Адкрываючы канферэнцыю і віншуючы юбіляраў, Аляксандр Кадлубай, намеснік міністра адукацыі Беларусі, падкрэсліў: “Цэнтр заўсёды знаходзіцца ў авангардзе ўсіх інавацыйных працэсаў у адукацыі і грамадскім жыцці краіны і дынамічна развіваецца, годна выконваючы місію вядучай установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі рэспублікі ва ўмовах новых запытаў грамадства і дзяржавы. Прыемна адзначыць, што паміж педагагічнымі супольнасцямі ў сферы дадатковай адукацыі Беларусі, Расіі, іншых краін СНД і многіх краін далёкага замежжа наладжаны дзейсны механізм узаемадзеяння і супрацоўніцтва. Спадзяюся, што канферэнцыя стане трыбунай для шырокага абмену думкамі, ідэямі паміж навукоўцамі, практыкамі, кіраўнікамі ў сферы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”.

На працягу двух дзён у рамках работы секцый былі разгледжаны актуальныя пытанні развіцця інавацыйных рэсурсаў сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, выхавання асобы навучэнца ў сучаснай сацыякультурнай прасторы, развіцця прафесійных кампетэнцый педагагічных і кіраўніцкіх кадраў і інш.
Н.В.Васільчанка, дырэктар НЦМТДіМ, у сваім выступленні падрабязна расказала пра інавацыйны патэнцыял сваёй установы: пра распрацаваныя ў цэнтры нацыянальныя праграмы па ўсіх кірунках дзейнасці, пра сеткавае ўземадзеянне ўсіх устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі краіны, якое спрыяе аб’яднанню рэсурсаў устаноў, стварэнню кластарных мадэлей метадычнага ўзаемадзеяння і, як вынік, шырокаму ўключэнню педагогаў у інавацыйную дзейнасць. У практыку ўкаранёны новыя формы павышэння прафесійных кампетэнцый педагогаў: Рэспубліканскі педагагічны форум, форум харэографаў, навукова-метадычныя секцыі і профільныя метадычныя аб’яднанні, пастаянна дзеючыя міжрэгіянальныя майстар-класы па выніках адукацыйных праектаў, лабараторыя народнай творчасці, стажорскія пляцоўкі, метадычныя майстэрні і інш.
Н.В.Васільчанка справядліва адзначыла, што педагогі, якія працуюць у сістэме дадатковай адукацыі, заўсёды займаліся пошукам новых шляхоў у навучанні, выхаванні і развіцці навучэнцаў. Але ў кожнай установе сваё разуменне арганізацыі адукацыйнай дзейнасці, якое адлюстроўвае спецыфіку работы ўстановы, яе праблемы і падыходы да іх вырашэння.
“Самае галоўнае — своечасова і дынамічна рэагаваць на зменлівыя патрэбы дзяцей, прапаноўваць дзіцяці канкрэтна для яго значны змест адукацыі, даваць не абстрактныя, а практычна арыентаваныя веды і ўменні, якія на справе дапамагаюць яму развівацца і адаптавацца ў навакольным жыцці”.
Сёння ў педагагічных калектывах актыўна ўкараняюцца адукацыйны маркетынг, коўчынгавыя і воблачныя тэхналогіі, лічбавізацыя дадатковай адукацыі і дыстанцыйныя формы навучання. Работнікі павышаюць сваю прафесійную кампетэнтнасць праз тэхналогію QR-кодаў і інтэрактыўныя формы метадычнай работы і інш. Педагогі краіны расказалі пра свае напрацоўкі ў гэтых і іншых кірунках.

Н.С.Тарасенка, педагог дадатковай адукацыі, кіраўнік узорнай вакальнай студыі “Кантабіле” ЦДАДіМ Бабруйска, расказала пра новыя падыходы да музычнага выхавання, у прыватнасці пра стварэнне мюзіклаў. “Мюзікл дазваляе пазнаёміць не толькі з новым музычным жанрам, але і з сусветнай літаратурай і драматургіяй. Жанр мюзікла цяпер вельмі запатрабаваны, бо мае на ўвазе комплекснае развіццё дзіцяці. Танцы, пластыка, музыка, сольныя і ансамблевыя спевы, акцёрскае майстэрства — усё гэта дапамагае цалкам раскрыць патэнцыял навучэнца”, — адзначыла Настасся Сяргееўна.
Ю.А.Іваноў, метадыст аддзела навукова-метадычнага і псіхолага-педагагічнага суправаджэння дадатковай адукацыі НЦМТДіМ, паразважаў пра ролю эксклюзіўных праектаў для развіцця дзіцячай творчасці. Ён адзначыў, што, акрамя жывапісу, графікі, скульптурнай пластыкі, у нашы дні актыўна выкарыстоўваюцца новыя спосабы мастацкага выказвання: відэаінсталяцыя, перфарматыўныя тэхнікі, лічбавая фатаграфія, камп’ютарная графіка і анімацыя, 3D-друк, а таксама іх мэтавае ўзаемадзеянне. І адна з задач педагога — дапамагчы дзіцяці, падлетку асвоіць гэтыя новыя інструменты і матэрыялы, а таксама зрабіць, зыходзячы з пастаўленых мэт, выбар у адпаведнасці з яго ўзростам, індывідуальнымі асаблівасцямі і эстэтычнымі перавагамі.
У Аршанскім РЦТДіМ ажыццёўлены праект “Праф-стАРТ”, які дазволіў апрабаваць новыя формы і змест прафарыентацыйнай работы. У Рагачоўскім раёне ў 2020 годзе была рэалізавана ідэя стварэння дзіцячай тэлестудыі “ПоZитив TV” для трансляцыі насычанага жыцця цэнтра творчасці, горада, раёна. Юныя тэлевізіёншчыкі ў сваіх відэарэпартажах маюць магчымасць паказаць Рагачоўскі край вачыма дзяцей, прадставіць свой погляд на ўсе падзеі.
Лічбавая трансфармацыя адукацыі выходзіць на больш высокі якасны ўзровень. Востра стаіць пытанне пошуку інтэрактыўных, сучасных форм работы з навучэнцамі ў арганізацыі карыснага вольнага часу, у прыватнасці, на канікулах. Так, летняя школа “Крок у будучыню” — канцэптуальна новы адукацыйны праект Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, які рэалізуецца аддзелам тэхнічнай творчасці і спорту ў атрадзе юных тэхнікаў летняга аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем дзяцей “Чабарок”. Знаёмства з канструяваннем робатаў, асновамі відэамантажу, камп’ютарнай графікі, набыццё ўмення кіравання квадракоптарам, работа на 3D-прынтары, вывучэнне асноў праграмавання з дапамогай камп’ютарнай гульні Minecraft і асяроддзя праграмавання Scratch — вось змест заняткаў у гэтай летняй школе.
Вэб-платформы, мабільныя дадаткі, сацыяльныя сеткі і гаджэты прапануюць для навучання шырокі спектр новых магчымасцей і інструментаў, але не абыходзіцца без праблем. Як зрабіць тое, што перашкаджае працэсу навучання, неабходным і перспектыўным інструментам-памочнікам, здольным пашырыць інфармацыйную прастору сучаснага чалавека? Н.В.Разрэзава, метадыст ЦТДіМ Цэнтральнага раёна Гомеля, прапанавала разгледзець перадавую тэхналогію мабільнага навучання, метады і прыёмы выкарыстання тэхналогіі QR-кадзіравання для пашырэння магчымасцей дадатковай адукацыі.

Панэльная дыскусія была прысвечана развіццю прафесійных кампетэнцый педагагічных і кіраўніцкіх кадраў. Адным з цэнтральных было выступленне І.В.Галоднікавай, дырэктара Цэнтра творчасці “Эверэст” Магілёва. Яна расказала пра ўкараненне адукацыйнага маркетынгу, коўчынгу і воблачных тэхналогій у работу па метадычным суправаджэнні павышэння прафесійнага ўзроўню педагогаў. Яна пераканана, што без выкарыстання новых інструментаў і адкрытай інфармацыйна-адукацыйнай прасторы сёння не абысціся. І пошук такіх інструментаў прывёў да распрацоўкі ва ўстанове праектаў “Укараненне коўчынгавых тэхналогій у адукацыйны працэс” (2019—2021 гг.), накіраванага на асобаснае развіццё і самарэалізацыю педагогаў у прафесіі, і “Воблачныя тэхналогіі ў метадычным суправаджэнні педагога дадатковай адукацыі” (2018—2022 гг.), мэта якога — стварэнне віртуальнай мадэлі адукацыйнага асяроддзя ўстановы, пляцоўкай для якой стала воблачнае сховішча Google.
Падводзячы вынікі, Н.В.Васільчанка слушна зазначыла: “Мы як ніколі ўсведамляем, што перад намі стаяць новыя задачы, якія неабходна вырашаць сродкамі дадатковай адукацыі сумесна з бацькамі, інстытутамі дзяцінства, грамадскасцю. І самае галоўнае — своечасова і дынамічна рэагаваць на зменлівыя патрэбы сучасных хлопчыкаў і дзяўчынак, прапаноўваць дзіцяці змест адукацыі, значны канкрэтна для яго, даваць не абстрактныя, а практычна арыентаваныя веды і ўменні, якія на справе дапамагаюць яму развівацца і адаптавацца ў жыцці”.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.







