Жаданне падлеткаў з асаблівасцямі ў развіцці стаць фларыстамі ажыццявіць мінскі каледж імя М.А. Кедышкі

- 15:02Абитуриент, Образование

У Мінскім дзяржаўным каледжы рамесніцтва і дызайну імя М.А. Кедышкі ўпершыню на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі адкрываюць падрыхтоўку па спецыяльнасці “Фларыстычны дызайн” (прафесія фларыста 3-га разраду) для падлеткаў з асаблівасцямі ў развіцці. Пра гэта карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала дырэктар установы Ганна Бойка.

Гэта была наша ініцыятыва, падмацаваная пажаданнямі бацькоў дзяцей такой катэгорыі і ўзгодненая з сістэмай адукацыі горада, – адзначыла суразмоўніца. – Працаваць з кветкамі, складаць букеты, кампазіцыі – прыемны, эстэтычны занятак, які выклікае радасныя пачуцці і ўпрыгожвае жыццё. Таму мамы і таты з вялікім жаданнем прывялі сваіх дзяцей да нас, каб яны навучыліся гэтай прафесіі.

Па словах Г. Бойка, спачатку меркавалася прыняць 6 навучэнцаў, але хутка жадаючых стала ўдвая больш, і сёння ўжо сфарміравана група для такой катэгорыі падлеткаў з 12 чалавек. Пасля атрымання спецыяльнай адукацыі на засваенне прафесіі фларыста спатрэбіцца 1 год 6 месяцаў. У каледжы ёсць усё неабходнае для навучання: спецыяльнае абсталяванне і мэбля, халадзільныя ўстаноўкі для захавання свежай кветкавай прадукцыі. У матэрыяльным забеспячэнні па гэтай прафесіі ўстанове істотна дапамагаюць базавыя прадпрыемствы, у ліку іх “Мінскзелянбуд” і “Розы.бел”, якія і будуць працаўладкоўваць выпускнікоў з асаблівасцямі ў развіцці.

Дарэчы, у каледжы ў мінулым годзе падлеткаў такой катэгорыі пачалі вучыць яшчэ некаторым прафесіям. Гаворка ідзе пра тынкоўшчыка 3-га разраду, маляра 2-га разраду і выканаўцу мастацка-афарміцельскіх работ 2-га разраду. Педагогі прайшлі павышэнне кваліфікацыі ў Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі і набылі патрэбныя веды для выкладання такім навучэнцам.

Сёння бацькі і іх дзеці праяўляюць цікавасць таксама да прафесіі вытворцы мастацкіх вырабаў з керамікі 3-га разраду. Плануецца адкрыць навучанне па ёй для падлеткаў з асаблівасцямі ў развіцці ў наступным годзе.

Ала КЛЮЙКО
Фота прадастаўлены каледжам