Малюнак, ажыві!

- 9:20Культура

Адразу дзевяць навучэнцаў Мінскай дзяржаўнай гімназіі­-каледжа мастацтваў сталі лаўрэатамі першага Міжнароднага конкурсу ілюстратараў кніг для дзяцей імя Радны Сахалтуева.

Кнігі для дзяцей — гэта асаблівы сусвет, напоўнены яркімі колерамі і вобразамі. Каб яны ажылі і запалі ў душу маленькага чытача,  мастаку трэба не толькі валодаць бязмернай фантазіяй, пэўнымі тэхнікамі, але і самому заставацца ў чымсьці дзіцем. Мабыць, менавіта гэта і дапамагло навучэнцам Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў стаць адметнымі сярод вялікай колькасці ўдзельнікаў міжнароднага конкурсу. Больш за 300 мастакоў, аніматараў, графічных дызайнераў, моўшн-дызайнераў з пяці краін свету прымалі ўдзел у творчым спаборніцтве. Многія з іх — вопытныя прафесіяналы.

— Наша краіна ўпершыню прымала ўдзел у конкурсе. Журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі Беларусі, Украіны і Грузіі,  узначаліў Радна Сахалтуеў, народны мастак Украіны. Ніякіх абмежаванняў па ўзросце і тэхніцы выканання творчых работ не было. Нашу краіну прадстаўлялі каля сотні мастакоў. Усе малюнкі былі абазначаны нумарамі, і да апошняга моманту ніхто не ведаў, хто з’яўляецца іх аўтарам. Журы было вельмі здзіўлена, калі стала зразумела, што сярод лаўрэатаў такая вялікая колькасць навучэнцаў Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў, — расказаў Сяргей Мусіенка, член журы, кіраўнік аналітычнага цэнтра EcooM,  лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.

Заснавальнікам конкурсу з’яўляецца народны мастак Украіны Радна Сахалтуеў. На яго творчасці вырасла амаль кожнае савецкае дзіця. Ён — мастак-пастаноўшчык мультыплікацыйных фільмаў “Прыгоды капітана Врунгеля”, “Айбаліт”, “Востраў скарбаў”, ілюстратар кніг “Мэры Попінс”, “Рабінзон Круза” і многіх іншых. Мэта конкурсу — падтрымка таленавітых мастакоў, ілюстратараў, аніматараў і ўмацаванне творчага ўзаемадзеяння паміж Украінай, Грузіяй і Рэспублікай Беларусь.

Было вырашана правесці ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў, якое адбылося ў актавай зале навучальнай установы. Тут былі выстаўлены работы лаўрэатаў, выкананыя ў розных тэхніках, такіх як графіка, акварэль, інсталяцыя. Навучэнцы самі выбіралі дзіцячыя творы, да якіх стваралі ілюстрацыі. Гэта і казкі, і апавяданні, і вершы. Асаблівую ўвагу звяртала на сябе работа Мацвея Ляйчонка — цудоўная кніга-панарама з аб’ёмнымі малюнкамі, вокладка якой зроблена аўтарам з дрэва, а на старонках — героі  знакамітай “Алісы ў Залюстрэччы”. Лаўрэатамі конкурсу таксама сталі Настасся Каленік, Улада Рыўкіна, Дар’я Піліпчук, Дар’я Лузіна, Настасся Чарняўская, Юлія Усевіч, Сафіко Цікарыдзэ і Паліна Лявонік. Творчасць юных ілюстратараў аб’ядноўваюць натхнёнае і адказнае стаўленне да афармлення дзіцячай літаратуры і смелая аўтарская рэалізацыя ідэй.

— Прымаць удзел у розных конкурсах, у тым ліку і міжнароднага ўзроўню, даўно стала нормай для нашых навучэнцаў. Мы, настаўнікі, падтрымліваем іх, да кожнага ставімся з павагай, не дазваляем сабе абыякавасці і дапамагаем раскрыць талент дзяцей. Ганарымся поспехамі нашых выхаванцаў, а яны ў сваю чаргу заўсёды выказваюць нам шчырыя словы падзякі, — адзначыла Лілія Міцура, дырэктар гімназіі-каледжа мастацтваў.

Падчас узнагароджання юныя ілюстратары атрымалі дыпломы і кнігу, выдадзеную па выніках конкурсу. У ёй змешчана інфармацыя пра пераможцаў і ўсіх лаўрэатаў. Такі падарунак стане важкім дапаўненнем у прафесійнае партфоліа будучых мастакоў. Таксама было агучана запрашэнне ў Кіеў на сустрэчу з Раднам Сахалтуевым.

Марына ЖДАНАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.