Як сумесныя з навучэнцамі экспедыцыі і паходы дапамагаюць настаўніцы гісторыі Жанне Вараб’ёвай у выкладанні прадмета

- 9:00Главная, Образование

Эфектыўнасць прафесійнай дзейнасці настаўніцы гісторыі сярэдняй школы № 8 Жодзіна Жанны Вараб’ёвай заключаецца ў спалучэнні традыцыйных і інавацыйных падыходаў да навучання. Дзякуючы актыўным формам работы яе ўрокі жывыя і выніковыя. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Заўважыць незвычайнае

Кабінет гісторыі, дзе гаспадарыць Жанна Аляксандраўна, па­дзелены на тэматычныя зоны. Асаблівае месца ў ім займае музей “Скарбы родных мясцін”.

— Калі прыйшла праца­ваць у школу, мне як гісторыку не хапала атрыбутыкі, якая дапамагала б выкладаць прадмет на высокім узроўні, — расказвае Жанна Аляксандраўна. — Гісторыя — гэта не толькі словы, аповед пра мінулае. Гісторыя — гэта факты, і яна павінна імі пацвярджацца.

Настаўніца падышла да гэтай праблемы адказна і вырашыла, што самы просты спосаб адшу­каць артэфакты — прымераць на сябе ролю археолагаў і паспрабаваць знайсці тое, што падштурхне да больш глыбокага вывучэння мінулага. Першы пешы паход з навучэнцамі Жанна Вараб’ёва дагэтуль успамінае з захапленнем:

Тады мы знайшлі рэшткі глінянага посуду культуры штрыхаванай керамікі, якія адносяцца да жалезнага веку, — з захапленнем расказвае педагог. — Я заўважыла, як зацікавіліся дзеці, калі нам трапілася гэтая знаходка. Тады зразумела, што школьнікі будуць вучыць гісторыю па-іншаму, яны змогуць не проста чы­таць параграфы, але і знаёміцца з мінулым падчас шматлікіх экспедыцый, змогуць многае ўбачыць на свае вочы.

З таго часу была арганізавана вялікая колькасць пешых і велапаходаў, велапрабегаў, а экспанатаў знойдзена яшчэ больш. Жанна Аляксандраўна расказала, што амаль усе яны былі адшуканы на тэрыторыі Бярэзінскага, Барысаўскага і Смалявіцкага раёнаў.

— Многае знайшлі ў вёсках вельмі далёка ад горада, — дадае Жанна Вараб’ёва. — Каб перавезці ўсё ў школу, наймалі машыну.

Многія рэчы, якія трапляліся на вочы школьнікам — удзельнікам экспедыцыі, жыхары вёсак выкідвалі. Для іх яны страцілі сваю каштоўнасць, але для дзяцей, для вывучэння гісторыі Беларусі маюць вялікае значэнне.

— Падчас паходаў таксама знаходзілі рэчы, якія, на першы погляд, не маюць ніякага значэння, але насамрэч гэта не так, — запэўнівае настаўніца. — Два камяні — апрацаваны і неапрацаваны — мы знайшлі ля Бярэзіны, калі хадзілі на яе пасля разліву. Менавіта вывучэнне гэтых камянёў лягло ў аснову нашай першай даследчай работы. Людзі не звяртаюць увагі на тое, што ў іх пад нагамі, а там можа апынуцца цікавая гісторыя. Таму мы сабралі і дагэтуль збіраем усё, што вымывае вада, і дасканала вывучаем знойдзены матэрыял.

Да арганізацыі выставачнай прасторы далучыліся баць­кі навучэнцаў — яны сабралі стэ­лажы, а настаўніца з вучнямі размясціла на іх гістарычны матэрыял.

— Сумесная работа заўсёды збліжае, — працягвае Жанна Аляксандраўна. — Назіраючы за тым, як папаўняўся наш кабінет, вучні падыходзілі і расказвалі, што з прадметаў побыту знахо­дзяць у бабуль, пыталіся, ці актуальныя яны ў школе. Я заўсёды прашу прыносіць экспанаты, калі яны ўжо не патрэбны: прыемна, калі калекцыя папаўняецца. І радасна, што для правядзення ўрокаў у нас з’явіўся дадатковы матэрыял: гэта важна для выкладання гісторыі.

Правесці паралелі

Жанна Аляксандраўна заўсёды імкнулася да таго, каб заха­піць вучняў сваім прадметам. Настаўніца з дзяцінства цікавілася тэмай Вялікай Айчыннай вайны і лічыць, што сёння кожны школьнік павінен ведаць пра падзеі, якія ў 1941—1945 гадах адбываліся на тэрыторыі нашай краіны.

— Мой дзядуля, Васіль Ва­сільевіч Лютарэвіч, быў партызанам, ваяваў і многа расказваў пра вайну, — дзеліцца педагог. — Я партызанская ўнучка і вельмі балюча ўспрымаю ўсе тыя падзеі, з якімі давялося сутыкнуцца беларускаму народу. Разам з тым я настаўніца гісторыі і дакладна разумею сваю мэту — зрабіць так, каб сённяшняе пакаленне не забывала сваіх продкаў, помніла, праз што ім давялося прайсці, і старалася захаваць мір.

За гады работы ў педагога склаліся свае падыходы да выкладання і ўзаемадзеяння з вучнямі.

— Дзецям трэба давяраць і паважаць іх, — дзеліцца настаўніца. — Калі яны бачаць, што іх не толькі слухаюць, але і чуюць, тады ўсё складваецца і на ўроках, і ў алімпіядах, канферэнцыях і конкурсах. Прыемна, калі для ўдзелу ў іх школьнікі запісваюцца самі.

Як педагог працуе з матываванымі дзецьмі і з тымі, хто не вельмі зацікаўлены прадметам? Жанна Аляксандраўна зноў звяртаецца да свайго вопыту:

— Матываваныя дзеці зацікаўлены ў глыбокім вывучэнні прадмета, у паспяховай здачы ЦЭ і ЦТ. Такія навучэнцы прыходзяць на дадатковыя заняткі, факультатывы і наведваюць профіль, каб не наймаць рэпетытараў, а ў сваёй школе атрымлі­ваць грунтоўныя веды.

Разважаючы пра новую дысцыпліну — гісторыю Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі — і пра тое, ці лёгка яна даецца вучням, Жанна Аляксандраўна прызнаецца, што ў выкладанні ёсць свае нюансы:

— У новым падручніку вялікія параграфы, і яны ўспрымаюцца вучнямі не так, як раней. Акрамя гэтага, дзеці не заўсёды могуць правільна правесці гістарычную лінію, убачыць паралелі, аб’яд­наць падзеі гісторыі Беларусі з тымі, што адбываліся ў свеце. Ім гэта цяжка, бо мы адначасова вывучаем некалькі тэм, напрыклад, Старажытную Русь, затым пераходзім да Кіеўскай дзяржавы, потым — да феадальнай раздроб­ленасці, пасля чаго пачынаем вывучэнне Полацкага, Тураўскага княстваў. У 10 класе гэтыя тэмы — паўтарэнне пройдзенага, але яны ўсё роўна выклікаюць цяжкасці, бо ўсё злучана ў адно цэлае. Каб зрабіць інфармацыю больш лёгкай для ўспрымання, пачынаем з асновы, якая закладвалася першапачаткова: успамінаем кожную тэму асобна, абмяркоўваем яе.

Раскласці ўсё па палічках Жанне Аляксандраўне дапамагаюць схемы, лагічныя ланцужкі і задачы, якія яна прыдумвае сама. На першы погляд, такія распрацоўкі выглядаюць простымі, але яны эфектыўныя для запамінання матэрыялу.

