Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Спадзяёмся, што вы станеце прадаўжальнікамі славутых традыцый сваёй краіны”

- 11:06Актуально, Апошнія запісы

Сярод удзельнікаў Каляднага дзіцячага лёгкаатлетычнага свята “300 талентаў для Каралевы” ёсць будучыя чэмпіёны, якія пацвердзяць на сусветных арэнах імідж Беларусі як спартыўнай дзяржавы. Упэўненасць у гэтым выказаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 26 снежня, адкрываючы свята.

“Ад усёй душы вітаю вас на Калядным лёгкаатлетычным свяце. Мне вельмі прыемна, што не на хакей, а на лёгкаатлетычнае мерапрыемства ў зімовы час мы сабраліся, каб на гэтым свяце спорту сустрэць Новы год”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, лёгкую атлетыку не дарма называюць “каралевай спорту”. Яна вызначаецца найбольшай масавасцю ўдзельнікаў, вялікай колькасцю спаборніцтваў і рэкордаў. Як падкрэсліў прэзідэнт, на Алімпійскіх гульнях ні ў адным відзе спорту не разыгрываецца столькі медалёў, колькі ў лёгкай атлетыцы. “Лёгкая атлетыка карыстаецца вялікай увагай балельшчыкаў і з’яўляецца асновай для ўсіх відаў спорту. Сёння тут, у новым лёгкаатлетычным манежы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, трыста самых моцных і спрытных хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх куткоў Беларусі пакажуць нам свае спартыўныя здольнасці, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Упэўнены, што сярод вас ёсць будучыя чэмпіёны, якія пацвердзяць на сусветных арэнах імідж нашай дзяржавы як спартыўнай. Мы вельмі спадзяёмся, што вы станеце прадаўжальнікамі славутых традыцый сваёй краіны”. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нават калі некаторыя юныя ўдзельнікі гэтага мерапрыемства не пойдуць у прафесійны спорт, а будуць проста займацца для сябе, то гэта ўсё роўна прынясе вялікую карысць дзяржаве, паколькі ёй патрэбны разумныя і фізічна моцныя людзі.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі для фізічнага развіцця грамадзян створаны ўсе неабходныя ўмовы: спартыўныя пляцоўкі, залы, стадыёны, дзе можна займацца любым відам спорту. Паводле яго слоў, усё гэта зроблена для таго, каб дзеці раслі ў першую чаргу фізічна моцнымі і здаровымі.
“Я вельмі спадзяюся, што і іншыя спартыўныя федэрацыі возьмуць прыклад з федэрацыі лёгкай атлетыкі. Вядомы спартсмен Вадзім Дзевятоўскі падзеліцца вопытам арганізацыі такіх масавых мерапрыемстваў. Прыклады ў нас ёсць: “Залатая шайба”, “Скураны мяч”, — толькі вынікаў вялікіх няма”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён выказаў надзею, што “гэта не фармальнае мерапрыемства, а мерапрыемства, якое дасць магчымасць выявіць парасткі на першапачатковым этапе і давесці іх да ўзроўню сусветных рэкардсменаў”.
Прэзідэнт звярнуўся да юных удзельнікаў спаборніцтваў: “У вас пачаліся зімовыя канікулы. Вы паспелі ўжо ўбачыць нашу сталіцу ва ўсёй красе, у навагоднім убранні, наведалі цыркавы паказ. Вельмі хочацца, каб гэтыя спаборніцтвы сталі для вас сапраўдным святам”.
Кіраўнік дзяржавы падзякаваў трэнерам і бацькам юных спартсменаў, якія сабраліся на свята з усіх рэгіёнаў краіны. “Толькі дзякуючы вам мы зможам з іх, пры вашым жаданні перш за ўсё, зрабіць сапраўдных спартсменаў, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — І тыя бацькі, якія рызыкнуць падарыць нам будучых вялікіх спартсменаў, — проста героі. Я ведаю, што такое пусціць дзіця ў гэтае доўгае спартыўнае, вельмі складанае плаванне. Таму вы проста героі, на якіх павінны раўнавацца ўсе мы”.
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў прысутных з надыходзячым Новым годам і Калядамі, а непасрэдным удзельнікам спаборніцтваў пажадаў поспеху, сумленнай барацьбы і незабыўных уражанняў. “Пройдзе зусім мала часу, і вы будзеце ганарыцца, успамінаючы гэты дзень. А пераможа абавязкова самы моцны”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Каляднае дзіцячае лёгкаатлетычнае свята “300 талентаў для Каралевы” праводзіцца ў краіне ўпершыню, і яно прызначана дапамагчы ў адборы найбольш перспектыўных дзяцей для заняткаў лёгкай атлетыкай. Мерапрыемства арганізавана ў чатыры этапы. На заключным з іх і пабываў Аляксандр Лукашэнка, які з’яўляецца прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Пошук і падтрымка юных спартыўных талентаў — адна з тэм, якой прэзідэнт пастаянна ўдзяляе вялікую ўвагу.
Кіраўнік краіны паназіраў за ходам усіх спартыўных эстафет, пахварэў за юных спартсменаў, асноўная частка якіх, дарэчы, з вёсак і невялікіх гарадкоў, а таксама цёпла і шчыра паразмаўляў з хлопчыкамі і дзяўчынкамі.
Па выніках мерапрыемства дзеці ўручылі прэзідэнту падарунак — кнігу, у якой кожны з удзельнікаў свята выказаў свае пажаданні.
Самі ўдзельнікі спаборніцтваў атрымалі падарункі ад арганізатараў — камплекты спартыўнай формы.
Мерапрыемства прайшло з удзелам першага віцэ-прэзідэнта Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый (IAAF) алімпійскага чэмпіёна Сяргея Бубкі. Ён спецыяльна прыехаў у Мінск падтрымаць новую спартыўную ініцыятыву, якую лічыць вельмі перспектыўнай.
Прэзідэнт НАК Беларусі і першы віцэ-прэзідэнт IAAF абмяняліся думкамі аб перспектывах развіцця спорту, у тым ліку лёгкай атлетыкі.

(Па матэрыялах БелТА.)