Звыш 30 гадоў крочаць разам у прафесіі і па жыцці Уладзімір і Жанна Новікавы

- 13:15Учительский дуэт

Звыш трох дзесяцігоддзяў ідуць разам па жыцці настаўнікі Лабжанскай сярэдняй школы Клімавіцкага раёна Уладзімір і Жанна Новікавы. Сакрэт іх сямейнага шчасця — каханне, узаемаразуменне, працавітасць і аптымізм. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Уся педагагічная дзейнасць педагогаў Новікавых звязана з Лабжанскай школай. Жанна Уладзіміраўна выкладае ў пачатковых класах, Уладзімір Уладзіміравіч — настаўнік геаграфіі і працоўнага навучання.

— Менавіта тут, у Лобжы, мы і пазнаёміліся. Памятаю, тады толькі прыехала ў школу маладым спецыялістам, праходзіла прафесійнае станаўленне. Уладзімір Уладзіміравіч шмат у чым дапамагаў, падтрымліваў, — дзеліцца ўспамінамі Жанна Новікава.

— Я родам з гэтых краёў. Але педагагічны шлях пачаў на Гомельшчыне. Быў канец 80-х, адбылася аварыя на ЧАЭС, рэгіён моцна пацярпеў, у навучальных установах не хапала настаўнікаў. Так, будучы студэнтам-чацвёртакурснікам, апынуўся ў Чачэрскім раёне. Потым была служба ў арміі, пасля — рашэнне вярнуцца дадому. Працаваць уладкаваўся ў родную школу. Тут і сустрэў Жанну Уладзіміраўну. Увагу на яе звярнуў адразу: прыгожая, статная, таленавітая — прайсці міма было немагчыма, — з усмешкай паведамляе Уладзімір Новікаў.

Узаемадзеянне па рабоце неўзабаве перарасло ў вялікае светлае пачуццё. Так і ўзнікла педагагічная сям’я. Больш за 30 гадоў Уладзімір Уладзіміравіч і Жанна Уладзіміраўна — надзейная апора адно аднаму ва ўсіх пачынаннях.

— У нас агульныя каштоўнасці, адзіныя прынцыпы ў арганізацыі адукацыйнага працэсу. Галоўным лічым раскрыццё здольнасцей кожнага вучня, — заўважае Жанна Новікава. — На ўроках ніколі не даю навучэнцам гатовых ведаў. Вучу дзяцей ду­маць, аналізаваць, развіваю іх крытычнае мысленне.

З аналагічным падыходам заняткі будуе і Уладзімір Новікаў. Акцэнт настаўнік робіць таксама на нагляднасці і практыкаарыентаванасці. Ён рэгулярна арганізоўвае для навучэнцаў пазнавальныя экскурсіі, дае магчымасць на справе праявіць атрыманыя на ўроках навыкі.

— Сумесна з дзецьмі паса­дзілі на прышкольнай тэрыторыі парк, каштанавую алею, стварылі мнос­тва незвычайных малых архітэктурных форм, у вёсцы разбілі яблыневы сад. Імкнуся метапрадметна звязваць геаграфію і працоўнае навучанне. Вывучаючы віды беларускай прамысловас­ці — дрэваапрацоўку, машынабудаванне, заўсёды замацоўваем тэму ў майстэрнях, вырабляем мадэлі тэхнікі. Гэта фарміруе ў дзяцей гордасць за дасягненні краіны, выхоўвае ў іх патрыятызм, — адзначае Уладзімір Уладзіміравіч.

Выхаванне падрастаючага пакалення для педагогаў Новікавых — прыярытэт у рабоце. Яны ўпэўнены: настаўнік аказвае значны ўплыў на станаўленне дзіцячай асобы, таму павінен быць для навучэнцаў арыенцірам.

— Стараемся, каб нашы вучні пераступалі школьны парог сумленнымі, спагадлівымі, ініцыятыўнымі людзьмі, гатовымі жыць і працаваць на карысць Радзімы. Гэтыя якасці прывіваем асабістым прыкладам. Штодзень укладваем у дзяцей часцінку сваёй душы. Плён адпаведны. Лабжанская школа малакамплектная, але вучні паспяхова ўдзельніча­юць у конкурсах, алімпіядах, спартыўных спаборніцтвах. Мы ганарымся ўсімі выпускнікамі, а яны дзяку­юць і не забываюць пра нас. Лепшай узнагароды для сябе не бачым, бо гэта зна­чыць, што нашы старанні не былі дарэмнымі, — падкрэс­лівае Жанна Уладзіміраўна.

Адна на дваіх у Новікавых не толькі прафесія, але і інта­рэсы. Яны захапляюцца рыбалкай, зборам грыбоў, вырошчваннем кветак. З вясны да восені дом Уладзіміра Уладзіміравіча і Жанны Уладзіміраўны патанае ў яркіх фарбах. Асаблівая гордасць сям’і — дзеці.

— Дачка Аксана — урач. А сын Ігар пайшоў настаўніцкай дарогай, працягнуў сямейную дынастыю, — расказваюць педагогі.

…Сёння за плячыма ў Жанны і Уладзіміра Новікавых — вялікі працоўны стаж. Але яны не ўяў­ляюць сябе без школы. Пакуль ёсць сілы, плануюць працягваць адчыняць дзецям дзверы ў свет ведаў, сеяць у маленькіх сэр­цах добрае і вечнае.

 Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара