На крылах шчасця

- 11:40Навіны рэгіёнаў

На тэрыторыі ясляў-сада № 1 Старых Дарог з’явілася адаптыўная гульнявая пляцоўка для асаблівых дзетак. Гэта стала магчымым дзякуючы кампаніі “СК хайнікс мемары салюшанс Усходняя Еўропа” пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і рэалізацыі сацыяльна-дабрачыннага праекта “Крылы шчасця”.

На ўрачыстым адкрыцці прысутнічалі спецыяліст галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Святлана Сысой, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Соф’я Філістовіч, прадстаўнікі мясцовай улады.

Інклюзіўная гульнявая пляцоўка, абсталяваная адмысловымі арэлямі,  развіццёвымі трэнажорамі, гульнявымі комплексамі, сэнсарнымі каляровымі тумбамі, пясочніцамі, крэслам-коканам, вельмі карысная і важная для ўсебаковага выхавання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Не менш значнай падзеяй стала і адкрыццё ў дзіцячым садку арт-студыі, дзе пад кіраўніцтвам педагогаў асаблівыя хлопчыкі і дзяўчынкі змогуць лепш раскрыць свае таленты і магчымасці.

Як адзначыла дырэктар Старадарожскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Святлана Зык, арт-майстэрня дасць роўныя магчымасці для развіцця творчых здольнасцей дзяцей, дапаможа зняццю псіхаэмацыянальных меж паміж дзецьмі з асаблівасцямі і іх здаровымі аднагодкамі. Дзеці навучацца жыць і тварыць разам, бо творчасць здольна вылечваць і карэкціраваць наступствы самых цяжкіх захворванняў, яна неабходна для адаптацыі і рэабілітацыі дзяцей.

Творчасць здольна вылечваць і карэкціраваць наступствы самых цяжкіх захворванняў.

Хутка ў яслях-садзе № 1 Старых Дарог з’явіцца і гурток робататэхнікі, дзе будуць праходзіць лекцыі, майстар-класы і іншыя навучальныя мерапрыемствы для педагогаў з розных рэгіёнаў Беларусі, якія працуюць з дзецьмі з АПФР.

Варта адзначыць, што праект з’яўляецца незвычайным і вельмі маштабным для невялікага горада. Дарэчы, па словах Наталлі Рыжанковай, дырэктара кампаніі “СК хайнікс мемары салюшанс Усходняя Еўропа”, Старыя Дарогі — гэта ўжо другі горад, у якім рэалізуецца падобны сацыяльны праект. Першым стала Вілейка, дзе ўжо тры гады працуюць творчыя майстэрні, а таксама дзіцячая інклюзіўная гульнявая пляцоўка для асаблівых дзетак. За гэты час спецыялісты пераканаліся, што заняткі ў гуртках і на пляцоўцы прыносяць вельмі добрыя вынікі — хлопчыкі і дзяўчынкі становяцца больш адкрытымі, смелымі, яны ўсебакова развіваюцца і мяняюцца на вачах.

Марына КУНЯЎСКАЯ.