцца новым сэнсам.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА


