Сучасная сістэма адукацыі сутыкаецца з цэлым шэрагам цывілізацыйных выклікаў. Інфармацыйная рэвалюцыя, глабалізацыя, размыванне культурных узораў… Мы становімся сведкамі таго, як змест адукацыі напаўняецца новымі сэнсамі: чалавек зможа заняць годнае месца ў любой галіне эканомікі, калі ён не проста шмат ведае, а валодае гатоўнасцю і здольнасцю пастаянна папаўняць свой багаж ведаў, гэта значыць, вучыцца на працягу ўсяго жыцця. Сёння любую інфармацыю можна знайсці ў інтэрнэце — для гэтага не патрэбен настаўнік. А вось для таго, каб дапамагчы дзіцяці ператварыць гэтую інфармацыю ў веды, значныя не толькі для яго, але і для тых людзей, якія яго акружаюць, патрэбна педагагічная падтрымка.
Якім павінен быць сучасны педагог, каб ён мог адказваць на выклікі імклівага развіцця ХХІ стагоддзя? Што чакае грамадства ад педагога?
Мне ўспамінаецца мой класны кіраўнік Марыя Антонаўна. Выдатны чалавек і высокі прафесіянал. Настаўніца рускай мовы і літаратуры. Як бы я ні спрабавала намаляваць карцінку свайго школьнага мінулага, Марыя Антонаўна заўсёды ўяўляецца мне з указкай у руках, чалавекам, які вучыць нас, звяртае нашу ўвагу да кнігі, падручніка, сшытка. Да ведаў! І мы яе слухалі і чулі. Але тады быў час, калі настаўнік з’яўляўся носьбітам унікальных ведаў, якія няпроста было знайсці дзесьці яшчэ. Не ў кожнай бібліятэцы можна было знайсці патрэбныя для паспяховай вучобы кнігі. Таму мы лавілі, запісвалі кожнае слова настаўніка. Але мяняецца час, мяняемся і мы.
Разрыў паміж пакаленнямі найбольш востра адчуваецца менавіта ў эпоху імклівых змяненняў. Таму кожны чалавек павінен сфарміраваць сябе як канкурэнтаздольнага спецыяліста. У тым ліку і педагог. Трэба ісці ў нагу з часам, быць у трэндзе. Сёння мы вучым, выхоўваем дзяцей, якія нарадзіліся і выраслі ў “лічбе”. Нашы дзеці паралельна знаходзяцца ў дзвюх рэальнасцях. І гэтае знаходжанне ў віртуальным свеце часам выступае своеасаблівай абаронай ад рэальнага жыцця, суправаджаецца ростам індывідуалізацыі, карыслівай персаналізацыі, няўстойлівасцю асобасных каштоўнасцей, скажоным разуменнем адказнасці. Гэта прад’яўляе асаблівыя патрабаванні да кампетэнцый педагога. Не проста перадаваць веды, а далучаць вучняў да сумеснага пошуку новага. Для гэтага патрэбны не толькі тэхналагічныя навыкі, але і крэатыўнасць, аналітычнае мысленне, эмацыянальны і сацыяльны інтэлект, гэта значыць такія гнуткія навыкі, якія дазваляюць размаўляць з “лічбавым” пакаленнем на мове сучаснасці.
Маладыя спецыялісты, якія прыходзяць сёння ў школу, маюць добрую ўніверсітэцкую падрыхтоўку, але, самае галоўнае, яны адкрытыя новаму вопыту. І вось гэтую адкрытасць новаму вопыту неабходна выкарыстоўваць для фарміравання каштоўнаснай асновы дыялогу пакаленняў. Не менш важныя інвестыцыі ў прафесійны рост ужо вопытнага, дасведчанага педагога, для якога звыклымі сродкамі навучання выступаюць крэйда і дошка. Сучасныя трэнды адукацыі звязаны з фарміраваннем функцыянальнай пісьменнасці, выкарыстаннем PISA-тэстаў у вучэбным працэсе. Тая ж пандэмія ставіць педагога перад неабходнасцю асвойваць сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Таму сімбіёз мышкі і крэйды, традыцый і інавацый, псіхолага-педагагічных і сучасных лічбавых тэхналогій выступае магутным рэсурсам фарміравання матываў, сэнсаў, каштоўнасцей, ведаў і ўменняў вучняў.
Ці лёгка быць педагогам? Не буду хітраваць. Нялёгка. Гэта тая праца, якая патрабуе бесперапынных, штодзённых, штогадзінных зносін не толькі з дзецьмі, але і з калегамі, бацькамі, бабулямі, дзядулямі, самымі рознымі людзьмі рознага ўзросту, розных інтарэсаў, здольнасцей, поглядаў, прафесій. Ва ўзаемаадносінах з кожным трэба праявіць вытрымку, такт, спачуванне, строгасць. І, безумоўна, быць цікавым суразмоўнікам, шмат чытаць, сачыць за навінкамі тэатральных пастановак, выстаў і многае іншае. Бо выбар любімага прадмета, а ў будучыні і прафесіі, вучань часцей за ўсё звязвае з асобай настаўніка.
Педагог — масавая прафесія. Нас шмат і мы розныя. І нам, як і іншым, таксама ўласціва памыляцца. Аб настаўніцкай працы і адукацыі ў цэлым цяпер нярэдка гавораць негатыўна. Гэта наносіць сур’ёзны ўдар па іміджы прафесіі. Часам самі педагогі дэманструюць непаважлівае стаўленне да сваёй працы, дазваляючы не заўсёды дарэчныя каментарыі. Без павагі да саміх сябе, да той справы, якой мы служым, чаканне павагі з боку іншых будзе абсалютна марнае.
Настаўнік — прафесія маральная. Як несці маральныя арыенціры і фарміраваць грамадзянскую пазіцыю, калі нашы дзеці праводзяць вольны час не з добрай кнігай, а з гаджэтамі, калі яны часам арыентуюцца не на меркаванне дарослых, а на інфармацыю, якую знайшлі ў інтэрнэце? І ўсё ж такі… Нашы “лічбавыя” школьнікі цэняць настаўніка-прафесіянала, паважаюць яго асобу, калі ён асобай з’яўляецца. Таму, калі ты інвесціруеш у сваю асобу, развіваешся ў прафесіі, удасканальваеш гнуткія навыкі, паважаеш сябе і тую справу, якой служыш, застаючыся адданым тым маральным ідэалам, што ў свой час нам перадалі нашы настаўнікі, ты застаешся запатрабаваным у сваёй прафесіі.
Вядучая рубрыкі — дырэктар сталічнай гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Наталля Бушная.