Гуртам добра ўраджай збіраць

- 11:17Навіны рэгіёнаў

Праца на свежым паветры, новыя знаёмствы і магчымасць падзарабіць. Усё гэта атрымалі байцы студатрада — першакурснікі Гомельскага каледжа кулінарыі, якія сёлета дапамагалі сабраць ураджай на палях КСУП “Брылёва”.

Гаспадарка, якая знахо­дзіцца зусім побач з абласным цэнтрам, прыняла юных памочнікаў. Навучэнцы прафесійна-тэхнічнага каледжа кулінарыі збіралі яблыкі, памідоры, моркву, нарыхтоўвалі перац і брокалі. Як расказала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Галіна Шаўчэнка, з гэтай вядомай гаспадаркай давялося супрацоўнічаць упершыню:

— Мы прапанавалі першакурснікам, і яны з радасцю адгукнуліся. Студатрад у скла­дзе 25 чалавек працаваў пад эгідай БРСМ. Кожны адпрацаваў па 10 поўных дзён. Навучэнцаў прыцягвалі не толькі да ўборкі агародніны, але і да падрыхтоўкі яе да замарозкі і кансервацыі. Калі было дрэннае надвор’е, працавалі на нарэзцы пад дахам, а калі добрае — у полі. Для падлеткаў, сярод якіх ёсць частка непаўналетніх, былі створаны ўсе неабходныя ўмовы. У тым ліку дзеці былі забяспечаны двухразовым гарачым харчаваннем. Было вельмі душэўна, і ўсе засталіся задаволенымі.

Самае галоўнае — добры настрой і зносіны, якія падчас такой работы часта перарастаюць у дружбу. Маладыя людзі лепш пазнаёміліся адно з адным. Дарослыя, якія прайшлі некалі школу “бульбы”, упэўнены, што менавіта ў такіх умовах згуртоўваецца калектыў. Байцы студатрада не толькі аказалі садзейнічанне сельскагаспадарчаму прадпрыемству, але і змаглі зарабіць грошы. Іх многія патрацяць на спецадзенне і інструменты для прафесійнай дзейнасці.

Установа адукацыі рыхтуе кухараў, кандытараў, афіцыянтаў, тэхнікаў-тэхнола­гаў. Сярод выпускнікоў кале­джа — лаўрэаты міжнародных кулінарных спаборніцтваў і конкурсаў прафесійнага майстэрства.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.