Матэматыка — выдатны інструмент для развіцця мыслення навучэнцаў. Такога меркавання прытрымліваецца Уладзімір Каплярчук з Нясяцкай сярэдняй школы Клічаўскага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У прафесіі Уладзімір Міхайлавіч амаль паўстагоддзя. На працягу сарака пяці гадоў практычна штодзень ён знаходзіцца ў бесперапынным дыялогу з вучнямі. Дзякуючы майстэрству педагога, шмат школьнікаў навучыліся разумець і любіць матэматыку.

— Да настаўніцтва цягнуўся з дзяцінства. Хлопчыкам захапіўся фізікай і матэматыкай. З часам, гледзячы на сваіх школьных педагогаў, зразумеў, што таксама хачу выкладаць. Мару здзейсніў: адвучыўся і прыехаў у невялікую васьмігадовую школу вёскі Стайкі на Кіраўшчыне. Малады і нявопытны, сутыкнуўся тады з шэрагам цяжкасцей. Але тую навучальную ўстанову і перыяд работы ўспамінаю з цеплынёй. Там сустрэў своеасаблівых праваднікоў у педагогіку, якія дапамаглі мне ўсвядоміць, што я іду правільным шляхам, — падзяліўся Уладзімір Каплярчук.
Жыццёвыя дарогі неўзабаве прывялі Уладзіміра Міхайлавіча ў Клічаўскі раён. Тут ён выбудаваў уласную сістэму эфектыўнага навучання.
— Матэматыка — складаная, але займальная навука, якая захоўвае ў сабе нямала таямніц і загадак. На занятках прымяняю гульнявыя моманты, мадэлюю праблемныя сітуацыі, далучаю дзяцей да свету лічбаў і формул. Усё гэта фарміруе ў навучэнцаў устойлівую пазнавальную цікавасць, — паведаміў Уладзімір Каплярчук.
Зрабіць матэматыку даступнай для навучэнцаў Уладзіміру Міхайлавічу дапамагаюць практыка-арыентаваныя заданні. Задачы ён імкнецца звязаць з навакольнай рэчаіснасцю. Да таго ж настаўнік лічыць важным матываваць дзяцей на самастойны пошук ведаў. Яго ўрокі заўсёды напоўнены дыскусіямі і развагамі. Хлопчыкі і дзяўчынкі аналізуюць, робяць высновы, адстойваюць свой пункт гледжання.
— Часта прапаноўваю дзецям нестандартныя задачы. Пры гэтым тлумачу, што магчымасці рашэння не абмежаваны. Вучні засяроджана выконваюць заданні, варыяцыі знаходжання дакладнага адказу могуць быць рознымі. Творчы падыход заўсёды заахвочваю, бо ўменне крэатыўна думаць спатрэбіцца навучэнцам у любой прафесійнай дзейнасці, — лічыць суразмоўнік.
У пабудове ўрока Уладзімір Каплярчук абапіраецца і на псіхалогію. Педагог шмат працуе з уяўленнем і ўспрыманнем дзяцей.
— Заняткі ўмоўна дзялю на тры блокі. Спачатку ажыццяўляю праверку інфармацыйнага балансу, узровень засваення папярэдняй тэмы. Затым даю новую інфармацыю. А ў канцы ўрока праводжу кантрольную рэфлексію. Такі алгарытм станоўча ўплывае на засваенне матэрыялу, — заўважыў Уладзімір Міхайлавіч.
Дасягаць высокай вучэбнай паспяховасці настаўніку дазваляе таксама візуалізацыя. Ён вучыць дзяцей будаваць функцыянальныя графікі, наглядныя матэматычныя мадэлі, прымяняе на ўроках інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі.
— Нагляднасць павышае разуменне ўмоў задач і ўраўненняў. Але празмернае ўкараненне тэхналогій у адукацыйны працэс негатыўна адбіваецца на логіцы, памяці, канцэнтрацыі ўвагі навучэнцаў, таму патрэбны баланс. Цалкам апраўданай была забарона на карыстанне мабільнымі тэлефонамі ў школах. Гэты крок зноў павярнуў дзяцей да рэальных зносін адно з адным. Канечне, зусім без лічбавізацыі ў адукацыі не абысціся, але жывое слова настаўніка, звычайную дошку і крэйду нішто не зможа замяніць, — перакананы педагог.
Уладзімір Каплярчук актыўна працуе з адоранымі дзецьмі. Настаўнік матывуе навучэнцаў на даследчую дзейнасць, уключае іх у алімпіядны рух. Пад яго куратарствам вучні вынікова праяўляюць сябе, заваёўваюць пераможныя дыпломы.
Вялікую ўвагу Уладзімір Міхайлавіч удзяляе не толькі навучанню, але і выхаванню. Для яго важна пасеяць у душах дзяцей высокія маральныя якасці, выгадаваць іх прыстойнымі людзьмі.
— Сучасныя дзеці — іншыя. Не такія, як тыя, каго я вучыў яшчэ дзесяцігоддзе назад. Яны больш кемлівыя, дынамічныя, маюць уласны погляд на розныя пытанні. Для мяне гэта пэўны выклік. Стараюся падабраць ключык да сэрца кожнага. Прыцягваю іх да фізічнай працы. Мне здаецца, гэта тое, чаго не хапае цяперашняму падрастаючаму пакаленню, — адзначыў педагог.
Сёння Уладзімір Міхайлавіч вучыць ужо ўнукаў сваіх першых вучняў. У дарослае жыццё ён адправіў не адно пакаленне выпускнікоў. Усе яны знайшлі сябе ў прафесіі, стварылі моцныя сем’і.
— Кожнага з навучэнцаў магу назваць пайменна. Прыемна бачыць, што кожны з іх знайшоў сваё месца ў грамадстве. Выпускнікі працуюць у гандлі, медыцыне, аграпрамысловым комплексе, у сферы фінансаў і сацыяльнага абслугоўвання. Нямала сярод іх і педагогаў. Для мяне вялікая каштоўнасць, што вучні падтрымліваюць сувязь, віншуюць са святамі, дапамагаюць па хатняй гаспадарцы, — падкрэсліў Уладзімір Каплярчук. — У выпускнікоў захаваліся добрыя ўспаміны пра школьную пару, пра мае ўрокі. Гэта стымул працягваць выкладаць.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара





