Значныя высновы і інсайды: маладая настаўніца Анастасія Панкратава пра першыя крокі ў прафесіі

- 13:25Первое рабочее место

Настаўніца фізікі і інфарматыкі сярэдняй школы № 1 Горак Анастасія Панкратава ў прафесіі ўсяго некалькі месяцаў. Аднак на рахунку маладога спецыяліста ўжо шэраг працоўных дасягненняў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Пад яе кіраўніцтвам навучэнцы паспяхова выступаюць на алімпіядах і конкурсах. Сама Анастасія Аляксандраўна нядаўна стала пераможцай абласнога фестывалю “Прызванне — педагог”.

— Натхнілася прыкладам школьных настаўнікаў. Захопленыя сваёй справай, неабыякавыя да дзяцей, яны сталі для мяне арыенцірам, узорам для пераймання. Я паступіла на факультэт матэматыкі і прыродазнаўства ў МДУ імя А.А.Куляшова. Прычым узяла мэтавае накіраванне: хацела вярнуцца ў родную школу. Мару сваю ажыццявіла: атрымала дыплом з адзнакай і працую побач з педагогамі, якія некалі мяне вучылі. Калегі падтрымліваюць, даюць парады, што вельмі дапамагае ў прафесійным станаўленні, — падзялілася Анастасія Панкратава.

У калектыў Анастасія Аляксандраўна ўлілася даволі хутка. Але першы свой урок малады педагог будзе помніць заўсёды, бо ён дапамог зрабіць важныя высновы.

— Моц­на хвалявалася, вельмі старанна рыхтавалася. Складала план заняткаў і пытанні для вучняў, прадумвала, што і ў якім парадку напішу на дошцы. Праб­лем з тлумачэннем тэмы не ўзнікла. Але хапіла іншых цяжкасцей. Своеасаблівым выклікам стала неабходнасць утрымліваць кантакт з навучэнцамі. Трэба было сачыць за тым, ці слухаюць мяне дзеці, падтрымліваць іх цікавасць. Цалкам выканаць задачы таго ўрока мне не ўдалося, таму зрабіла для сябе пэўныя высновы. Цяпер пераканана, што ідэальнага канспекта не існуе, пажадана падтрымлі­ваць баланс паміж выбудаванай стратэгіяй і ўменнем ад яе адступіць — скарэкціраваць заняткі з улікам патрэб і рэакцыі навучэнцаў, — адзначыла Анастасія Панкратава.

За плячыма Анастасіі Аляксандраўны ўсяго дзве вучэбныя чвэрці. Урокі настаўніца стараецца право­дзіць творча і займальна. Для яе важна, каб вучні былі не пасіўнымі слухачамі, а актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу.

— Будую заняткі ў форме дыялогу, імкнуся быць на адной хвалі з дзецьмі, да кожнага шукаю індывідуальны падыход. Ведаю, наколькі гэта важна для навучэнцаў. Спрабую быць для іх апорай — такімі ж калісьці мае педагогі былі для мяне, — адзначыла Анастасія Аляксандраўна.

Каб зрабіць фізіку больш простай для ўспрымання, яна абапіраецца на практыку. Тэмы пад­ручніка педагог тлумачыць на блізкіх і даступных прыкладах са штодзённага жыцця.

— Для разумення фізікі недастаткова вывучыць тэрміны і формулы. Дзеці павінны ўсведамляць, што гэтая навука вакол нас. Таму падмацоўваю тэорыю яркімі доследамі, эксперыментамі, назіраннямі. У такім жа ключы праводжу ўрокі інфарматыкі. Дэманструю вучням, як яны мо­гуць прымяніць атрыманыя веды ў жыцці. Гэта павышае цікавасць да прадмета і вучэбную матывацыю ў цэлым, — расказала Анастасія Панкратава.

Малады педагог інтэгруе ў структуру ўрока лічбавыя рэсурсы. Пры дапамозе інтэрактыўных заданняў, разнастайных праграм для мадэлявання ро­біць нагляднымі вялікія аб’ёмы інфармацыі.

— Прымяняю на занятках і праектную тэхналогію. Даследаванні і праекты выдатна развіваюць крытычнае мысленне, крэатыўнасць, самастойнасць дзяцей, — растлумачыла Анастасія Аляксандраўна.

Развіццю здольнасцей навучэнцаў настаўніца ўдзяляе вялікую ўвагу. Яна часта сустракаецца з вучнямі ў пазаўрочны час, далучае іх да даследчай дзейнасці і алімпіяднага руху.

— Мае выхаванцы дасягнулі дастаткова высокіх вынікаў. Яны заваявалі прызавыя дыпломы на раённым і абласным конкурсах даследчых работ. Для мяне гэта гонар і пац­вярджэнне таго, што нашы сумесныя намаганні не былі дарэмнымі. Цаню і маленькія дасягненні вучняў. Прыемна бачыць, калі пасля некалькіх спроб дзеці рашаюць складаную задачу або заўважаюць логіку ў матэрыяле, які раней здаваўся не­зразумелым, — падкрэсліла суразмоўніца.

Сур’ёзна ставіцца Анастасія Аляксандраўна да прафісійнага развіцця. Дзяўчына ўсебакова ўдасканальвае педагагічнае майстэрства, наведвае канферэнцыі і семінары, удзельнічае ў конкурсах.

— Шмат адкрыццяў зрабіла для сябе на абласным фестывалі “Прызванне — педагог”, — заўважыла Анастасія Панкратава. — Прааналізавала розныя аспекты ўласнай педагагічнай практыкі, узяла на ўзбраенне шэраг слушных ідэй. Перамога стала нечаканасцю і магутным стымулам ісці наперад, развівацца. Буду паступаць у магістратуру, асвойваць новыя методыкі выкладання. Я знайшла сваю прафесійную дарогу і збоч­ваць з яе не планую.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара