Настаўнік геаграфіі Валынецкай сярэдняй школы імя І.Д.Чэрскага Верхнядзвінскага раёна Ігар Пашкевіч падтрымлівае цікавасць вучняў да свайго прадмета з дапамогай краязнаўства. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Сёння школьная геаграфія сутыкаецца з шэрагам аб’ектыўных цяжкасцей. Лічбавыя тэхналогіі забяспечылі нам імгненны доступ да геаграфічнай інфармацыі: электронныя карты, ГІС-сістэмы, GPS-навігацыя і інтэрнэт-рэсурсы дазваляюць за лічаныя секунды даведацца ўсё, на што раней патрабавалася шмат часу, — гаворыць педагог. — Традыцыйныя вучэбныя дапаможнікі і друкаваныя атласы здаюцца састарэлымі. Геаграфія ў пераліку ўступных экзаменаў у большасці ўніверсітэтаў адсутнічае, ёсць толькі на профільных факультэтах.
Каб падтрымаць цікавасць вучняў да геаграфіі, я звярнуўся да краязнаўства. Багатая гісторыя і ўнікальная прырода аграгарадка Валынцы і ў цэлым Верхнядзвінскага раёна дазваляюць рэалізаваць гэты кірунак у поўнай меры. Веды аб родным краі з’яўляюцца асновай для даследчай дзейнасці школьнікаў і карысныя пры правядзенні не толькі ўрокаў геаграфіі, але і заняткаў па біялогіі, гісторыі.
Краязнаўчы матэрыял Ігар Эдуардавіч уключае ва ўрокі невялікімі фрагментамі. Так, пры вывучэнні тэмы “Рэкі. Рачная даліна. Рачная сістэма” ў 6 класе педагог разглядае будову рачной даліны на прыкладзе мясцовай ракі Дрысы. Жывую цікавасць у дзяцей пры вывучэнні тэм па геаграфіі Беларусі, звязаных з насельніцтвам і гаспадарчай дзейнасцю, выклікае работа з мясцовымі статыстычнымі данымі аб дынаміцы колькасці насельніцтва, паказчыках яго натуральнага прыросту, аб’ёмах ураджаю, відах вырабленай прадукцыі.
— Вучні збіраюць краязнаўчы матэрыял самастойна. Так, перад вывучэннем тэмы “Структура сферы паслуг. Геаграфія гандлю і дзелавых паслуг” дзеці рыхтуюць звесткі аб прадпрыемствах свайго населенага пункта. У якасці творчага задання прапаную зрабіць апісанне геаграфіі свайго краю, скласці карты і графікі, тэматычныя альбомы і плакаты, — расказвае Ігар Эдуардавіч.
Краязнаўчы матэрыял выкарыстоўваецца і пры параўнанні вывучаемых тэрыторый. Напрыклад, рачныя сістэмы розных рэгіёнаў або краін супастаўляюцца з мясцовымі рэкамі. Пры сістэматычных назіраннях за надвор’ем у сваёй мясцовасці вучні значна лепш разумеюць прычыны змяненняў клімату і ўмоў надвор’я ў іншых абласцях і краінах. Старшакласнікі пад кіраўніцтвам настаўніка рыхтуюць даклады і паведамленні, у якіх вызначаюць агульныя заканамернасці развіцця геаграфічных з’яў у параўнанні з мясцовымі.
— Не забываем і пра практычныя заняткі, — працягвае Ігар Эдуардавіч. — Так, у 6 класе прапаную выканаць практычную работу “Апрацоўка матэрыялаў назіранняў за надвор’ем і апісанне надвор’я сваёй мясцовасці”, у 9 класе — работы “Фізіка-геаграфічная характарыстыка прыроды сваёй мясцовасці” і “Характарыстыка свайго адміністрацыйнага раёна”. Пры іх выкананні вучні карыстаюцца звесткамі з інтэрнэту. Для зручнасці пры пошуку статыстычных даных загадзя рыхтую QR-коды са спасылкамі на патрэбныя рэсурсы.
Каб сфарміраваць у вучняў правільнае ўяўленне аб прынцыпах пабудовы карты, настаўнік арганізуе работу з планам школьнага ўчастка або ваколіц. Працаваць з тапаграфічнай картай дапамагае складзеная краязнаўцамі карта нашай мясцовасці. Увага дзяцей пераключаецца з агляду ўчастка мясцовасці і аб’ектаў на ёй на іх умоўныя абазначэнні з дапамогай тапаграфічных знакаў. Прадстаўленыя на кліматычных картах даныя вучні параўноўваюць з аналагічнымі паказчыкамі свайго краю (тэмпература, колькасць ападкаў і інш.).
Разам са школьнікамі Ігар Эдуардавіч арганізуе метэаралагічныя, гідралагічныя і феналагічныя назіранні, збірае звесткі пра дзейнасць сельгаспрадпрыемстваў, вядомых землякоў, пра знакавыя падзеі малой радзімы. Вельмі цікавая работа з тапанімічным матэрыялам з фіксацыяй і вывучэннем паходжання геаграфічных назваў сваёй мясцовасці. Дзеці запісваюць назвы, аналізуюць іх сэнс і этымалогію. Для гэтага карыстаюцца картамі, літаратурнымі крыніцамі, даведнікамі і архіўнымі матэрыяламі.
Экскурсіі і паходы з вучнямі — неад’емная частка работы Ігара Пашкевіча. Рэгулярна наведваючы Валынецкі краязнаўчы музей імя І.Д.Чэрскага, школьнікі знаёмяцца не толькі з гісторыяй і геаграфіяй раёна, але і з дзейнасцю выбітнага земляка, вучонага, чыё імя носяць музей і Валынецкая школа. Тут праводзяцца тэматычныя ўрокі, на якіх закранаюцца розныя аспекты геалогіі, расліннага і жывёльнага свету, глебазнаўства, геаграфічных адкрыццяў.
Знакавымі для юных турыстаў Валынецкай школы сталі такія аб’екты, як Камень Чэрскага, Свальнянская дуброва, гарадзішча Гарадзец, Французская гара, а таксама рэкі Дрыса, Дзвіна і Свольна.
Ігар Пашкевіч распрацаваў аўтарскія праграмы факультатыўнага курса “Традыцыйная культура беларусаў” і аб’яднання па інтарэсах “Родны край”, стварыў інфармацыйныя буклеты аб Іване Дзяменцьевічы Чэрскім і памятных мясцінах валынецкай зямлі, а таксама турыстычныя маршруты па Валынецкім краі. Мясцовай школай, дарэчы, быў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве з грамадскім аб’яднаннем “Беларускае геаграфічнае таварыства”.
— На працягу многіх гадоў пад маім кіраўніцтвам працуе аб’яднанне па інтарэсах “Родны край”. Акрамя вывучэння геаграфіі малой радзімы, вучні сустракаюцца з вядомымі краязнаўцамі, мастакамі, пісьменнікамі, ветэранамі вайны і працы і іншымі цікавымі людзьмі, чыё жыццё звязана з нашым краем, — адзначае Ігар Эдуардавіч.
Педагог — актыўны ўдзельнік прафесійных конкурсаў і педагагічных чытанняў, ён дзеліцца вопытам з калегамі ў рамках метадычных аб’яднанняў, педсаветаў і семінараў. Яго вучні ўдзельнічаюць і перамагаюць у прадметных алімпіядах і конкурсах.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара





