Маладая выхавальніца з Паставаў: «Заўсёды прыдумваю нешта новае, не даю дзецям сумаваць — энергіі ў мяне хапае!»

- 14:10Первое рабочее место

Крэатыў маладой выхавальніцы з пастаўскага дзіцячага сада № 5 Алены Крупенінай хутка прынёс ёй папулярнасць сярод бацькоў і дзяцей. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Яна працуе ў інтэграванай групе, дзе 12 дзетак. Раз у месяц выхавальніца выдае малым “зарплату” за добрыя паводзіны, на ціхай гадзіне ўключае на тэлефоне любімыя казкі, а з тымі, хто капрызіць, нават можа разам паплакаць.

— У нас, маладых спецыялістаў, можа, і няшмат вопыту, але ёсць свой козыр, — гаво­рыць Алена Крупеніна, якая працуе ў садзе трэці год. — Па ўзросце я падыходжу да мам нашых выхаванцаў, таму, напэўна, дзеткі мне хутка адкрываюцца, лёгка ідуць на кантакт. І я з ахвотай уключаюся ў іх гульні, заўсёды прыдумваю нешта новае, не даю ім сума­ваць — энергіі ў мяне хапае! Хаця на столькі дзетак яе трэба шмат.

Пачынала Алена Генадзьеўна з першай малодшай групы, дзе былі зусім малыя дзеткі ва ўзросце ад 1,7 да 3 гадоў. Як маладой дзяўчыне амаль без вопыту справіцца з такой адказнасцю?

— З самага пачатку работы ў садзе мне дапамагае педагог, якая за мной замацавана, — выхавальніца Таццяна Кузькіна. Без яе падтрымкі мне было б цяжка нават сарыентавацца ва ўласнай групе. Тым больш што дзеці былі такія малыя, і ўсе з характарам: “Я сам!”, “Я не буду!”. Трэба было да кожнага знайсці падыход. Зараз у сваёй групе я ўжо добра ведаю кожнага: іх любімыя цацкі, хто што любіць есці. Сваіх дзяцей у мяне пакуль няма, але вопыт ёсць — калісьці прыглядала за малодшай сястрой, а зараз у мяне сем пляменнікаў, з якімі вельмі люблю бавіць час.

Маё меркаванне: зусім маленькія дзеткі лягчэй адаптуюцца ў садзе, чым тыя ж трохгодкі, для іх сад адразу становіцца другім домам.

Лічу, цяжкіх дзетак няма, да кожнага можна падабраць ключык. Напрыклад, каб дзеці раніцай не капрызілі, калі развітваюцца з бацькамі, кажу ім: “Твае мама і тата пайшлі на работу, і ты таксама. Будзеш добра праца­ваць — атрымаеш “зарплату”. І сапраўды, у канцы месяца выдаю ім сімвалічныя грошы, якія раблю з паперы. Потым яны мо­гуць размяняць іх у баць­коў на сапраўдныя і нешта сабе ку­піць. Калі дзіця плача — ці то па маме сумуе, ці то цацку забралі — са­джуся побач і плачу з ім. І гэта працуе! Малыя хутка супакойваюцца. З дзецьмі часам трэба і самой стаць крыху дзіцем, — расказвае Алена Крупеніна.

Алена Генадзьеўна лічыць, што дзеці, якія не наведвалі сад, цяжэй адаптуюцца ў школе і наогул у жыцці, бо ў гэты чароўны час — да 4 гадоў — фарміруюцца асновы ўзаемадзеяння дзіцяці з навакольным светам.

— Цікава, што сама я ў дзіцячы сад не хадзіла, — тут жа здзіўляе мяне суразмоўніца. — На сямейным савеце вырашылі, што лепш мне будзе дома з бабуляй. Але тады быў іншы час: не было столькі гаджэтаў, якія забіраюць у малых дзяцінства, дома было шмат заняткаў для самаразвіцця. А зараз бацькі даюць малым тэлефон, каб яны не перашкаджалі, і тыя застаюцца без сацыяльнага вопыту. А ў са­дзе мы прымяняем розныя выхаваўчыя методыкі, гульні. На месцы бацькоў я задумалася б, што яны страчваюць, пакідаючы дзіця дома.

Алена Крупеніна ўспамінае, што дзяўчынкай марыла стаць выхавальніцай, даглядала малую сястрычку, любіла глядзець мульт­фільмы пра дзіцячы сад.

— Работа з дзецьмі мяне прываблівала яшчэ і таму, што мая бабуля была настаўніцай малодшых класаў, напэўна, я атрымала яе гены, — заўважае малады педагог. — Да таго ж мама выкладала нямецкую мову. Я скончыла Полацкі каледж імя П.М.Машэрава на спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”, дзе мне пашчасціла сустрэць выдатных настаўнікаў — Вольгу Краўчанка, Таццяну Шніпаву і іншых. З захапленнем я наведвала заняткі па методыцы развіцця маўлення, элементарных матэматычных уяўленняў.

Педагагічны шлях Алены Крупенінай толькі пачаўся, але яна ўжо цвёрда вырашыла: гэтая прафесія на ўсё жыццё, і калі давядзецца пайсці на заслужаны адпачынак, яе сэрца назаўсёды застанецца ў дзіцячым садзе. Малады педагог трапіла ва ўстанову дашкольнай адукацыі па мэтавым накіраванні, да таго ж сад № 5 быў ёй добра знаёмы: сюды хадзілі яе пляменнікі. Дзяўчына вельмі ўдзяч­ная старэйшым калегам, якія заўсёды гатовы дапамагчы парадай.

— У першыя месяцы работы ўзнікалі некаторыя незразумелыя моманты, складаныя сітуацыі. Мне падказвалі, напрыклад, як вырашаць няпростыя пытанні з бацькамі, запаўняць дакументацыю.

Першы год у садзе быў самы цяжкі — і для мяне як выхавальніцы, і для маіх маленькіх падапечных, некаторым з якіх не было і двух гадоў.

Шмат непаразуменняў першыя часы было і ў маладых баць­коў: “Чаму майму дзіцяці ўдзяляюць менш увагі, чым іншым?”, “Чаму ў сад нельга прыносіць тыя ці іншыя рэчы?” і г.д. Усіх трэба было супакоіць, з усімі нала­дзіць добрыя зносіны. Дашкалятам спачатку цяжка прывыкнуць да рэжыму, таму, каб на ціхай га­дзіне было сапраўды ціха, я прыдумала ў першыя 30 мінут уключаць дзецям запісы казак на тэлефоне. Яны іх вельмі чакаюць! Штораз падчас абеду мы вырашаем, якую будзем слу­хаць, — расказвае яна.

У садзе Алена Генадзьеўна не стамляецца, бо, па яе меркаванні, калі любіш работу, дзень пралятае непрыметна. Хіба што на хобі часу не хапае.

— Калі выпадае свабодная хвіліна, стараюся проста адпа­чыць, — прызнаецца малады педагог. — Але хобі, напэўна, усё ж такі ёсць — гэта мае малыя пляменнікі. Дарэчы, нядаўна нарадзіўся сёмы!

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара