«Жывыя» барабаны і перкусія цела. Педагог са Свіслачы расказала пра здароўезберагальныя тэхналогіі ў рабоце з дашкольнікамі

- 9:03Главная, Образование

Здароўезберагальныя тэхналогіі drums аlive і body percussion у рабоце з дзецьмі з парушэннямі маўлення выкарыстоўвае кіраўнік фізічнага выхавання дзіцячага сада № 2 Свіслачы Наталля Бойка. Карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» пабывала на занятках у педагога.

— На першы погляд, можа здацца, што фізкультурна-аздараўленчая работа і карэкцыйна-педагагічная дапамога дзецям з парушэннямі маўлення — розныя кірункі дзейнасці. Як паказвае практыка, гэта не зусім так, — адзначае Н. Бойка.

Мая суразмоўніца робіць акцэнт на карэкцыйнай рабоце з выхаванцамі. Прымяняе псіхагімнастыку, пальчыкавую і дыхальную гімнастыку, практыкаванні на рэлаксацыю, элементы лагарытмікі, калі рухі спалучаюцца з маўленнем. Педагог паспяхова апрабоўвае інавацыйныя здароўезберагальныя тэхналогіі. Адна з іх drums аlive, або «жывыя» барабаны, — імітацыя пры дапамозе драўляных палачак ігры на барабанах, якімі служаць вялікія мячы — фітболы, замацаваныя паміж дзвюх гімнастычных лавак, што стаяць паралельна або на асобных падстаўках, кошыках.

— Здольнасць навучыцца гаварыць, а затым і чытаць непасрэдна звязана з узроўнем развіцця пачуцця рытму. Дзецям з парушэннямі маўлення, як правіла, цяжка ўспрымаць і перадаваць рытм, — гаворыць Н. Бойка. — Аснову рытмічных практыкаванняў, згодна з тэхналогіяй «жывых» барабанаў, складаюць простыя, але разнастайныя рухі ў адпаведнасці з пэўным рытмам: хада і бег на месцы, крокі ўбок, павароты, нахілы, скачкі, прысяданні і г. д.

Спачатку педагог расказвае і паказвае малым, як трымаць палачкі, стаяць каля мяча (ногі сагнуты ў каленях, ступні на шырыні плячэй). Перш чым пачаць выконваць удары пад музыку, дзеці стукаюць па мячах пад лік двюма палачкамі адначасова правай і левай рукой і напераменку. «Барабаніць» могуць усе, незалежна ад фізічнай падрыхтоўкі. У якасці музычнага суправаджэння — дзіцячыя песенькі з выразным рытмам і тэкстам. Разам з «жывымі» барабанамі можна выконваць элементы лагарытмікі: не толькі выбіваць рытм на барабане і рабіць спартыўна-танцавальныя рухі, але і падпяваць. Дзякуючы сінтэзу drums аlive і лагарытмікі заняткі набываюць большы карэкцыйна-аздараўленчы эфект.

— Малыя ў захапленні, калі іх просіш барабаніць, танцаваць і спяваць адначасова. Гэта той унікальны выпадак, калі на занятках я не патрабую цішыні і дысцыпліны, а, наадварот, дазваляю шумець, стукаць і тупаць! Асабліва хлопчыкам і дзяўчынкам падабаецца рабіць гэта пад песні «Танцы вясёлага робата», «Робат Браніслаў», «Рухайся! Замры!», — працягвае педагог. — Як варыянт, можна выбіваць рытм і выконваць простыя практыкаванні без музычнага суправаджэння, а з прагаворваннем чыста- і скорагаворак, вершаў з выразным рытмам. Тэхналогію drums аlive можна выкарыстоўваць для аздараўлення ўсіх дашкольнікаў, не толькі з парушэннямі маўлення. Як даказана вучонымі, гульня на барабанах спрыяе зняццю псіхічнага напружання, стрэсу, умацоўвае імунітэт, развівае кагнітыўныя функцыі мозга.

Зарэкамендавала сябе тэхналогія body percussion, або перкусія цела, калі ўласнае цела выкарыстоўваецца ў якасці інструмента. Гэта дапамагае не проста пачуць, але і адчуць рытм унутры сябе і прайграць яго. Рытмічныя малюнкі выконваюцца на розных частках цела. Напрыклад, тупат нагамі або прытупванне рознай сілы, паляпванні па каленях або плясканні адной ці дзвюма рукамі па бядры, воплескі раскрытымі або сагнутымі лодачкай далонямі, пстрычкі пальцамі, пстрыканне пальцам па шчоках.

— Для развіцця пачуцця рытму ў выхаванцаў я падбіраю кароткі верш, скора- або чыстаговорку, лічылачку і накладваю на іх рытмічны малюнак, які складаецца з воплескаў, пляскання, пстрычак і г. д. Дзеці прагаворваюць кароценькі тэкст і адначасова ўзаемадзейнічаюць з рознымі часткамі свайго цела, — тлумачыць Н. Бойка.

Цялесную перкусію лепш праводзіць у канцы заняткаў, прысвячаць гэтаму некалькі мінут (рабіць два-тры паўторы тэксту з рытмічным малюнкам). Пры выкананні практыкаванняў варта звяртаць увагу на выразнасць рухаў, іх тэмп і рытм, заахвочваць дзяцей вымаўляць тэкст разам з педагогам.

Н. Бойка наладзіла ўзаемадзеянне з выхавальнікамі груп, якія наведваюць дзеці з парушэннямі маўлення. І яны таксама пачалі прымяняць рытмічныя практыкаванні ў рабоце з малымі: у якасці фізкультхвілінак падчас заняткаў, у комплексе практыкаванняў пасля дзённага сну, у дынамічных паўзах і г. д. Усё разам гэта садзейнічае фарміраванню ў выхаванцаў правільнага маўлення.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА