100 брэндаў Беларусі: вызначаны пераможцы рэспубліканскага конкурсу «Капітал месца»

- 13:18АРТ-квартал, Новости

Сукенкі ў стылі Язэпа Драздовіча, «Верашчака па-махнавіцку» і рухаўскія дываны. Амаль сотню брэндаў сваіх рэгіёнаў прадставілі школьнікі Беларусі на рэспубліканскі этап конкурсу «Капітал месца». У лік фіналістаў — пераможцаў і прызёраў конкурсу — увайшлі 18 з іх. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

 Адчуць смак гісторыі

— Усе ведаюць Нясвіжскі замак, а пра тыя ж рухаўскія дываны, якія і сёння ствараюцца на Старадарожчыне, многія нават і не чулі. І наш конкурс якраз на гэта і сарыентаваны — выявіць малавядомыя каштоўнасці беларускіх гарадоў, іх унікальныя гісторыка-культурныя адметнасці і паказаць іх усім. Паказаць, як захоўваюцца нашы традыцыі, абрады, наколькі ўнікальныя ў нас ёсць стравы, якія сёння ўжо не так шырока, як некалі, выкарыстоўваюцца, але наша моладзь гатова гэтыя рэцэпты вывучаць, даследаваць і па іх гатаваць забытыя стравы, — гаворыць Хрысціна Борбут, загадчыца сектара патрыятычнага выхавання навучэнцаў Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

Конкурс праходзіў па трох намінацыях. У іх межах навучэнцы адраджалі гульні, звычаі і традыцыі нашых продкаў, даследавалі рэгіянальную вопратку і абутак і аднаўлялі рэцэпты мясцовых страў.

Многія ўдзельнікі апошняй намінацыі прыехалі на фінал з пачастункамі, каб і іншыя змаглі адчуць смак гісторыі. Безумоўна, нацыянальная ці мясцовая кухня — гэта частка культуры народа. Таму знаёмства з традыцыямі пэўнага раёна ці рэгіёна не будзе поўным, калі вы не пакаштуеце мясцовыя стравы. Навучэнцы пад кіраўніцтвам сваіх педагогаў даследавалі рэцэпты, па якіх стагоддзямі гатавалі абеды і вячэры іх продкі, і ўзнавілі іх на сваіх сталах.

Так, навучэнцы Навагрудскага дзяржаўнага калежда Гродзенскай вобласці вывучылі факты гістарычнай і кулінарнай спадчыны сваёй малой радзімы пачынаючы з XIII стагоддзя. Падчас даследавання яны аднавілі некалькі рэцэптаў Войшалка. Акрамя напаўнення кулінарнай кнігі, цікавую работу яны правялі і з выкарыстаннем мастацкіх кніг. Як вядома, Навагрудак звязаны з імем Адама Міцкевіча, які ў сваёй паэме «Пан Тадэвуш» апісаў шляхецкі банкет у Навагрудку. Аўтары даследчага праекта адшукалі эпізоды з упамінаннем таго часу і аднавілі рэцэпты некаторых страў, у праватнасці, сыроў і «Зразаў па-манастырску» XV стагоддзя. Работа над праектам працягваецца. І ў планах яго аўтараў — прапанаваць навагрудскаму сыраробчаму камбінату запусціць у вытворчасць сыр «Архас» па старажытых рэцэптах.

Такі ж шлях — з кніжных старонак да стала — прайшла і «Верашчака па-махнавіцку» дзякуючы навучэнцам Махнавіцкай сярэдняй школы Мазырскага раёна Гомельскай вобласці. Непадобную ні да якой іншай верашчаку гатуюць на Палессі ўжо больш за 200 гадоў. Дзеці прасачылі ў літаратуры ўсе згадванні гэтай стравы, і аказалася, што пра яе пісалі ў свой час і Ядвігін Ш, і Іван Шамякін, і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Іван Мележ, Іван Навуменка і мноства іншых іх землякоў. Сёння школьнікі асвоілі гатаванне гэтай стравы і частуюць сваіх гасцей.

