Сустрэча-­падзяка

- 11:35Культура

У храме­-помніку ў гонар Усіх Святых адбылася калядная сустрэча — урачыстае ўшанаванне партнёраў і сяброў Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”.

Ва ўрачыстай белай зале прысутнічалі рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, прадстаўнікі абласных упраўленняў адукацыі, начальнікі раённых аддзелаў адукацыі, дырэктары школ, педагогі. 

Сярод шаноўных гасцей — мітрапаліт Веньямін, першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавой­тава, намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі, протаіерэй Фёдар Поўны, сенатар Таццяна Рунец, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Лілія Ананіч, першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў, старшыня Беларускага саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў, старшыня праўлення Беларускага таварыства “Веды” Вадзім Гігін. Як не раз падкрэслівалася падчас сустрэчы, гэта не проста партнёры, а сябры і паплечнікі.

Менавіта таму на працягу ўсёй сустрэчы гучалі цёплыя словы-пажаданні. Ды і месца спрыяла. Незлічоная колькасць педагогаў, кіраўнікоў устаноў адукацыі пабывала за апошні час у храме-помніку. І не толькі таму, што протаіерэй Фёдар Поўны ўзначальвае Сінадальны аддзел БПЦ па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі. Проста храм-помнік у гонар Усіх Святых — адметны ў Беларусі. Да таго ж ужо другі год ва ўстановах адукацыі краіны дзейнічае факультатыў “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”, да якога айцец Фёдар мае непасрэднае дачыненне. У сваім вітальным слове ён якраз і падкрэсліў значнасць сувязі чалавека і Бога, патрэбу кожнага з нас у адкрытасці і духоўнасці. 

Граматай Міністэрства адукацыі ўзнагароджаны вядучы карэспандэнт Наталля Сахно і рэдактар аддзела “Настаўніцкай газеты” Вольга Антоненкава.

Гэтая калядная сустрэча стала адметнай пачаткам яшчэ адной традыцыі — узнагароджання журналістаў, якія асабліва вызначыліся сваімі матэрыяламі пра сістэму адукацыі краіны. Віншаванні і словы па­дзякі ад намесніка міністра адукацыі Ірыны Старавойтавай прагучалі ў адрас рэдактара аддзела вышэйшай і прафесійнай адукацыі Вольгі Антоненкавай і вядучага карэспандэнта аддзела вышэйшай і прафесійнай адукацыі “Настаўніцкай газеты” Наталлі Сахно. Акрамя таго, узнагароды атрымалі журналіст і тэлевядучы канала СТБ Рыгор Азаронак, журналістка “СБ. Беларусь сёння” Таісія Азановіч.

Ірына Анатольеўна звярнула ўвагу на няпростую працу журналістаў, іх імкненне своечасова і правільна перадаць інфармацыю, патлумачыць, дапамагчы зразумець неабходнае. Асабліва цяпер, калі ў сістэме адукацыі столькі змяненняў. Акрамя таго, яна адзначыла работу супрацоўнікаў “Настаўніцкай газеты”, якія імкнуцца расказ­ваць не толькі пра агульныя тэндэнцыі ў айчыннай адукацыі, але і пра лёсы цікавых педагогаў і іх вучняў.

Так, мы імкнёмся ісці ў нагу з часам і адпавядаць запытам нашых чытачоў. Толькі ў мінулым годзе ў нашай газеце стартавала адразу 12 новых рубрык-праектаў! Зрэшты, мы ганарымся і іншымі выданнямі нашага Выдавецкага дома: часопісам “Народная асвета”, якому ў наступным годзе споўніцца 100 гадоў, газетай “Домой!”, якая ўжо ў гэтым годзе адзначыць свой дзясяты дзень нараджэння, карысным сеткавым парталам ng-press. У нас нават ёсць свой глянец — унікальны часопіс пра маладзёжны спорт “Спортtime”. 

Сувязь з “Настаўніцкай газетай” мацуе прафесійныя сувязі педагогаў не толькі ўнутры рэгіёна, але і па ўсёй краіне. А вопыт калег, размешчаны на старонках газеты, каштоўны і варты пераймання.

А яшчэ ў нас працуе Telegram-канал добрых навін “Настаўніцкая”. Мяркуем, што два з паловай мільёны праглядаў за год — добрая лічба.  У найбліжэйшых планах — запусціць новую версію сайта “Настаўніцкай”, цяпер гэта будзе партал “Настаўніцкая прэса”.

У працяг гаворкі пра конкурс хочацца адзначыць, што мы ўжо двойчы падвялі вынікі конкурсу падпісной кампаніі ў трох намінацыях — “Вобласць”, “Раён”, “Горад”. 9 пераможцаў атрымалі прызы ў мінулым годзе — аргтэхніку, прынтары, а 9 атрымаюць у студзені — лютым. Першыя прызы (у Старыя Дарогі) ужо дастаўлены напярэдадні Каляд. 

Прыемна адзначыць, што сярод пераможцаў зноў Магілёўская і Гомельская вобласці, Орша, Баранавічы, гарадскі пасёлак Акцябрскі, Мазыр. У ліку прызёраў гэтым разам апынуліся і Хойнікі — мы абавязкова прыедзем у госці з прызамі і дыпломам! Віншуем пераможцаў і паведамляем, што стартаваў новы конкурс. Цяпер вынікі бу­дуць падводзіцца раз у паўгоддзе. І акрамя ўзна­гарод, пераможцаў, як заўсёды, будзе ча­каць павышаная ўвага нашых журналістаў.

Як адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Наталля Каліноўская, сувязь з “Настаўніцкай газетай” мацуе прафесійныя сувязі педагогаў не толькі ўнутры рэгіёна, але і па ўсёй краіне. А вопыт калег, размешчаны на старонках газеты, каштоўны і варты пераймання. Яго шырокая геаграфія сведчыць пра тое, што таленавітыя педагогі жывуць і працуюць у кожным кутку нашай краіны.

Мінулы Год гістарычнай памяці для “Настаўніцкай газеты” вызначыўся стартам новых праектаў, сярод якіх асаблівае месца займае праект “Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны”. Дзясяткі школ нашай краіны носяць імёны знакамітых людзей. Сярод іх Героі Савецкага Саюза, Героі Беларусі, педагогі, пісьменнікі, навукоўцы, святыя. Пра гэтых людзей, пра захаванне памяці аб іх ва ўстановах адукацыі расказвае аднайменная кніга.

Важнасць і неабходнасць такой дзейнас­ці падкрэсліла Лілія Ананіч, якая звярнула ўвагу на сувязь пакаленняў і ўплыў гэтай сувязі на выхаванне моладзі. 

Сіла “Настаўніцкай газеты” не толькі ў журналістах, але і ў яе аўтарах — педагогах школ, гімназій, ліцэяў. Прыемна, што і яны сталі нашымі гасцямі. Гэта доктар навук, які прадстаўляе Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Міхаіл Рымжа, пісьменніца лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” Алена Харашэвіч, якая вядзе ў нашай газеце рубрыку “Крыніцы зямлі беларускай”, дырэктар гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Мінска Наталля Бушная, якая таксама вядзе на старонках “Настаўніцкай” сваю рубрыку. Дарэчы, з Ленінскім раёнам сталіцы (гімназія № 1 знаходзіцца менавіта там) у нашага Выдавецкага дома асаблівае сяброўства, і мы ўдзячны за гэта кіраўніку раённага ўпраўлення адукацыі Наталлі Кучынскай, госці нашай сустрэчы.

Асобная падзяка — дзіцячай харэаграфічнай школе мастацтваў № 1 Мінска (мастацкі кіраўнік — заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дарохіна) за цудоўнае музычнае суправаджэнне.

Зрэшты, мы ўдзячны ўсім і кожнаму, хто знайшоў час прыйсці і сказаць цёплыя словы падтрымкі нашаму Выдавецкаму дому. Мінулы год быў плённым у сумеснай працы. Спадзяёмся, што і 2023-ы — Год міру і стварэння — будзе для ўсіх нас не менш прадукцыйным. 

Наперадзе — сустрэчы, інтэрв’ю, камандзіроўкі, якія заўсёды натхняюць, бо адчуваюцца партнёрскія сувязі і разуменне агульных прынцыпаў развіцця педагагічнай прэсы, даюць прастору для роздуму, прыводзяць да новых рубрык і праектаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.