— Невялікія формулы або лагічны ланцужок стараюся прыдумаць практычна да кожнай тэмы, — дапаўняе настаўніца гісторыі. — З 10 класам гэта ўжо не працуе, а вось з пяці-, шасцікласнікамі вучымся разважаць і знаходзіць галоўнае. Гэта важна, таму што параграфы па сусветнай гісторыі ўжо нават для 6 класа вялікія, і каб дзеці ўбачылі аснову, стараюся максімальна ім дапамагчы. Для мяне вельмі каштоўна, калі бачу, што дзеці ведаюць тэму. Калі ж не адчуваю самааддачы, то нават хвалююся, пачынаю разважаць, што яшчэ зрабіць, каб змяніць сітуацыю.

З тымі вучнямі, каму гісторыя не цікавая, таксама трэба выбудоўваць даверлівыя адносіны, — іншых сакрэтаў няма.

— Такія дзеці заўсёды былі ў школах, і яны патрабуюць нашай увагі не менш, чым матываваныя вучні, — падкрэслівае Жанна Вараб’ёва. — Звычайна стаўлю перад імі канкрэтныя задачы і прашу вывучыць пэўны матэрыял.

Помніць мінулае

Гісторыя для Жанны Аляксанд­раўны — гэта ў першую чаргу вывучэнне роднага краю, а яе паплечнікамі ў гэтым кірунку сталі вучні.

— Больш за 15 гадоў назад мы ўпершыню арганізавалі велапрабег па месцах баявой славы, — дзеліцца яшчэ адной ідэяй педагог. — Я распрацавала веламаршрут да Дня Перамогі, і ра­зам з навучэнцамі мы адправіліся ў падарожжа ў вёску Пекалін Смалявіцкага раёна. Маршрут быў пракладзены па партызанскіх сцяжынках і разлічаны на два дні.

Першы веламаршрут стаў знакавым для Жанны Аляксандраўны і яе навучэнцаў-даследчыкаў:

— Тады мы знайшлі пахаванне невядомага салдата часоў Вялікай Айчыннай вайны. Каб даведацца аб ім больш, правялі даследчую работу, пазнаёміліся са сведкай тых па­дзей — бабуляй, якая жыве ў вёсцы Калюга. Яна паведаміла многа інфармацыі, якая ў наступным стала асновай нашай першай вялікай даследчай работы “Салдат без імені — цаной жыцця”. Як аказалася, на тым месцы, якое мы знайшлі, пахаваны салдат Чырвонай Арміі. Яго, параненага, хавалі ў сваім доме баць­кі нашай суразмоўніцы. Бабуля дагэтуль помніць вершы, якія салдат чытаў дзецям. На жаль, вырата­ваць яго не атрымалася.

Дзякуючы праведзенай рабоце і актыўнасці настаўніцы гісторыі, на месцы пахавання салдата ў вёсцы Буда паставілі помнік, які вучні ездзяць даглядаць. Гэта якраз пра патрыятызм, выхаванню якога педагог удзя­ляе асаблівую ўвагу. Так, пад кіраўніцтвам Жанны Вараб’ёвай школьны атрад “Патрыёт” рэалізаваў пошукава-даследчы праект “173-і — невядомы”. Настаўніца прывяла факты: 17 верасня 2024 года ў Жодзіне адбылося перапахаванне чатырох салдат 173-й стралковай дывізіі, якія загінулі пры выз­валенні горада 2 ліпеня 1944 года. Адпаведны праект стаў прык­ладам жывога ўрока гісторыі і памяці нашчадкаў. А пошукава-даследчая работа “Салдат без імені — цаной жыцця”, прысвечаная вывучэнню жыцця пахаванага ў вёсцы Буда салдата, атрымала дыплом I ступені ў горадзе на навукова-практычнай канферэнцыі і дыплом II ступені на міжнароднай канферэнцыі ў Вышгарадзе.

Поспехамі калегі ганарыцца дырэктар сярэдняй школы № 8 Жодзіна Святлана Каратчэня:

— Жанна Аляксандраўна — педагог-наватар, для якога гісторыя — гэта не проста прадмет, а важны прафесійны шлях, і яе ра­бота — уклад у фарміраванне асобы грамадзяніна, які помніць мінулае і ўпэўнена глядзіць у будучыню.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА