Шчасце летняга пераўвасаблення

- 13:53Рознае партфолiо

Набліжаецца свабодны адпускны час, а для кагосьці ён ужо настаў. У педагогаў часцей за ўсё вольны ад работы час — летні. І гэта перавага, якую цяжка пераацаніць. Хтосьці строіў планы на гэты адачынак на працягу навучальнага года, іншыя задумаліся пра іх напярэдадні.

Знойдуцца і адпускнікі, якія не плануюць, а спантанна ствараюць сабе адпачынак ці ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, арганізаваных іншымі. І першыя, і другія, і трэція маюць рацыю. Важна прыслухоўвацца да сябе і рабіць так, як вам прыемна і зручна.

Менавіта пра гэта сёння гаворка: пра ўвагу да сябе, пра прыняцце сябе, пра любоў да сябе.

Дыялог з чытачом

Ёсць адзін сучасны сродак, дзе ўсё пералічанае можа змясціцца і рэалізавацца. Прапануем педагогам у адпачынку змяніць класны журнал на асабісты булет-журнал. Не думайце, што гэта цяжка, напружана, патрабуе часу і фінансаў, звязана са зменай таго, што ўжо ўстаялася ў жыцці. Булет-журнал злучае ў сабе ўсё: і тое, што раней мы запісвалі ў арганайзеры, у бясконцых спісах, блоках з адрыўнымі лісткамі, асабістым дзённіку, і штосьці новае. Напрыклад, планаванне шчасця, клопат пра здаровы лад жыцця, уключаючы харчаванне, фігуру, здароўе; клопат пра дом, блізкіх людзей — пра усё тое, пра што вы марыце, але да чаго ніяк не даходзяць рукі.

Булет-журнал дапамагае арганізаваць жыццё на карысць, прадугледзеўшы самаразвіццё. Канкрэтызуем свае мары і ажыццяўляем іх. Такі комплексны журнал дапаможа нам, калі не хапае 24 гадзін у сутках, калі мы не знаходзім часу паклапаціцца пра сябе, калі нам здаецца, што ў нашым жыцці здарыўся застой, калі мы марым пра падарожжа, калі мы не паспяваем глядзецца ў люстэрка, калі наша жыццё ператварылася ў вечную гонку. З дапамогай булет-журнала мы прыўносім арганізаванасць у наша жыццё, упарадкоўваем жаданні.

Сакрэт поспеху гэтага новага віду арганайзера — у спалучэнні строгай сістэмнасці і поўнай свабоды самавыяўлення. Усё надзвычай проста.

Сістэму прыдумаў мастак-графік Райдэр Кэрал, у якога ў дзяцінстве быў сіндром дэфіцыту ўвагі.

Вам спатрэбіцца просты блакнот і ручка. Булет-журнал не навязвае ніякай жорсткай структуры. Ніякіх загадзя надрукаваных шаблонаў. Усе старонкі запаўняюцца паслядоўна, адна за адной. Для кожнай новай ідэі — новая старонка.

Не трэба разлічваць, колькі месца спатрэбіцца, задумвацца над паслядоўнасцю старонак. Запісвайце ўсё, што захочацца: задачы, думкі, памяткі, анекдоты, каліграфічныя надпісы, літаратурныя накіды. Рабіце змест пад сябе. І ніякіх абмежаванняў! Упрыгожвайце стыкерамі, фотаздымкамі — гэта ваша прастора для любога творчага самавыяўлення. Ужо адчуваеце натхненне?! У вашым журнале можна крышталізаваць усё жыццё. Каб засцерагчы асаблівы журнал-арганайзер ад ператварэння ў бесталковы набор запісаў, трэба прадугледзець старонкі “Змест” — старонкі планінгу (пакіньце запасныя чыстыя старонкі для гэтых мэт).

У змесце адзначаецца тэма кожнай старонкі ці старонак. Пры іх стварэнні пішыце тэматыку старонкі і нумар у раздзеле “Змест”. Калі з’яўляецца новая старонка на ўжо зазначаную тэму, то дабаўляйце яе нумар побач з іншымі ў змесце. Напрыклад: тэма “Мая будучая кватэра” — стар. 3, 4, 8. Ці тэма, якая паўтараецца: “Планы на месяц” — стар. 1, 15, 23, 30. Булет-журнал прадугледжвае “ключы” — умоўныя знакі, каб лёгка арыентавацца на старонцы, напрыклад, з планамі на дзень. Магчыма, вам спадабаецца такая сістэма: задача, якая патрабуе выканання, — тлустая кропка; чаканая падзея — кружок, памяткі — працяжнік; тэрміновасць — зорачка; натхняльны пункт — клічнік”, пытанне, якое патрабуе асаблівай увагі, — вока.

