Частка медыясферы краіны

- 5:10Наша пошта

Цэнтр масавых камунікацый Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы — больш, чым прэс-служба. Ён працуе і са знешнімі сродкамі масавай інфармацыі, і з сайтам універсітэта, займаецца рэкламай і ў цэлым адказвае
за сувязі з грамадскасцю.

Структура і функцыянал Цэнтра масавых камунікацый (ЦМК) склаліся праз вопыт і разуменне таго, што мы можам рабіць для стварэння станоўчага іміджу ўніверсітэта, прывабнасці яго для абітурыентаў, заказчыкаў паслуг, у тым ліку прадпрыемстваў рэгіёна, для інфармавання насельніцтва аб дзейнасці ўніверсітэта ва ўсіх сферах — навуковай, вучэбнай, сацыяльна-эканамічнай.

Гродзенскі ўніверсітэт — гэта цэнтр навукі, адукацыі і культуры рэгіёна. Гэта ўніверсітэцкі комплекс, у складзе якога — 15 факультэтаў, 4 каледжы (два з іх у буйных раённых цэнтрах — Лі­дзе і Ваўкавыску), Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, Рэгіянальны цэнтр тэсціравання і даўніверсітэцкай  падрыхтоўкі, акрэдытаваныя навуковыя лабараторыі. Гэта класічны ўніверсітэт, які з улікам інтарэсаў гродзенскага рэгіёна і пры падтрымцы Гродзенскага аблвыканкама ў апошнія гады стаў развіваць падрыхтоўку інжынерных кадраў для будаўніцтва, машынабудавання, энергетыкі. Гэта 28 тысяч студэнтаў, выкладчыкаў, супрацоўнікаў, навучэнцаў каледжаў.

Цэнтр масавых камунікацый працуе на карысць усёй гэтай шматграннай, вялікай  структуры. Універсітэт пастаянна стварае інфармацыйныя нагоды, а ЦМК іх выкарыстоўвае.

Цэнтр актыўна супрацоўнічае з усімі сродкамі масавай інфармацыі горада, вобласці (усімі раённымі газетамі), рэспублікі, Беларускім тэлеграфным агенцтвам. У гэтым годзе былі паказаны сюжэты навін універсітэта на двух расійскіх каналах. Выхад на расійскага спажыўца ажыццяўляецца праз дадаткі “Саюз” ў газеце “СБ” і “Союзное вече” ў “Народнай газеце”. Некалькі разоў мы працавалі з Беларускім радыё, якое вяшчае на замежжа. Амаль штодзённа распаўсюджваем інфармацыю аб дзейнасці ВНУ праз электронную пошту, факсы, тэлефонныя размовы.

Акрамя таго, пастаянна запрашаем прадстаўнікоў СМІ — карэспандэнтаў, аператараў, кіраўнікоў — на шматлікія ўніверсітэцкія мерапрыемствы. Гэта канферэнцыі і конкурсы, канцэрты і выставы, візіты дзеячаў навукі, культуры, грамадскіх арганізацый.

Па кожным мерапрыемстве абавязкова рыхтуем прэс-рэлізы, прадастаўляем журналістам усебаковую інфармацыю — лічбы, факты, імёны-прозвішчы, дадатковыя звесткі, нават фармулёўкі навуковых тэкстаў у папулярнай трактоўцы. Па выніках 2011 года ва ўсіх СМІ было размешчана 566 матэрыялаў аб ГрДУ: ад невялікага інфармацыйнага паведамлення на 30 радкоў да палосных матэрыялаў, навіны на радыё і тэлебачанні.

ГрДУ імя Янкі Купалы займае трэцюю пазіцыю сярод беларускіх ВНУ ў міжнародным рэйтынгу вышэйшых навучальных устаноў свету WEBOMETRICS. Яшчэ нядаўна былі другімі, саступаючы толькі Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту. Коль­касць унікальных наведвальнікаў афіцыйнага сайта ГрДУ ў сярэднім складае 3000 чалавек за дзень. Штомесяц на галоўнай старонцы сайта размяшчаецца ад 40 да 80 навін. У маі гэтага года мы пабілі своеасаблівы рэкорд — 105! Асноўная частка паведамленняў ілюструецца фотаздымкамі. Сайт працуе ў чатырох моўных варыянтах — на беларускай, рускай, англійскай і кітайскай мовах. У 2011 годзе на сайце было размешчана больш за 600 паведамленняў, а за 6 месяцаў гэтага года — 496.

Дарэчы, сённяшняя версія галоўнай старонкі сайта ГрДУ была створана два гады назад, а ўжо сёння пачалася распрацоўка новай версіі, больш дасканалай, інфарматыўнай і цікавай для наведвальнікаў.

Задачы інфармацыйнага суправа­джэння дзейнасці ВНУ вырашаюцца комплексна, з удзелам супрацоўнікаў, выкладчыкаў, студэнтаў. І ў першую чаргу — з удзелам і пры актыўнай дапамозе кіраўніцтва ўніверсітэта. Сёння кіраўніцтва ГрДУ добра разумее неабходнасць апераджальнай, тлумачальнай інфармацыі. Гэта вельмі дапамагае Цэнтру масавых камунікацый пры арганізацыі інтэр­в’ю з рэктарам, прарэктарамі, выкладчыкамі, студэнтамі, пры зборы матэрыялаў, арганізацыі сустрэч, інфармаванні аб цікавых па­дзеях і мерапрыемствах, правя­дзенні брыфінгаў і прэс-канферэнцый, нават пры арганізацыi транспарту для выезду журналістаў да месца падзей (напрыклад, на ўручэнне пагонаў курсантам ваеннага факультэта на палігоне па-за горадам, на правядзенне канферэнцыі ў комплексе “Азёры”).

Мы з павагай ставімся да ўсіх журналістаў і спадзяёмся на сумленнае супрацоўніцтва. Цэнтр масавых камунікацый лічыць сябе часткай медыясферы краіны і ўзаемадзейнічае са СМІ на роўных. Адно аднаму дзякуем за цікавыя, прафесійныя матэрыялы, разам спрачаемся, віншуем са святамі, падказваем памылкі.

Нам давяраюць, ведаюць, што наша інфармацыя праўдзівая і дакладная. Напрыклад, калі мы напрыканцы студзеня мінулага года запрасілі журналістаў на… ганак галоўнага корпуса ўніверсітэта, то з’явіліся ўсе запрошаныя: яны паверылі, што мы падрыхтавалі для іх цікавую нагоду. Тут, на ганку, каля размешчанага на сцяне QR-кода, інтэрв’ю даваў студэнт трэцяга курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі Яўген Неўгень — адзін з аўтараў праекта па стварэнні QR-кода ўніверсітэта.

Мы таксама ўдзельнічаем ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзіць для журналістаў кіраўніцтва горада і вобласці. Рэдактар газеты “Гродзенскі ўніверсітэт” Наталля Дудко была запрошана на прэс-канферэнцыю з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі. Супрацоўнік цэнтра Юрый Іванюк стаў лаўрэатам гарадскога конкурсу для журналістаў “Залаты Алень Гродна”.

Супрацоўнікі ЦМК заўсёды цікавяцца работай прэс-службаў іншых ВНУ краіны. Вельмі цікавай была сустрэча з прадстаўнікамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі па абмене вопытам работы. А з калегамі з БДУ мы пастаянна абменьваемся  карыснай інфармацыяй.

Цэнтр масавых камунікацый ГрДУ адказны за выпуск газеты “Гродзенскі ўніверсітэт”,  якая выдаецца з 1986 года. Некалькі гадоў назад мы кардынальна змянілі выгляд газеты. Зараз яна выдаецца ў поўнакаляровай версіі з сучаснай вёрсткай і фотаілюстрацыямі. Але захаваўся ранейшы прынцып напаўнення выдання матэрыяламі: у якасці аўтараў у газеце друкуюцца прафесары і студэнты. Сёння абмяркоўваецца будучыня газеты: традыцыйны папяровы варыянт ці электронная версія? Разумеючы неабходнасць электроннай версіі газеты, будзем займацца гэтым пытаннем у наступным навучальным годзе.

Медыйная прастора ўніверсітэта — гэта і факультэцкія газеты. З 1999 года выдаецца газета “НараSхват” факультэта эканомікі і кіравання. Газета “­FFK-LIFE” факультэта фізічнай культуры з’явілася ў 2009 годзе. Будучыя юрысты выдаюць “Lexpress”, а на факультэце матэматыкі і інфарматыкі існуе электронны Е-часопіс.

Студэнты кафедры журналістыкі не толькі выдаюць некалькі газет, але і стварылі студэнцкі медыяцэнтр, удзель­нічаюць у шматлікіх PR-конкурсах і акцыях. Некалькі разоў на працягу года будучыя журналісты праходзяць практыку ў Цэнтры масавых камунікацый ГрДУ.

Пастаяннае развіццё, цікавасць да новага — аснова паспяховай дзейнасці ўсяго вялікага калектыву Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, усіх яго падраздзяленняў, якія працуюць у інфармацыйнай прасторы. Акрамя Цэнтра масавых камунікацый, гэта кафедра журналістыкі, Цэнтр універсітэцкага менеджменту, Цэнтр тэлебачання і відэавытворчасці, які рыхтуе ўласныя праграмы, забяспечвае ўнутранае ўніверсітэцкае тэлевяшчанне, работу гарадскога тэлеканала “Наш горад плюс”. Восенню плануецца запусціць праект інтэрнэт-тэлебачання для ГрДУ і знешніх карыстальнікаў. Акрамя таго, зараз у ГрДУ рэалізоўваюцца два цікавыя студэнцкія тэлепраекты.

Надзея ВАШКЯЛЕВІЧ,
намеснік начальніка ЦМК ГрДУ імя Янкі Купалы.
Фота Юрыя ІВАНЮКА.