Танцуем — ад Пінска!

- 10:30Выхаваўчая прастора

Напярэдадні свайго 80­-гадовага юбілею харэограф Мікола Котаў правёў майстар­-клас па народных танцах для навучэнцаў Пінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.

Калі хтосьці сумняваецца ў тым, што ў народным мастацтве прыхавана велізарная сіла, пазнаёмцеся з юбілярам. Мікола Конанавіч — харэограф, ганаровы грамадзянін горада Турава. Ён у добрай фізічнай форме, нягледзячы на металічную спіцу ў назе пасля аўтааварыі. Нават у шпагат калі што — р-раз!.. Нядаўна зрабіў так на майстар-класе перад маладымі калегамі, будучымі танцорамі і харэографамі, у Пінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў — апладзіравалі яму!

Родам з Палесся, з ваеннага 1941-га, ён увабраў ад роднай зямлі, ад родных людзей шмат жыццёвай сілы. Стварыў з нуля на Палессі тры вядомыя танцавальныя гурты. І яшчэ ў Мінску — тэатр фальклору “Матуліна хата”. Фалькларыст, аўтар шэрага пастановак, артыкулаў і кніг, тэкстаў песень. Планаў, задум шмат! Дарэчы, адна творчая група здымае фільм пра яго, няўрымслівага творцу, бо Мікола Конанавіч — яскравае пацвярджэнне таго, што фальклор, народнае мастацтва не проста ўпрыгожваюць жыццё, гэта і ёсць сапраўднае жыццё ў гармоніі з самім сабой, з людзьмі, з Сусветам.

Пасля чарговых “гастроляў” Мікола Конанавіч удакладніў, што створаныя ім гурты ў Тураве, Рэмелі ды Верасніцы (адпаведна “Прыпяць”, “Ніва” і “Верасок”) і сёння трымаюць рэпертуар у народным стылі. Згадаў сваіх вядомых вучняў, у тым ліку заслужанага работніка культуры Расіі Фёдара Сядзельніка (жыве, працуе ў Ленінградскай вобласці, ганаровы грамадзянін Тосненскага раёна), які прайшоў у 60-я праз “Прыпяць”. Парадаваўся, што Іван Матох (адзін з удзельнікаў таго ансамбля, потым расійскі афіцэр і ўрэшце клапатлівы гаспадар на бацькоўскай сядзібе на Тураўшчыне) шмат сіл прыклаў, каб паставіць там, у Запясоччы, памятны крыж у гонар усіх удзельнікаў самадзейных мастацкіх калектываў Жыткавіччыны. Адзіны, дарэчы, такі знак у Беларусі.

Клопат пра развіццё мастацкай самадзейнасці, па меркаванні Міколы Конанавіча, не менш важны ў наш час, асабліва ў глыбінцы, у аграгарадках, чым захаванне тэхналогій апрацоўкі зямлі ды севазвароты. Бо душа чалавечая “расце” ў творчасці, праз такую дзейнасць адладжваюцца нашы патаемныя сувязі з родам, народам, Бацькаўшчынай — усё тое, што, урэшце, называецца патрыятызмам. Але гаворка, вядома ж, пра сапраўды народныя традыцыі, а не пра бяздумныя забаўкі-паскакушкі ды шэры фолк-кіч, якія часам выдаюцца за фальклор. З ліку тых, хто “не кідае без нагляду ніву мастацкай самадзейнасці”, назваў Котаў кіраўніка вядомай гаспадаркі “Палеская ніва” са Століншчыны, з Рэмеля — Аляксея Мікалаевіча Бародзіча:

— Вось і нядаўна толькі папрасілі — даў адразу нам аўтобус паехаць у Гарадную, вядомую традыцыямі ганчарства вёску.  І ўвогуле, казалі мне, дапамагае самадзейным артыстам з мясцовага Палаца культуры. А ехалі артысты рэмельскага гурта “Ніва” на канцэрт, спяваючы ўсю дарогу народныя песні. Проста цуд і любата! З намі яшчэ былі артысты з Давыд-Гарадка на чале з Міхаілам Шыкунцом. Вясёлыя ўсе ды шчаслівыя. Далі ў нядзелю шыкоўны канцэрт у Гарадной, ну і заадно гэта была творчая сустрэча са мной як фалькларыстам. Прымала творчую брыгаду, хораша выступала Алімпіяда Дзмітрыеўна Леанавец — гаспадыня ў вясковым музеі-сядзібе ганчара.

Душа чалавечая “расце” ў творчасці, праз такую дзейнасць адладжваюцца нашы патаемныя сувязі з родам, народам, Бацькаўшчынай — усё тое, што, урэшце, называецца патрыятызмам.

Але тое было пасля Пінска і тамтэйшага дзяржкаледжа мастацтваў, у які запрасіў настаўніка яго былы вучань з “Прыпяці” Міхаіл Сегень. Там прайшоў конкурс балетмайстарскіх работ “Почырк” — па матэрыялах беларускага дзіцячага харэаграфічнага фальклору. Котаў быў адным з членаў журы, ганаровым госцем конкурсу. Дваццаць старшакурснікаў прадставілі свае пастаноўкі, былі вызначаны пераможцы, дыпламанты. Адзначым: каледж спачатку ствараўся харэаграфічным, яго выпускнікі папаўняюць народныя калектывы краіны, працуюць ва ўсіх яе абласцях і за мяжой.

— Спачатку быў конкурс, і я ўбачыў, што і як робяць мае малодшыя калегі, — удакладніў Мікола Конанавіч. — Калі падводзілі вынікі, сказаў: “Заўтра пастараюся даць вам тое, чаго я не ўбачыў у першы дзень”.

І назаўтра быў майстар-клас па беларускім харэаграфічным фальклоры.

Уражаннямі пра яго падзяліўся старшы выкладчык каледжа Міхаіл Сегень:

— Будзем шчырымі: фальклор цяпер не надта папулярны. Але студэнты з разуменнем, нават з захапленнем удзельнічалі ў майстар-класе. Думаю, некаторыя зрабілі для сябе адкрыццё, што гэта за прыгажосць. Якраз для творчага штуршка і патрэбны падобныя сустрэчы — заахвоціць навучэнцаў, падказаць моладзі, як цікава можна прадэманстраваць на сцэне і ў сучаснай харэаграфіі нашу адметнасць беларускасць. Ну, а Мікола Конанавіч быў на вышыні. Ён для ўсіх прыклад творчага даўгалецця. Такі жывы кантакт вельмі важны. І здымкі, відэа зрабілі — будзем выкарыстоўваць у рабоце.

Задаволены паездкай і Мікола Котаў:

—Я паказваў маладым, якім можа быць шлях творчасці, сцэнічнай імправізацыі на аснове фальклору, як прыўнесці крыху сучаснасці ў народны танец. Вобразна кажучы, мы прышчэпліваем яе на моцны корань традыцый. Ці вось, напрыклад, ёсць смачны палескі боршч — а мы дабаўляем у яго трошкі соусу ці смятаны. Але ўсё гэта з густам трэба рабіць, каб не перабраць меру з эксперыментамі. Бачыў, як засвяціліся, загарэліся вочы ў пінскіх хлопцаў і дзяўчат. Для мяне гэта паказчык: такія сустрэчы вельмі патрэбныя. Дзве з паловай гадзіны праляцелі — і ніхто не разыходзіўся. А было чалавек 50, з усіх курсаў. Такое і ў мяне, і ў іх было ўпершыню, але, спадзяюся, творчыя кантакты з Міхаілам Арцем’евічам, Алай Уладзіміраўнай і іх каледжам прадоўжацца.

Вось так — з сябрамі, у творчых паездках — сустракаў Мікола Конанавіч юбілей. Шмат было тэлефанаванняў і віншаванняў — з усіх канцоў свету. І мы да іх таксама далучаемся.

Іван ЖДАНОВІЧ.