З дапамогай булет-журнала мы не забудзем пра няскончаную задачу, таму што штодзённік мае сістэму перамяшчэння задач. Калі вы лічыце, што задача захоўвае сваю важнасць, то перанясіце яе ў новы спіс спраў, калі ж не — выкрэслівайце. Выкананая задача — крыжык наперадзе. Не выкананая, але актуальная — кропку наперадзе перарабіце ў стрэлачку, скіраваную ўправа.

Тэмы, якія рэкамендуем уключыць у булет-журнал для эмацыянальна станоўчай афарбоўкі жыцця: “Я кірую сваімі звычкамі”, “Я рыхтуюся да мерапрыемстваў”, “Я разбіраюся з бюджэтам”, “Я збіраю грошы на пэўную мэту”, “Я павышаю сваю эфектыўнасць”, “Я лепш харчуюся”, “Я ствараю аптымальныя ўмовы для начнога сну”, “Я знімаю стрэс”, “Я культывую пазітыўны настрой”, “Я практыкую ўдзячнасць”, “Я збіраю прыемныя ўспаміны”, “Я разбіраюся ў сваіх марах”, “Я раскрываю свой творчы патэнцыял”, “Я задаю сабе правільныя пытанні”, “Я клапачуся пра сваё цела”. Апошнюю тэму разгледзім падрабязней. Прывядзём прыклад спіса ідэй для клопату пра цела:

— прыняць ванну (з добрым часопісам і пахучымі свечкамі);
— кожны дзень націраць цела бальзамам для ўвільгатнення;
— рэгулярна рабіць маскі для валасоў;
— рабіць маскі дя скуры галавы, таму што яна адыгрывае важную ролю ў прыгажосці валасоў;
— рабіць манікюр кожныя 10 дзён;
— даглядаць твар раз на тыдзень у залежнасці ад яго патрэб (увільгатненне, пілінг і г.д.).

Аформіце старонку “Сметніца”, намаляваўшы вялікі бак для смецця, контуры якога амаль супадаюць з межамі старонкі. Запісвайце ў гэты бак усе свае негатыўныя думкі. Калі старонка запоўніцца, можаце выдаліць яе з блакнота і са свайго жыцця.

Вельмі важная старонка “Удзячнасць”. Неабходная ўмова для яе запаўнення — рэгулярнасць.

Няхай у вашым журнале будзе старонка “Сацыяльная сцяна”. На ёй можна запісаць даты нараджэння сяброў, дату экзамену сяброўкі, сябра, імёны ўсіх сваякоў мужа ці жонкі, пералічыце, як можна зрабіць задавальненне тым людзям, якіх вы пакрыўдзілі сваёй няўвагай.

Стронка “Любові да сябе”, улічваючы нашу сённяшнюю тэму, абавязковая. Пералічвайце свае лепшыя якасці: тое, чаго ўдалося дасягнуць у жыцці, якія часткі цела вам больш за ўсё падабаюцца ў сабе, што робіць вас незаменнай дома, за што вас цэняць на рабоце; калі б каханы мужчына ці жанчына хвалілі вас, то якія словы сказалі б.

Фарміруйце ідэі, удасканальвайце свой булет-журнал, а галоўнае — дзейнічайце. Дзейнічайце! Зазірніце ў гарадскія кіёскі саюздруку — там вы абавязкова знойдзеце штосьці, што натхняе вас і цесна звязана з нашай тэмай.

На заканчэнне хочацца нагадаць, што лета — час пазбаўляцца ад комплексаў “добрай дзяўчынкі” ці “добрага хлопчыка”. Верце ў свае сілы, давярайце свайму розуму. Быць шчаслівым можна навучыцца. Шчасце — гэта проста здольнасць адчуваць штодзённую радасць ад жыцця. Часцей слухайцеся парываў, успамінайце пра тое, што вы любіце. Мы не можам і не павінны ўсім падабацца, бо іншыя людзі таксама людзі і могуць памыляцца. Будзьце сабой — і ваша натуральнасць прынясе вам камфорт і сяброўства іншых людзей.

Псіхалагічнае люстэрка

Ці любіце вы сябе?!
Пытанне пытанняў, дылема, камень спатыкнення, парог, аб які мы часта спатыкаемся, нябачная перашкода, ключавое звяно ланцуга, за якое трэба цягнуць, арыенцір, каштоўнасць, іголка ў яйку ў казках пра Кашчэя Бессмяротнага — што ж гэта? Пра што можна сказаць, падбіраючы так многа варыянтаў? Пра любоў да сябе! Менавіта пра яе. Не будзем блытаць любоў да сябе з эгаізмам. А калі неабходна падказка, як выяўляецца любоў да сябе, то вось яна: чалавек, які любіць сябе, клапоціцца пра сябе, удзяляе ўвагу свайму здароўю, знешняму выгляду, разумна балансуе паміж “хачу” і “не хачу”, “магу” і “не магу”, удзяляе час свайму хобі, дзеліцца штодзённай нагрузкай з членамі сям’і.

А яшчэ любоў да сябе прадугледжвае самаразвіццё. Лёгкі і цікавы варыянт такой работы — праходжанне тэста. Не толькі мы з вамі задумваемся пра любоў да сябе. Вядомы псіхолаг Міхаіл Лабкоўскі прапанаваў тэст, які дазваляе даследаваць зыходны стан гэтай субстанцыі ў кожнага з нас. Адкажам на пытанні і ўзважым сваю любоў да сябе.

Прачытайце сцвярджэнні і напішыце, ці згодны вы з імі — “заўсёды”, “часам” ці “ніколі”. Пастаўце 1 бал за “заўсёды”, 2 — за “часам” і 3 — за “ніколі”. На пытанні тэста трэба адказваць максімальна шчыра і не задумваючыся.

1. Мне падабаецца мой знешні выгляд.
2. Я ўпэўнены(а) у сваіх здольнасцях.
3. Я лічу сябе добрым чалавекам.
4. Я не шкадую аб зробленых памылках — яны склалі мой вопыт.
5. Я не ўмею зайздросціць.
6. Я ні з кім сябе не параўноўваю.
7. Я лічу сябе добразычлівым чалавекам.
8. Мне падабаецца агучваць свой узрост.
9. Мне падабаецца гаварыць, якая ў мяне прафесія.
10. Мне прыемна атрымліваць кампліменты.

Вынік
Да 12 балаў
Безумоўная любоў
Ашаламляльны вынік, які гаворыць пра тое, што вы ўмееце любіць сябе безумоўна. Вы прымаеце сябе такім, які (якая) вы ёсць, не адшукваеце недахопы, упэўнены ў сваёй унікальнасці і непаўторнасці. Менавіта такі чалавек здольны на ўсё: быць цудоўным прафесіяналам, дабівацца паспяховасці, быць выдатнымі бацькам, здольным развіць у сваім дзіцяці ўпэўненасць. Так трымаць!

13—20 балаў
Ёсць куды імкнуцца
Як і большасць людзей, вас часам адольваюць сумненні ў сваіх здольнасцях. Аднак вы стараецеся навучыцца любіць і прымаць сябе, прыкладаеце намаганні, каб набыць гэтае вельмі важнае пачуццё. Вы на правільным шляху! Старайцеся часцей прыслухоўвацца да сябе і да сваіх жаданняў, лічыцца са сваім меркаваннем.

21 і вышэй
Здаецца, ёсць праблемы
На жаль, вы не вельмі любіце сябе. Магчыма, гэтаму паспрыяла складанае дзяцінства: вас прывучылі раўнавацца на іншых і пастаяна самаўдасканальвацца. Але ёсць і добрыя навіны: само ўсведамленне таго, што любіць сябе можна і трэба, дапаможа вам змяніць сітуацыю. Пачніце адразу гаварыць, што вам падабаецца і не падабаецца, рабіць тое, што хочацца вам. Канечне, не ў стылі “што левая нага пажадае”, а разумна і адэкватна. Хутка вы заўважыце змяненні да лепшага!

Святлана РАДЗЬКОВА.