Каралева зімовай казкі

- 12:10Культура

У канцы студзеня ў Санкт­Пецярбургу адбыўся VIII Міжнародны фестываль мастацтваў “Зімовая казка”, у якім перамогу атрымала ўдзельніца з Магілёва.

У фестывалі-конкурсе прынялі ўдзел 160 музыкантаў з Расіі, Беларусі, Кітая, Малдовы. Юныя таленты спаборнічалі ў намінацыях “Акадэмічныя спевы”, “Народныя спевы” і “Інструментальная музыка” ў вочным і дыстанцыйным фармаце. Абсалютнай пераможцай у напрамку “Акадэмічныя спевы” ў дыстанцыйным фармаце стала адзіная прадстаўніца Беларусі на конкурсе навучэнка Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Яўгена Глебава чатырнаццацігадовая Марыя Блошкіна.

Марыя займаецца музыкай 9 гадоў, з іх 4 — акадэмічным вакалам. З-за пандэміі яна змагла прыняць удзел толькі ў дыстанцыйным фармаце конкурсу, па відэазапісах. З педагогам Вікторыяй Віктараўнай Галуза яны падрыхтавалі 2 творы — старадаўнюю італьянскую арыю Антоніа Лоці Pur dicesti і рускую народную песню “Как на этой на долинке”. Над кожным творам працавалі доўга і старанна, слухалі выкананне вялікіх вакалістаў,
адшліфоўвалі італьянскае вымаўленне.

— Гэта не толькі мая заслуга, гэта сумесная праца майго педагога і канцэртмайстра Ігара Іванавіча Пяганава. Конкурс па відэазапісах мае свае асаблівасці — гэта павінна быць лепшае тваё выступленне, бо члены журы маюць магчымасць некалькі разоў праслухаць запіс і заўважыць тыя недакладнасці, якія ў жывым выкананні маглі б застацца незаўважанымі, — падзялілася Маша.

У скарбонцы Марыі ўжо каля 20 творчых спаборніцтваў, амаль ва ўсіх яна завая­вала прызавыя месцы. Напрыклад, у конкурсе “Сярэбраныя званы” (Латвія) стала лаўрэатам І ступені, а ў мінулым го­дзе заняла 1-е месца на конкурсе “Дзеці ў свеце старадаўняй музыкі” (Расія). Цяпер Маша рыхтуецца да міжнароднага конкурсу юных вакалістаў Алены Абразцовай, які адбудзецца ў Санкт-Пецярбургу ў ліпені 2022 года. — Я вельмі люблю спяваць, люблю выступаць на сцэне, люблю перажываць розныя  эмоцыі ў час выканання твора. У будучыні мару выканаць партыю Таццяны ў оперы Чайкоўскага “Яўгеній Анегін”, а для гэтага трэба шмат вучыцца. У планах — паступленне на вакальнае аддзяленне Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Спадзяюся, што ўсё атрымаецца і мая мара ажыццявіцца, — прызналася Марыя.

Настасся ЧАРКАНАВА.
Фота з асабістага архіва герояў.