Трэба паглядзець работы яго юных паслядоўнікаў — пераможцаў IV Адкрытага фестывалю-конкурсу дзіцячай творчасці “Я хачу стварыць цуд”, які прысвечаны 140-годдзю з дня нараджэння Пабла Пікасо і праходзіць у гомельскай мастацкай галерэі Гаўрыіла Вашчанкі.
Фестываль пачынаўся ў гомельскай сярэдняй школе № 19 пры падтрымцы ўпраўлення адукацыі Гомельскага гарвыканкама, а зараз выйшаў далёка за межы ўстановы адукацыі і прыцягнуў увагу дзяцей не толькі з Беларусі, але і з замежных краін.
Сёлета на суд журы было прадстаўлена больш як 200 творчых работ. Яны ацэньваліся ў трох узроставых катэгорыях у намінацыях “Графіка”, “Жывапіс” па зададзеных тэмах: “Кубізм — раскладзі і складзі”, “Прымітывізм — гэта няпроста”, “У глыбіні душы”, “Тэатр — гэта асаблівая краіна”, “Малюю ўсім, чым хачу”, “Колер майго настрою”. Лепшыя конкурсныя работы прадстаўлены ў экспазіцыі.
Арганізатары адзначылі, што асноўныя задачы фестывалю-конкурсу — стварэнне ўмоў для падтрымкі і развіцця творчага патэнцыялу аўтараў, фарміраванне мастацка-эстэтычнага стаўлення да навакольнага свету, да яго духоўна-маральных і культурных каштоўнасцей, а таксама абмен мастацкім вопытам і творчымі дасягненнямі паміж навучэнцамі і педагогамі.
Азнаёміцца з творчасцю юных творцаў у галерэі Гаўрыіла Вашчанкі можна да 12 снежня.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.






