Заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры аб’яднаў 119 юных мовазнаўцаў

- 15:16Образование

Сто дзевятнаццаць юных мовазнаўцаў аб’яднаў заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Руская мова” і “Руская літаратура”. Месцам сустрэчы інтэлектуалаў стаў Бабруйск, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

На справе прадэманстраваць свае веды ўдзельнікі алімпіяды маглі праз шэраг заданняў. У першым туры яны пісалі водгук на лірычныя творы знакамітых рускіх паэтаў. Адзінаццацікласнікам быў прапанаваны для аналізу верш Андрэя Вазнясенскага “Маці”. Дзесяцікласнікі працавалі з тэкстам “Ціхі шум” Ула­дзіміра Набокава, а вучні 9-х класаў разбіралі твор Мікалая Рубцова “Ноч на радзіме”.

— Тэксты сёлета былі няпрос­тыя. Напрыклад, на першы погляд здаецца, што верш Андрэя Вазнясенскага пра яго маці. Аднак ён паўсюдна пранізаны яшчэ і прыкметамі савецкага часу. Чытачы, якія з’яўляюцца сучаснікамі паэта, іх бачаць. А вось цяперашнім дзецям гэтыя рысы могуць быць не зусім зразумелыя, бо з савецкім перыядам яны знаёмы толькі па гістарычных крыніцах і апавяданнях. Вельмі прыемна, што ўдзель­нікі алімпіяды змаглі разгле­дзець гэтыя моманты і правільна іх інтэрпрэтаваць. Навучэнцы заўважылі і прамы сэнс твора, і яго падтэкст. У сваіх водгуках яны паказалі не проста веданне тэорыі літаратуры і асаблівасцей верша­складання, а і шырокую агульнакультурную эрудыцыю, — паведаміў старшыня журы алімпіяды, начальнік навукова-даследчага цэнтра Нацыянальнага інстытута адукацыі, доктар педагагічных навук, прафесар Васіль
Русецкі.

У другім туры навучэнцы выконвалі комплексную работу, якая ахоплівала ўсе раздзелы школьнага курса рускай мовы. Прысутнічала і літаратурная частка. Усяго было дванаццаць заданняў, і з усімі навучэнцы паспяхова справіліся. Некаторыя вучні нават наблізіліся да максімальнай колькасці магчымых балаў.

Пытанні ўяўлялі сабой лінгвістычныя і літаратуразнаўчыя задачы. Так, у адным з заданняў для 11 класа па літаратуры трэба было па апісанні адгадаць гістарычны персанаж, які звязаны з рускай літаратурай. Для правільнага адказу патрабавалася добрае веданне не проста мастацкага твора, а і кантэксту рускай літаратуры, — адзначыў Васіль Фёдаравіч.

Самім удзельнікам заданні спадабаліся. Па словах вучаніцы 10 класа гімназіі № 2 Бабруйска Ганны Свірскай, было цікава (на фота).

Цяжкасцей заданні не выклікалі. Было і новае, і тое, што ўжо знаёма. Я даўно прымаю ­ўдзел у алімпіядах і зразумела, што галоўнае — старанна рыхтавацца. Вельмі ўдзячна свайму педагогу Вользе Аляксандраўне, з якой мы рыхтуемся да алімпіяд з 5 класа. Дзякуючы яе падтрымцы, у мяне ўсё атрымліваецца, — падзялілася дзяўчына.

Ганна — своеасаблівая зорачка нашай установы. Яна творчая, сама піша вершы, бліскуча праяўляе сябе ў конкурсах. Летась на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды заваявала дыплом ІІІ ступені. Рыхтаваліся карпатліва, мэтанакіравана, і вось зноў заслужаная перамога — дыплом ІІ ступені, — расказала настаўніца гімназіі № 2 Бабруйска Вольга Наркевіч.

Дарэчы, па выніках алімпіяды былі ўручаны 53 прызавыя дыпломы. Абсалютнымі пераможцамі, уладальнікамі першых месцаў, сталі Вікторыя Шадзько з сярэдняй школы № 1 імя П.А.Акуцыёнка г.п.Шуміліна, Ганна Алейнікава з гімназіі № 2 Віцебска, Марыя Таскаева з сярэдняй школы № 1 Круглага, Алеся Астроўская з гімназіі № 16 Мінска, Юлія Сайко і Кацярына Зайцава з Ліцэя ВДУ імя П.М.Машэрава, Ірына Прышчэпава з гімназіі № 3 Магілёва, Таццяна Каляда з сярэдняй школы № 19 Гродна, Ксенія Барэйка з гімназіі № 2 Ваўкавыска, Лізавета Палубок з сярэдняй школы № 24 Брэста і Таццяна Войчанка з сярэдняй школы № 16 Полацка.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота Аляксандра АНТАШКЕВІЧА