“Глядзі на свет ярчэй”

- 9:20World Skills, Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Гэты вядомы маладзёжны выраз стаў своеасаблівым лейтматывам спаборніцтва маладых зваршчыкаў, якія з іскрамі ад зваркі філігранна вымалёўвалі швы на неверагодных металічных вырабах і ўпрыгожвалі сваё рабочае месца яркімі пырскамі феерверкаў. 

Дзмітрый Бальшакоў.

Такія ўзнёслыя ўражанні ўзнікалі падчас Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі “Лепшы зваршчык — 2021”, які прайшоў у філіяле РІПА “Мінскі дзяржаўны індустрыяльна-педагагічны каледж”.

Конкурс праходзіў пад эгідай руху WorldSkills і стаў яшчэ адным крокам у працэсе падрыхтоўкі да чарговага міжнароднага чэмпіянату, які пройдзе ў наступным годзе ў Кітаі. Важнай асаблівасцю конкурсу стала тое, што ўдзел у ім прынялі 9 майстроў вытворчага навучання, якія навучаюць сваіх выхаванцаў зварачным тэхналогіям. У асноўным усе яны ўчарашнія выпускнікі каледжаў, якія толькі-толькі пачалі свой працоўны шлях. 

У Рэспубліканскім конкурсе зваршчыкаў прынялі ўдзел 9 майстроў вытворчага навучання, якія навучаюць сваіх выхаванцаў зварачным тэхналогіям. У асноўным усе яны ўчарашнія выпускнікі каледжаў, якія толькі-толькі пачалі свой працоўны шлях.

Пакуль удзельнікі не былі цалкам экіпіраваны згодна з тэхнікай бяспекі і на іх не былі надзеты спецыяльныя шлемы з ахоўнымі шчытамі, можна было ўгледзецца ў твары. Пазнаём некаторых. З Дзмітрыем Бальшаковым неаднойчы сустракаліся на конкурсных пляцоўках самага рознага ўзроўню. Ён выпускнік Мінскага індустрыяльна-педагагічнага каледжа, шмат разоў прадстаўляў установу на спаборніцтвах будучых зваршчыкаў, паспяхова праходзіў гарадскія, рэспубліканскія этапы, а на апошнім нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills стаў прызёрам у кампетэнцыі “Зварачныя тэхналогіі”. Выдатна праявіў сябе Дзмітрый і на конкурсе зваршчыкаў Беларусі з міжнародным удзелам у намінацыі “Лепшы малады зваршчык”, дзе ён таксама быў у ліку лідараў. На гэтым конкурсе былы навучэнец каледжа выступаў як майстар вытворчага навучання Дзмітрый Андрэевіч Бальшакоў, а ў групе падтрымкі былі яго выхаванцы — навучэнцы каледжа. Яны завуць яго не інакш, як “наш Дзмітрый Андрэевіч”. Наш — таму што ён для іх не толькі майстар, выдатны зваршчык, але і сябар, дарадчык.

На конкурс у Мінск з кожнай установы прыехалі ў асноўным па адным удзельніку. А Гродзенскі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў № 1 прадстаўлялі 2 канкурсанты — загадчык рэсурснага цэнтра А.А.Жамойдзік і майстар вытворчага навучання А.Э.Барысенкаў. 

Дарэчы, некаторыя ўдзельнікі з’яўляюцца выпускнікамі Мінскага ІПК. Яны атрымалі размеркаванне ў іншыя рэгіёны, а цяпер прыехалі ў сваю альма-матар ужо ў ролі канкурсантаў. Спаборніцтва праходзіла ў адной з майстэрань рэсурснага цэнтра каледжа. Як паведаміў яго загадчык С.В.Рыбак, за гады існавання цэнтра — а гэта больш за 10 гадоў — ён істотна абнавіў матэрыяльна-тэхнічную базу, набыў сучаснае абсталяванне, метадычную літаратуру. На гэтым спаборніцтве канкурсанты выконвалі заданні на найноўшых зварачных апаратах еўрапейскага ўзору. Сёння рэсурсны цэнтр працуе на аснове сеткавага ўзаемадзеяння: навучэнцы іншых аднапрофільных устаноў прафесійнай адукацыі прыязджаюць сюды на вучобу. Акрамя таго, у рэсурсным цэнтры каледжа праходзіць перападрыхтоўку дарослае насельніцтва.

Старшынёй журы выступіў В.П.Зюзянок, прадстаўнік ТАА “ЗваркаСэрвісГруп”, члены журы прадстаўлялі розныя навучальныя ўстановы і вытворчыя прадпрыемствы.

Заданні конкурсу былі складзены па прыкладзе нацыянальных і міжнародных спаборніцтваў WorldSkills і ўяўлялі сабой серыю з 3 незалежных модуляў. Работу канкурсантаў прадставіў член журы, нацыянальны эксперт у кампетэнцыі “Зварачныя тэхналогіі”, загадчык аддзялення Пінскага ПТК машынабудавання, педагог, які стаяў ля вытокаў руху WorldSkills у Беларусі, Г.А.Раманоўскі. Ён адзначыў, што пры ацэнцы выступленняў канкурсантаў перш за ўсё ўвага была звернута на тое, наколькі канкурсант валодае зварачным апаратам, тэхнікай бяспекі, як падрыхтаваны яго рабочы стол. Якасць зваркі правяралася падчас выканання зваркі выпрабавальнага ўзору. У двух іншых модулях канкурсантам былі дадзены канкрэтныя заданні па ручной аргонадугавой зварцы канструкцыі з алюмініевых пласцін, а таксама выконвалася замкнёная канструкцыя з нержавеючай сталі, якая зварвалася ў адпаведнасці са зборачным чарцяжом. Журы скрупулёзна праводзіла тэсціраванне на ўстойлівасць, наяўнасць унутраных дэфектаў, якасць выканання зборкі канструкцыі. Агульная максімальная колькасць балаў задання/модуля па ўсіх крытэрыях ацэнкі складала 100 балаў.

Пераможцам конкурсу стаў Д.Бальшакоў. На другім месцы — А.Жамойдзік, на трэцім — А.Барысенкаў.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.