Штогод знакаміты кінафестываль “Лістапад” з нецярпеннем чакаюць не толькі дарослыя, але і юныя кінаманы: у межах конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік” дэманструюцца прэм’ерныя кінакарціны, якія заўсёды выклікаюць цікавасць. І хоць сёлета правядзенне “Лістападзіка” не супала з восеньскімі канікуламі, аднак менш гледачоў у яго не стала. Якія фільмы сталі фаварытамі і якія абавязкова варта паглядзець?
На традыцыйнай пляцоўцы конкурсу — у сталічным кінатэатры “Піянер” — за тры дні, з 20 па 22 лістапада, паказалі 14 фільмаў з Беларусі, Расіі, Ірана, Італіі, Венгрыі, В’етнама, Германіі, Чэхіі, Эстоніі, Кітая. 13 з іх — конкурсныя і фільм адкрыцця “Лістападзіка” “Зоркі сёмага неба” айчыннага рэжысёра Алены Туравай. І, паверце, зала кінатэатра ні разу не пуставала.
У аўторак, 23 лістапада, былі аб’яўлены пераможцы конкурсу. Судзейскую калегію “Лістападзіка” ўзначаліла заслужаная артыстка Расійскай Федэрацыі і Украінскай ССР, віцэ-прэзідэнт і генеральны дырэктар адкрытага фестывалю кіно краін СНД і Балтыі “Кінашок” Ірына Шаўчук. Канкурсантаў таксама ацэньвалі беларускі рэжысёр Аляксандр Ленкін і дырэктар кінастудыі “Грузія-фільм” Хатуна Хундадзэ. “Залатым “Лістападзікам” яны ўзнагародзілі поўнаметражны мультфільм “Нават мышы трапляюць у рай” рэжысёраў Яна Бубенічка і Дэнізы Грымавай — сумесную карціну Чэхіі, Францыі, Славакіі і Польшчы. Дарэчы, крыху раней гэтую анімацыйную гісторыю пра сапраўднае сяброўства двух ворагаў ужо адзначылі “Залатым кубкам” Шанхайскага міжнароднага кінафестывалю.
Спецыяльным прызам журы “За сімфонію пачуццяў” адзначаны фільм “Прэлюдыя і фуга” беларускага рэжысёра Ігара Волчака.
Ірына Шаўчук падкрэсліла, што ўсе карціны конкурсу былі дастойнымі: “Мы з задавальненнем паглядзелі дзіцячае кіно. Мне было вельмі цікава пабыць у такой ролі. У журы не было рознагалоссяў. А пры вызначэнні лепшых мы кіраваліся выключна талентам. Спадзяюся, мы зрабілі ўсё па справядлівасці”. Да таго ж яна была ўражана беларускімі гледачамі: “У Мінску цудоўныя гледачы, я даўно не бачыла поўнай залы, дзе б так ціхенька сядзелі і глядзелі фільм і пры гэтым не шамацелі попкорнам. А гэта сведчанне таго, што вы па-сапраўднаму любіце кіно”.
З ёй пагадзілася і Хатуна Хундадзэ: “Дзіцячая аўдыторыя Беларусі цудоўная — выхаваная і вельмі арганізаваная, усе адразу выключылі тэлефоны, уважліва глядзелі фільмы і радаваліся. Мінскія дзеці тонка адчувалі як ігравое кіно, так і сур’ёзную анімацыю. І ад уладальніка гран-пры — фільма “Нават мышы трапляюць у рай” дзеці былі ў захапленні”. А Аляксандр Ленкін дадаў, што мультфільм пра мышаня — унікальны нават для фестываляў, дзе прадстаўляюць шмат якаснай анімацыі: “Рэдка бываюць такія фільмы, таму ў нас адбылася прыемная падзея, калі ён трапіў да нас. Мы, журы, аднагалосна прызналі гэтую стужку лепшай. Увогуле кіно для дзяцей не проста так робіцца, яно павінна быць з арыгінальнай, цікавай гісторыяй, зразумелай дзецям, якая будзе хваляваць іх. Мы перакананы, што фільмы, удастоеныя прызоў, будуць з задавальненнем глядзець і дзеці, і дарослыя і рабіць добрыя высновы”.
Нагадаем, мультфільм-пераможца “Нават мышы трапляюць у рай” зняты па кнізе дзіцячай пісьменніцы Івы Прахазкавай, слоган якой: “Сяброўства — вялікая прыгода”. Паводле сюжэта, дзеянне адбываецца ў раі для жывёл. Па выпадковасці менавіта туды трапляюць галоўныя героі — маленькае мышаня і ліс. Здавалася б, сяброўства паміж імі немагчыма, але ў раі няма інстынктаў, там пануе толькі спакой і гармонія. Мышаня і ліс разумеюць, што не такія яны ўжо і розныя, і становяцца лепшымі сябрамі. Але іх душам наканавана вярнуцца назад, у рэальны свет, дзе яны памяняюцца ролямі. Вось тут і ўзнікае галоўнае пытанне: ці ўдасца ім захаваць сяброўства?
Спецыяльным прызам журы “За сімфонію пачуццяў” адзначаны фільм “Прэлюдыя і фуга” беларускага рэжысёра Ігара Волчака. У стужцы праз прызму дзіцячых успамінаў расказваецца пра 50—90-я гады мінулага стагоддзя, жыццё пакаленняў і фарміраванне творчай асобы. “Мы здымаем нашы фільмы для гледача. Мая работа вельмі складаная для ўспрымання, але, нягледзячы на гэта, да мяне пасля паказу фільма падышлі маладыя людзі і падзякавалі за яго”, — сказаў І.Волчак. Яшчэ ад зін айчынны анімацыйны фільм “Я тайну ў глыбіні душы хаваю” рэжысёра Алены Пяткевіч узнагародзілі дыпломам за “Акварэльную паліфанію душы паэта”. Ён таксама варты асаблівай увагі гледачоў, бо расказвае пра нашага выбітнага паэта Максіма Багдановіча.
Кінаработы ацэньваў і савет юных кінакрытыкаў, у склад якога ўвайшлі Гарардас Сенюцас, Вераніка Гапановіч, Арцём Зайцаў, Кацярына Ляцецкая, Арцём Лучанок і Паліна Шульга. Па іх меркаванні, пераможцам “Лістападзіка” стала расійская стужка “Новенькі” рэжысёра Аляксандра Куляміна, якая да таго ж атрымала прыз глядацкіх сімпатый. “Мы выбралі фільм “Новенькі”, таму што ён атмасферны і блізкі нам, у ім паказаны будні падлеткаў з іх няпростым жыццём”, — падзяліўся ўражаннем старшыня савета вучань гімназіі № 56 Мінска Гарадас Сенюцас.
Акрамя таго, менавіта акцёры “Новенькага” прызнаны лепшымі: Вераніка Усцімава стала ўладальніцай прыза за “Лепшую дзіцячую ролю”, а Архіп Лебедзеў — за “Лепшую работу дарослага акцёра ў дзіцячым фільме”. У “Новенькім” паказаны новы вучань 11 класа звычайнай сярэдняй школы, прычым хлопчык з анкалагічным захворваннем. Пра яго дыягназ ведаюць толькі члены сям’і і дырэктар школы. Хлопец прыходзіць у новы клас, дзе ўстаноўлены свае законы. У карціне паказана ўсё: і першае каханне, і сяброўства, здрада, і нават булінг. “Мы знайшлі гісторыю, якая кранула ў першую чаргу нашы сэрцы, і зразумелі, што такую карціну неабходна зня ць. Гэта фільм для падлеткаў, іх бацькоў і ўсіх, хто неабыякавы да лёсу падрастаючага пакалення, — расказаў рэжысёр Аляксандр Кулямін. — Гісторыя, якую мы расказваем, архетыповая. Магчыма, таму і гледачы прагаласавалі за яе, бо яна адгукнулася ў іх сэрцах”.
Па словах прадзюсара карціны Юрыя Кузняцова-Таёжнага, у “Новенькім” ёсць самае галоўнае, без чаго нельга здымаць кіно, — спачуванне і саўдзел. “Мы рабілі гэтую работу сумленна, здымачная група працавала на знос. Вельмі рады, што фільм атрымаўся, што ён прыносіць вялікае задавальненне не толькі нам, але і публіцы. Людзі радуюцца, выходзяць з залы з тымі вачыма, якія мы хацелі бачыць, калі здымалі гэтае кіно. Можна гаварыць пра ўсё, што заўгодна, але вочы не падманваюць, і гэта для нас асабліва важна. Плануем вясной выйсці ў кінапракат, каб у Расіі, Беларусі і іншых рускамоўных краінах гэтую карціну пабачылі як мага больш гледачоў, — дадаў ён. — Удзел у “Лістапа-дзіку” — дадатковая матывацыя. Мы рыхтуем яшчэ адну карціну дзіцяча-юнацкага зместу пад назвай “Звон надзеі”. З ёй, спадзяюся, у наступным годзе мы зноў прыедзем на ваш кінафестываль, які мы вельмі любім”.
Да ўсяго вышэйсказанага застаецца дадаць толькі адно: абавязкова паглядзіце самі і пакажыце сваім дзецям і вучням фільмы — пераможцы сёлетняга “Лістападзіка”.
Вольга АНТОНЕНКАВА.








