Сталічная сярэдняя школа № 155 па выніках 2024 года прызнана лепшай сярод школ горада і адзначана знакам якасці. Дырэктар Алена Гіль расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты”, якія фактары ўплываюць на паспяховасць установы адукацыі.
— Безумоўна, мы вельмі задаволены такім вынікам. Перамога стала нечаканай, хоць, прызнаюся, кожная ўстанова, удзельнічаючы ў конкурсе, спадзяецца выйграць, — толькі дрэнны салдат не марыць быць генералам. І мы ідзём далей, таму што хочам утрымаць 1-е месца, каб ніхто не сказаў, што гэта была выпадковасць, — расказвае дырэктар. — Мы рады, што занесены на Дошку гонару камітэта па адукацыі, якая з’явілася дзякуючы ініцыятыве яго старшыні М.А.Ільіной, і сталі першымі сярод школ горада. Каб дасягнуць такога выніку, па-першае, павінна быць згуртаваная каманда. Я маю на ўвазе не толькі згуртаванасць адміністрацыі, педагагічнага калектыву, але і тэхнічных работнікаў, якія робяць усё для таго, каб наша школа была сучаснай, дагледжанай, а таксама для вучнёўскага і бацькоўскага калектываў. Калі нейкае звяно выпадае, нічога не атрымаецца. Па-другое, высокая працаздольнасць. І па-трэцяе, як матэматык я ўпэўнена, што абавязкова павінна прысутнічаць удача. Як кажуць у народзе, трэба апынуцца ў патрэбны час у патрэбным месцы.

На маю думку, на паспяховасць установы ўплываюць як знешнія, так і ўнутраныя фактары. Сярод знешніх фактараў — узровень матэрыяльна-тэхнічнай базы. У школе сфарміравалася традыцыя: у лістападзе на бацькоўскім сходзе я расказваю бацькам, што мы зрабілі за лета. Так, дэманструючы кабінет працоўнага навучання, адзначаю, што абсталяваны ён па апошнім слове тэхнікі, каб сучасную дзяўчыну муж не вярнуў дадому, як гэта было ў фільме “Адзінокім прадастаўляецца інтэрнат”.
Паспяховасць вызначаецца і мікракліматам у калектыве, у якім важнае месца займае стымулюючая падтрымка. Як вопытныя (больш за 80% педагогаў маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю), так і маладыя настаўнікі, якія дэманструюць высокія вынікі ў рабоце, атрымліваюць дастойную заработную плату. Яны заахвочваюцца з прэміяльнага фонду, пазабюджэтнай дзейнасці. Адзначаюцца педагогі і ўнутрышкольным граматамі. Ды і ў Telegram-канале школы паспяховасць настаўнікаў і навучэнцаў не застаецца незаўважанай. А калі ў кагосьці нешта не атрымліваецца, ёсць праблемы, то яны не саромеюцца прыйсці да дырэктара альбо яе намеснікаў і знайсці падтрымку і разуменне. У калектыве склаліся добрыя сяброўскія ўзаемаадносіны.
Вынікова і творча
— Галоўнае дасягненне — гэта тое, што нашы выпускнікі ўладкоўваюцца ў жыцці. У нас вучацца дзеці з рознымі здольнасцямі, і я заўсёды гавару ім: не важна, якую пасаду вы будзеце займаць, галоўнае — быць запатрабаванымі. Калі гэта ўдаецца, значыць, мы, настаўнікі, працавалі недарэмна. Поспехі нашых выхаванцаў — гэта нашы поспехі, іх няўдачы — гэта і нашы няўдачы, — адзначае дырэктар.
Сёлета ў школе адкрылі спартыўны клуб “Крылы перамогі”. Яго дзейнасць накіравана на фарміраванне любові да спорту, а таксама навыкаў здаровага ладу жыцця. Сёння клуб аб’ядноўвае 54 школьнікі. З яго адкрыццём навучэнцы дэманструюць высокія вынікі. Напрыклад, каманда школы заняла 1-е месца сярод устаноў адукацыі Маскоўскага раёна ў гульні “Лазертаг”. А дзяўчаты сталі першымі ў раённых спаборніцтвах па баскетболе.
Год парадаваў і дасягненнямі вучняў. Навучэнец 7 класа Кірыл Масальскі стаў пераможцам гарадскога фестывалю даследчых работ “Пазнанне. Творчасць. Адкрыццё” і быў адзначаны дыпломам за папулярызацыю роднай мовы. Навучэнцы харэаграфічнага 1 “Г” класа ўдастоены дыплома ІІ ступені на Рэспубліканскім фестывалі па харэаграфіі. Гэта пацвярджэнне таго, што школа дае дзецям не толькі веды, але і магчымасці для развіцця ў спорце, творчасці і грамадскім жыцці. Для педагогаў важна, каб кожнае дзіця знайшло сябе і адчула ўпэўненасць у будучыні.
З гордасцю гаворыць А.Гіль і пра дасягненні педагогаў. Настаўніца англійскай мовы Вікторыя Гакуць удастоена дыплома лаўрэата ІІ ступені ў намінацыі “Эстрадны вакал (сола)” на ІІІ Адкрытым Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе “Адзінства”. Яе выкананне “Балады пра маці” атрымала высокую ацэнку журы і прызнанне гледачоў. Настаўніца рускай мовы і літаратуры Дар’я Пахолка стала лаўрэатам конкурсу “Старт у педагогіку — 2025”, які праводзіцца агульнарасійскім прафсаюзам адукацыі. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Міхаіл Ігнатовіч перамог ў гарадскім конкурсе “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы”.
Быць канкурэнтаздольнай
Геаграфічна школа займае не вельмі выйгрышнае становішча: побач знаходзіцца гімназія № 146, у крокавай даступнасці гімназіі № 10 і № 12, № 192 і № 174, а праз некалькі прыпынкаў гімназія № 41. Таму, каб існаваць і канкурыраваць, неабходна ісці ў нагу з часам, рэалізоўваць інавацыі.
З 1 класа ва ўстанове функцыянуюць інтэграваныя класы, педагогі працуюць з дзецьмі з расстройствамі аўтыстычнага спектра. З 5 па 8 клас арганізавана вывучэнне англійскай мовы на павышаным узроўні. З 8 класа вядзецца дапрофільная падрыхтоўка: па запытах навучэнцаў і іх бацькоў на павышаным узроўні вывучаецца англійская, руская мова і матэматыка. У 5—7 паралелях адкрыты класы ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Наладжана супрацоўніцтва з РАУС Маскоўскага раёна і з Акадэміяй МУС. Асаблівасцю установы з’яўляюцца спецыялізаваныя па спорце класы (па хакеі на траве, баскетболе, плаванні). Гонарам школы з’яўляюцца профільныя класы педагагічнай накіраванасці, якія ведаюць не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. У апошнія гады 50—70% выпускнікоў гэтых класаў бяруць мэтавыя накіраванні і паступаюць у педагагічныя ўстановы адукацыі. На базе ўстановы арганізаваны міжшкольны факультатыў педагагічнай накіраванасці, заняткі якога наведваюць дзеці з іншых навучальных устаноў раёна. Профільныя атрады прафесійнай накіраванасці, якія дзейнічалі на канікулах у горадзе ў межах праекта “Прафвосень”, для 155-й не ў навінку: тут іх адкрывалі на працягу шэрага гадоў.
У гэтым годзе ў школе стварылі профільную групу медыцынскай накіраванасці. Дарэчы, да 2000 года ўстанова славілася медыцынскімі класамі. Падпісана дамоўленасць з 5-й гарадской паліклінікай, БДМУ.
— Ёсць яшчэ адзін паказчык якасці ведаў, на які мала хто звяртае ўвагу, але ён вельмі важны. 100% першакласнікаў мы набралі менавіта па мікрараёне. А гэта значыць, што нам давяраюць: выпускнікі школы вядуць да нас сваіх дзяцей і ўнукаў. І гэта дарагога варта, — падкрэслівае Алена Гіль.
Зроблена з любоўю
155-я школа — ініцыятар шматлікіх праектаў, якія сталі традыцыйнымі ў раёне і горадзе. Фестываль педагагічных класаў “Вектар поспеху” стаў сапраўды брэндам установы і вядомы за межамі краіны. Ідэя правядзення гэтага фестывалю нарадзілася, калі Алена Іосіфаўна працавала ў 215-й школе. Галоўная яго мэта — узняць прэстыж прафесіі настаўніка, каб у педагагічную сферу прыходзілі матываваныя і моцныя выпускнікі. І ў 2018 годзе пры падтрымцы БДПУ гэтая ідэя была рэалізавана. У першым фестывалі ўдзельнічалі тры ўстановы адукацыі, а сёлета — 53 каманды з Мінска, 21 каманда з рэгіёнаў і 4 каманды з Екацярынбурга. У рамках фестывалю для педагогаў праводзяцца круглыя сталы, на якія запрашаюцца прадстаўнікі педагагічнага каледжа і БДПУ. Гэта пляцоўка для абмену вопытам. Фестываль цікавы і карысны ўсім: дзецям, настаўнікам, бацькам. Ён фарміруе камандны дух, дае магчымасць праявіць сябе.
Яшчэ адзін праект — “Зорная дэкада”. Ён аб’ядноўвае вучняў пачатковых класаў ужо 8 гадоў. У рамках праекта для дзяцей праходзяць камандныя конкурсы па матэматыцы, беларускай мове, прадмеце “Чалавек і свет” і інш. У навучэнцаў правяраюцца не толькі веды, але і ўменне працаваць у камандзе.
Асабліва дарагая сэрцу дырэктара раённая навагодняя акцыя “Ад усёй душы”, якая арганізуецца ў рамках рэспубліканскага праекта “Школа міру”. Дарэчы, школа атрымала статус Школы міру адной з першых у Маскоўскім раёне. На мерапрыемства запрашаюцца пажылыя людзі, ветэраны педагагічнай працы. Яно праходзіць у фармаце блакітнага агеньчыка з песнямі, танцамі, тэатралізаванымі пастаноўкамі. У актавай зале ўстанаўліваецца шасціметровая ёлка, накрываюцца сталы. Бацькі дапамагаюць з пачастункам. Свята доўжыцца тры-чатыры гадзіны, і кожны год яго ўдзельнікі даюць слова сустрэцца зноў 13 студзеня.
Час мяняецца, тэхналогіі развіваюцца, і школа павінна мяняцца разам з імі.
— Хачу, каб установа заставалася паспяховай, каб і далей гучала яе імя, каб нашы выпускнікі прыводзілі сюды сваіх дзяцей. У 2026 годзе мы плануем адкрыць ваенна-патрыятычны клуб, які дазволіць фарміраваць у дзяцей пачуццё адказнасці і актыўную грамадзянскую пазіцыю. Мяркуем пашырыць сетку профільных класаў прафесійнай накіраванасці: адкрыць інжынерны клас, бо краіне патрэбны спецыялісты інжынернага профілю. І самае галоўнае, каб у вучняў заўсёды была магчымасць зрабіць выбар. А задача педагагічнага калектыву — дапамагчы зрабіць яго правільна, каб яны потым не пашкадавалі, — гаворыць дырэктар.
***
Шлях у педагогіку Алены Гіль — прыклад таго, як дзіцячыя ўражанні і першыя настаўнікі могуць вызначыць лёс.
Калі ў пачатковай школе клас застаўся без педагога, маленькая Лена Салагук сама ўзяла на сябе ролю арганізатара ўрокаў. Менавіта тады праявіліся яе лідарскія якасці і ўменне знаходзіць агульную мову з дзецьмі. На выбар прафесіі паўплывалі два чалавекі: мама, якая заўсёды падтрымлівала, і настаўніца пачатковых класаў Соф’я Сцяпанаўна Дубовік, якая пакінула яркі след у памяці. Натхняў і прыклад сястры — настаўніцы матэматыкі. Ужо ў выпускным класе Лена напісала ў анкеце сваё жаданне: “Хачу быць настаўніцай”.
Першыя крокі ў прафесіі маладая настаўніца пачатковых класаў рабіла ў сталічнай школе № 212. А сапраўднай школай прафесійнага станаўлення і росту стала для педагога 215-я школа. У 2008 годзе Алена Іосіфаўна стала ў ёй намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, а у 2018-м узначаліла сярэднюю школу № 155.
Амаль 15 гадоў назад на старонках “Настаўніцкай газеты” выйшаў артыкул “Майстар-клас даступны для кожнага настаўніка”, дзе намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 215 Алена Гіль дзялілася вопытам арганізацыі эфектыўнай сістэмы метадычнай работы ва ўстанове адукацыі.
Педагагічная філасофія А.Гіль грунтуецца на трох пастулатах. Па-першае, “калі штосьці рабіць, то толькі з любоўю”. Педагог пераканана, што без шчырай любові да справы немагчыма быць сапраўдным настаўнікам і кіраўніком. Па-другое, “можна быць таленавітым, працаздольным, але не дабіцца выніку, бо павінна быць смеласць і рашучасць у прыняцці рашэнняў”. А яшчэ для Алены Іосіфаўны важна, каб вучні і настаўнікі былі шчаслівымі людзьмі, каб яны з радасцю ішлі ў школу і з радасцю вярталіся дадому.
Эфектыўная сістэма кіравання, на думку А.І.Гіль, будуецца на яснай мэце і выразным разуменні выніку. Дырэктар павінен сам ведаць, куды ідзе, і ўмець растлумачыць калектыву кірунак руху.
Калегі часта дзівяцца энергіі Алены Іосіфаўны. Яна тлумачыць гэта проста: гены і адказнасць. А сілы дырэктар чэрпае ў сям’і і родных мясцінах — вёсцы Дзераўное Стаўбцоўскага раёна, дзе жывуць яе бацькі. Там яна адпачывае душой, працуе на зямлі, вырошчвае кветкі, якія потым прывозіць у школу і разам з калектывам высаджвае, ствараючы атмасферу радасці і прыгажосці.
Сям’я для Алены Іосіфаўны — галоўная апора. У ёй шмат педагогаў: цётка была дырэктарам школы, сястра — намеснікам дырэктара, а дачка стала настаўніцай матэматыкі. Усе родныя аб’яднаны адным прынцыпам: сябраваць і падтрымліваць адно аднаго.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара





