Заззяла зімовая вясёлка

- 11:55Адукацыйная прастора

Удзельнікі рэспубліканскай студэнцкай калегіі пабывалі ў Гомелі.

Яны пабачылі на свае вочы, як вы­рабляюць цукеркі на ААТ “Спартак” і камбайны на ААТ “Гомсельмаш”. Маладыя людзі пабывалі ў абласных палацы творчасці дзяцей і моладзі, бібліятэцы, ліцэі, дзе абмеркавалі прафарыентацыю ў розных установах адукацыі.

Студэнты з Мінска, Брэста, Мазыра, Гомеля завіталі ў Гомельскі абласны палац творчасці дзяцей і мола­дзі. Яны сустрэліся з членамі клуба “Лідар” і актывістамі абласнога савета старшакласнікаў. Размова пайшла не толькі пра выбар прафесіі і ўстановы вышэйшай адукацыі, але і пра міжнароднае супрацоўніцтва, праекты, што рэалізуюцца ва УВА.

Фестываль студэнцкіх талентаў “Зімовая вясёлка” закрыў праграму рэспубліканскай студэнцкай калегіі ў Гомелі. Сёлета форум творчых першакурснікаў аб’яднаны тэмай “Мы розныя, але мы разам” і прысвечаны Году народнага адзін­ства. Відовішчнай частцы папярэднічаў адкрыты дыялог. Чым прадыктавана неабходнасць рэспубліканскага рэферэндуму, як праходзіла работа над новым праектам Канстытуцыі — у дыскусіі, да якой далучылася дэлегацыя рэспубліканскай студэнцкай калегіі, закранулі шырокае кола пытанняў. Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Мікалай Рагашчук адзначыў, што абноўленая Канстытуцыя будзе адпавядаць выклікам сучаснасці:

— Правядзём рэферэндум і падтрымаем распрацаваны праект. Калі ён будзе агучаны для ўсенароднага абмеркавання, магчыма, з’явяцца яшчэ нейкія дапаўненні. Гэты дакумент стане вызначальным на найбліжэйшую будучыню: як будзе развівацца наша краіна, як будзем жыць. І для моладзі — гэта Канстытуцыя іх жыцця, іх будучыні.

У холе грамадска-культурнага цэнтра ў Гомелі разгарнуліся маладзёжныя інтэрактыўныя пляцоўкі з прэзентацыямі праектаў і ініцыятыў сямі УВА. Ну а ў канцэртнай зале каманды прадставілі лепшыя нумары па выніках конкурсу “Ану, першакурснік!”. Ад кожнай установы вышэйшай адукацыі Гомельскай вобласці — шматжанравае выступленне. Традыцыйна каманды жартавалі, спявалі і танцавалі, раскрываючы свае таленты.

Лепшай рэжысёрскай праграмай прызнаны “Вечары на хутары ля Дзіканькі” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту. Першы ў конкурсе “Музычны серпанцін” — Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі. “Танцавальны выбух” быў самым магутным у каманды Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Су­хога, лепшы ў намінацыі “Артыстызм без меж” — гомельскі філіял універсітэта “МИТСО”. “Гумар-драйв” Гомельскага медуніверсітэта атрымаў вышэйшую ацэнку журы. “Экстракт крэатыву” ад ГДУ імя Ф.Скарыны ацэнены найвышэйшым балам. У спартыўным конкурсе “Адважвацца! Шукаць! Ствараць!” — лепшыя студэнты Мазырскага педуніверсітэта імя І.П.Шамякіна. 415 анлайн-галасоў прынеслі перамогу камандзе Гомельскага медуніверсітэта ў намінацыі “Моладзь #Закранула”.

У асабістым заліку журы адзначыла яркіх зорак. Лепшы акцёр — студэнт БелДУТа Юрый Пархоменка, лепшая актрыса — прадстаўніца Гомельскага філіяла “МИТСО” Кацярына Васіленка, “Інструментальны драйв” задала каманда ГДУ імя Ф.Скарыны разам з Раманам Фамянком, намінацыя “Тэатральнае мастацтва” пакарылася Даніілу Лапіцкаму з Мазырскага педуніверсітэта імя І.П.Шамякіна, “З песняй па жыцці” ідуць студэнткі Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі Дар’я Пінчук і Настасся Козырава. 

— Гомельская “Зімовая вясёлка” павінна стаць агульнарэспубліканскім праектам, — лічыць першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Лук’янаў. — Гэты фестываль са сваёй гісторыяй дапамагае раскрыць творчы, спартыўны, навуковы патэнцыял мола­дзі. Улады рэгіёна добра ставяцца да захапленняў моладзі — і гэты праект таму пацвярджэнне. Мы ўнясём ініцыятыву пра тое, каб гомельская “Зімовая вясёлка” стала агульнарэспубліканскай.

Фестываль дапамагае адкрываць таленты моладзі, развіваць студэнцкую творчасць, ствараць адзіную крэатыўную прастору і ўмацоўваць прафесійныя сувязі арганізатараў творчай дзейнасці ва УВА Гомельскай вобласці. Творчы форум таксама садзейнічае папулярызацыі дзейнасці грамадскага аб’яднання БРСМ.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.