Знаходзіць водгук у сэрцах вучняў

- 10:00Адукацыйная прастора

Яркія прамяні вясенняга сонейка напаўняюць цеплынёй невялікі вучэбны кабінет на трэцім паверсе сярэдняй школы № 4 Шклова. Навучэнцы цалкам сканцэнтраваны на ўроку. Уся ўвага дзяцей засяроджана на настаўніцы біялогіі Наталлі Уладзіміраўне Маскаленка і той тэме, пра якую яна расказвае. Заняткі праходзяць у дыялогу. І важна, што кожны вучань у класе ў ім зацікаўлены.

Наталля Уладзіміраўна ўсіх дзяцей імкнецца ўцяг­нуць у гутарку, у актыўную дзейнасць, бо пераканана — цікавасць навучэнцаў да любога прадмета напрамую залежыць ад настаўніка. Па яе меркаванні, педагог павінен быць для вучняў прыкладам, пэўнай ролевай мадэллю, якая матывуе да канкрэтных дзеянняў.

— Мне ў гэтым плане пашанцавала. У школе ў мяне былі цудоўныя педагогі, улюбёныя ў сваю справу, — Валянціна Іосіфаўна Брындо, Тамара Арцёмаўна Дзеравяга… Шмат у чым менавіта дзякуючы ім, я ў свой час выбрала прафесію педагога, — расказала Н.У.Маскаленка.

З упэўненасцю ў правільнасці прафесійнага выбару Наталля Уладзіміраўна стала студэнткай галоўнай кузні педагагічных кадраў рэгіёна — МДУ імя А.А.Куляшова. А пасля, атрымаўшы настаўніцкі дыплом, вярнулася маладым спецыялістам на малую радзіму — у Шклоўскі раён.

З 4-й гарадской школай жыццё Н.У.Маскаленка звязана ўжо звыш дваццаці гадоў. Тут яна прайшла педагагічнае станаўленне, раскрыла свой патэнцыял, выпрацавала ўласныя спосабы паспяховага навучання.

— Біялогія дастаткова складаны прадмет. Зрабіць яе больш лёгкай для ўспрымання атрымліваецца дзякуючы максімальнаму набліжэнню гэтай навукі да рэальнага жыцця. Адна справа расказаць тэму па падручніку, а зусім іншае — распавесці аб складанай з’яве, прывёўшы даступныя жыццёвыя прыклады. Калі звычайны ўрок ператвараецца ў практыка-арыентаваны, тады і біялогія становіцца больш простай для вывучэння, бо яна сапраўды захоплівае навучэнцаў, — падкрэсліла Наталля Уладзіміраўна.

Дарэчы, каб зрабіць урокі цікавымі, Н.У.Маскаленка прымяняе розныя адукацыйныя методыкі і тэхналогіі. Актыўна выкарыстоўвае кейс-тэхналогію, тэхналогію крытычнага мыслення, звяртаецца да метаду педагагічных майстэрань. Нярэдка яе заняткі праходзяць па мета­дзе рашэння сітуацыйных задач ці ў форме лекцый, семінараў, экскурсій. Часта ўрокі напоўнены вытрымкамі з іншых дысцыплін — мастацтва, літаратуры, гісторыі, матэматыкі, фізікі.

Педагагічная дзейнасць Н.У.Маскаленка не абмяжоўваецца толькі вучэбнымі заняткамі. Асаблівае значэнне для яе мае работа з адоранымі навучэнцамі.

— Максімальна выкарыстоўваю ўсе магчымыя рэсурсы для таго, каб біялогія несла ў сабе не толькі адукацыйны, а і культуралагічны аспект, выхо­дзіла за рамкі аднаго вучэбнага прадмета. Бо адукацыя — гэта не толькі веды, а і выхаванне, маральнасць, культура, — лі­чыць Наталля Уладзіміраўна.

Адметна, што педагагічная дзейнасць Н.У.Маскаленка не абмяжоўваецца толькі вучэбнымі заняткамі. Асаблівае значэнне для яе мае работа з адоранымі навучэнцамі. За амаль двац­цаць два гады настаўніцкага стажу яна выбудавала сваю сістэму развіцця дзіцячых талентаў. У яе аснове — індывідуальная работа з дзецьмі і іх усебаковая падтрымка. Такі падыход прыносіць вынікі. Наталля Уладзіміраўна падрыхтавала шэраг пераможцаў другога, трэцяга і заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі. Своеасаблівы паказчык работы настаўніцы — яе выпускнікі. Многія з іх у якасці прафесійнай нівы выбралі менавіта біялагічную накіраванасць.

Н.У.Маскаленка — адна з лепшых педагогаў біялагічнага профілю на Шклоўшчыне, мае кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”. Але нягле­дзячы на важкі педагагічны вопыт, пастаянна імкнецца да сама­ўдасканалення, самаадукацыі.

— Я ўвесь час вучуся. ­Удзельнічаю ў навукова-метадычных канферэнцыях, семінарах. Пастаянна вывучаю навуковую літаратуру, найноўшыя педагагічныя распрацоўкі. Лепшае пасля ўкараняю ў практыку, — паведаміла Наталля Уладзіміраўна.

Удасканальваючы і назапашваючы новыя веды, Н.У.Мас­каленка стараецца падзяліцца імі з калегамі. Яна актыўна супрацоўнічае з Магілёўскім абласным інстытутам развіцця адукацыі. Дзеліцца напрацоўкамі з настаўнікамі не толькі рэгіёна, але і краіны, у тым ліку і як пастаянны аўтар часопіса “Народная асвета” Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”.

Плённая праца Н.У.Маскаленка не застаецца незаўважанай. Настаўніца неаднара­зова адзначалася мясцовымі ўладамі, мае грамату Міністэрства адукацыі. Высокія ўзнагароды матывуюць Наталлю Ула­дзіміраўну на далейшае ўдасканаленне сваёй педагагічнай дзейнасці. У гэтай неардынарнай творчай асобы шмат планаў на будучыню, але ўсе яны накіраваны на тое, каб кожныя заняткі, кожная разабраная тэма знаходзілі водгук у розумах і сэрцах вучняў.

— Буду працягваць імкнуцца да таго, каб у жыцці маіх навучэнцаў былі не толькі гаджэты і інтэрнэт, а каб яны выпускаліся са школы адукаванымі і выхаваннымі асобамі з правільнымі каштоўнаснымі арыенцірамі, — запэўніла Наталля Уладзіміраўна.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.