А калі вы прыедзеце ў Краснапольскую раённую дзяржаўную гімназію Магілёўскай вобласці, вам абавязкова прапануюць паспытаць краснапольскія паронкі, якія здаўна былі для мясцовых дзяцей найлепшым ласункам. Яны зранку набівалі імі кішэні і знікалі з чародкамі сяброў да вечара. Традыцыйныя паронкі гатаваліся ў печах з нарэзаных скрылёчкамі морквы і буракоў, а навучэнцы печы замянілі духоўкамі і сушылкамі, а смакавую палітру пашырылі за кошт паронак з гарбузоў і кабачкоў. «Смак прыроды» прапануюць вам ацаніць аўтары аднайменнага праекта юныя кухары з сярэдняй школы № 3 Любані імя Г.Л. Сячко Мінскай вобласці. Толькі тут гатуюць страву, якая стала брэндам Любаншчыны, — рыбныя пельмені з сома, карпа ці шчупака.

Нашы традыцыі

Яркімі і самабытнымі здабыткамі парадавалі даследчыкі нематэрыяльнай культуры сваіх рэгіёнаў. Напрыклад, у Гродзенскім абласным цэнтры турызму і краязнаўства беражліва захоўваюць традыцыі роспісу «Сапоцкінскае сонейка».

— Наш край здаўна славіцца сваім традыцыйным мастацтвам па роспісе велікодных яек — сапоцкінскай пісанкай. Гэтую традыцыю здаўна нашы жыхары шануюць і захоўваюць у сваім сэрцы. Нездарма яна ўключана ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, — адзначыла аўтар праекта Марыя Лоскат. Дзяўчынка падзялілася рэцэптамі прыгатавання фарбы для пісанак, расказала пра трыдыцыйныя сапоцкінскія ўзоры і паказала, як гэты роспіс выконваецца.

У Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Баранавіцкага раёна і Мілавідскай сярэдняй школе, каб захаваць мясцовыя традыцыі, святы, самабытныя песні і танцы, рэалізоўваўся творчы праект «Запрашаем у Мілавіды». Сустракаючыся з пажылымі жыхарамі, дзеці даведваліся ад іх пра былыя традыцыі і святы, развучвалі мясцовыя песні і танцы.

Школьніцы з Чачэрскага раёна расказалі пра абрад «Куст» або «Ваджэнне куста», які ў трансфармаванай форме захаваўся да нашага часу ў аграгарадку Меркулавічы Чачэрскага раёна. Гэта яркая рэгіянальная адметнасць Траецкага свята. Незамужнюю дзяўчыну ўпрыгожвалі зялёнымі галінкамі і вадзілі па ўсіх дварах вёскі, спяваючы абрадавыя песні, у якіх славілі гаспадароў, жадалі ім здароўя і дабрабыту. А народную гульню для маладых хлопцаў — «Жаніцьбу Цярэшкі» — гучна прадставілі навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага каледжа лёгкай прамысловасці і тэхналогій. Гэты абрад дазваляе маладым хлопцым прымераць на сябе ролю жанатых мужчын з імітацыяй усіх вясельных абрадаў.

Дывановыя матывы

Асаблівай тэмай для канкурсантаў стала рэлігійная культура. Так, навучэнцы з Круглянскага раённага цэнтра творчасці «Вясёлка» расказалі пра адроджаную прыхаджанамі Круглянскага храма Святой Тройцы старажытную традыцыю — «Брацкую свечку». Яны гуртам да Вялікадня вырабляюць свечкі амаль двухметровай вышыні. На працягу года гэтыя свечкі стаяць у царкве і запальваюцца падчас набажэнстваў як сімвал агульнай малітвы. Такім чынам, вернікаў аб’ядноўвае не толькі малітва, але і справа — сумесна зробленая свечка. Дзяўчаты жа з Крупскага цэнтра дзіцячай творчасці Мінскай вобласці прадставілі ў фінале сваю калекцыю адзення «Беларусь святая». Гэта бялюткія кашулі, распісаныя і вышытыя ўручную праваслаўнымі сімваламі і выявамі беларускіх храмаў.

Яшчэ адну шыкоўную калекцыю адзення прадставілі навучэнкі ўзорнага тэатра моды «Аліса» Цэнтра дзяцей і моладзі Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. Гэта сукенкі, спадніцы, модныя штаны, модныя курткі, распісаныя ў стылі іх знакамітага земляка Язэпа Драздовіча. Юныя мадэльеры правялі цэлае даследаванне твораў знакамітага мастака і краязнаўцы, распрацавалі і пашылі калекцыю з 9 сучасных касцюмаў, перанеслі на іх фарбамі ўзоры са славутых дываноў Драздовіча і прадстаўляюць іх на розных паказах мод. Цікава, што дзяўчаты настолькі захапіліся гэтай ідэяй, што ўпрыгожваюць брэндавымі матывамі і сваё набытае ў магазінах адзенне — курткі, джынсы, а таксама ствараюць стыльныя аксесуары.

«Дывановую» тэму працягнулі навучэнцы гімназіі № 1 Старых Дарог, прадставіўшы брэнд свайго раёна — рухаўскія дываны. Яны падкрэслілі, што насценныя дываны, упрыгожаныя аплікацыяй з рознакаляровай саломкі, сустракаліся ў розных рэгіёнах Беларусі, але менавіта Кацярына Максімаўна Русаковіч з вёскі Рухава Старадарожскага раёна вывела рухаўскія дываны на высокі ўзровень мастацкай творчасці. Гэтыя дываны тут пачалі вырабляць у 50-я гады XX стагоддзя, але, дзякуючы мясцовым жыхарам і ў тым ліку гімназістам, гэтая творчасць тут працягвае сваё жыццё і цяпер.

Барыс Лазука, загадчык аддзела старажытнай беларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі, дырэктар Музея старажытнай беларускай культуры, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт, звяртаючыся да настаўнікаў і навучэнцаў, адзначыў:

— Безумоўна, усе каштоўнасці, якія ў цэнтры вашых праектаў, вартыя таго, каб іх вывучаць, даследаваць і захоўваць. Але вось паняцце «захоўваць» — не такое адназначнае. Мы можам сабраць усе гэтыя нашы каштоўнасці — і старадарожскія дываны, і калінкавіцкі строй, куфэркі, вышыванкі, абрусы — і пакласці кудысьці, і яны будуць ляжаць. А хто ўбачыць? Хто ацэніць? Хто выкарыстае? Як увесці гэтыя рэчы ў наша сучаснае жыццё? І якраз тое, што вы робіце, і ёсць дастойны шлях, шлях, які забяспечвае трансляцыю. Калі мы разам з вашымі настаўнікамі навучым вас таму, каб гэта шанаваць, каб гэтым карыстацца, тады і будзе забяспечана трансляцыя і ўваходжанне ў наша жыццё. Можа, ужо ў новых формах, новых варыянтах. Вось узяць традыцыйныя строі. Іх багата ў нас у Беларусі было калісьці вучонымі зафіксаваны і апісаны сотні. Але мы не можам у штодзённым карыстанні апрануць гэты касцюм і выйсці на вуліцу. Не прынята так прыйсці ў нейкі кабінет на дзелавую сустрэчу ці здаваць экзамен. Але нам неабходны гэтыя матывы. Значыць, трэба так сканструяваць адзенне, каб яго часткай стала штосьці з дываноў Язэпа Драздовіча, з саламяных старадарожскіх дываноў у тэхніцы аплікацыі і інш. І гэтая ідэя вартая ўвагі і вартая працягу. Капітал месца гэта той капітал, які мы не павінны проста змарнаваць і растраціць. Яго мы павінны захаваць і памножыць. Гэта ў нашым конкурсе галоўнае.

Конкурс «Капітал месца» прайшоў у Беларусі другі раз. Многія з праектаў, прадстаўленых на першым конкурсе ў 2021 годзе, сёння ўжо рэалізаваны і сталі адметнасцю ў сваіх рэгіёнах.

Мы праводзім конкурс сумесна з арганізацыяй «БелБрэндАўдыт». Яна ў межах сваіх магчымасцей стараецца прасоўваць аб’екты і праекты нашых канкурсантаў. У прыватнасці, сёлета праекты нашых пераможцаў былі прадстаўлены на культурна-спартыўным фестывалі «Вытокі. Крок да Алімпу». Гэта першы крок для падтрымкі. Тая ж «Верашчака па-махнавіцку» ўжо стала знакамітай, і яе гатуюць многія гаспадыні. І якраз гэта наша мэта — не проста адзначыць дыпломамі пераможцаў, а даць штуршок для далейшага развіцця прадстаўленых імі брэндаў, каб яны сталі рэгіянальнымі сімваламі, — падкрэсліла Хрысціна Борбут.

Святлана НІКІФАРАВА