А ці ведалі вы, што яшчэ сто гадоў назад бібліятэка мела і такую назву, як “кніжніца”?.. У размове з генеральным дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аксанай Кніжнікавай пачула гэтае крыху забытае, але такое прыгожае слова.
Скарбніца папаўняецца
— Аксана Юр’еўна, крыху менш за год вы ўзначальваеце Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Ці лёгка было ўліцца ў шматлікі і зладжаны калектыў?
— Прывыкаць да новага асяроддзя заўсёды няпроста. Асабліва цяжка быць навічком, калі за плячыма шмат гадоў, праведзеных на адным месцы працы, як у маім выпадку. Да НББ я 20 гадоў адпрацавала ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С.Пушкіна. Улічваючы маштаб дзейнасці вядучай установы краіны ў галіне бібліятэчнай справы, упэўненасці на новай пасадзе з першых дзён я не адчула, хоць і з’явілася магчымасць развівацца ў сваёй прафесіі. Стараюся быць максімальна цікаўнай, задаю шмат пытанняў. А са складанасцямі, што ўзнікаюць у рабоце, дапамагаюць справіцца калегі.
— Нацыянальная бібліятэка ў пачатку восені адзначыць сваё 100-годдзе. Якімі дасягненнямі бібліятэкі вы асабліва ганарыцеся?
— Нашымі фондамі, у якіх захоўваецца амаль 10,5 мільёна адзінак. У новым стагоддзі Нацыянальная бібліятэка набыла статус сучаснага інфармацыйнага цэнтра рэспубліканскага і міжнароднага значэння. Гэта звязана ў тым ліку і з адкрыццём новага будынка бібліятэкі, ва ўзвядзенні якога ўдзельнічала ўся краіна. Найноўшыя навукова-тэхнічныя рашэнні дапамаглі стварыць умовы як для навуковай работы і рознага віду камунікацый, так і для адпачынку ў тым ліку і ў віртуальнай прасторы.
Ганарымся і нашымі супрацоўнікамі, бо дасягненні НББ за ўвесь перыяд яе існавання — гэта вынік карпатлівай працы, невычэрпнага энтузіязму і адданага служэння справе некалькіх пакаленняў супрацоўнікаў. Аддаючы даніну павагі прафесіяналізму нашых калег, мы сабралі інфармацыю пра жыццё і прафесійную дзейнасць тых, хто зрабіў істотны ўклад у станаўленне і развіццё бібліятэкі. Вынікам стала навукова-даследчая работа “Гісторыя Нацыянальнай бібліятэкі ў асобах”. Яе матэрыялы мы размяшчаем і на нашым партале ў рубрыцы “Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах”.
Вельмі ганарова і тое, што 100-годдзе НББ унесена ў спіс памятных дат ЮНЕСКА.
Вельмі ганарова, што 100-годдзе Нацыянальнай бібліятэкі ўнесена ў спіс памятных дат ЮНЕСКА.
— Дарэчы, часта свет даведваецца пра нашу краіну якраз праз НББ, якая сапраўды мае вялікі аўтарытэт у сусветнай бібліятэчнай супольнасці. Якім унікальным вопытам мы можам падзяліцца з іншымі краінамі?
— Напэўна, адзін з самых паспяховых напрамкаў — факсімільнае ўзнаўленне выданняў: кніжнай спадчыны Францыска Скарыны ў 21 томе, Баркулабаўскага летапісу, Полацкага Евангелля, Слуцкага Евангелля, Першага буквара. Яны выклікаюць непадробленую цікавасць за межамі Беларусі.
— Як папаўняюцца бібліятэчныя фонды?
— Кожны год фонд бібліятэкі папаўняецца амаль на 200 тысяч адзінак. Гэта кнігі, часопісы, газеты, карты, нотныя выданні, дысертацыі, аўтарэфераты і інш. Крыніц папаўнення фондаў некалькі. Перш за ўсё, мы атрымліваем абавязковы бясплатны экзэмпляр нацыянальных дакументаў, якія выходзяць на тэрыторыі Беларусі, — штогод гэта каля 30 тысяч айчынных і больш за 1 тысячу замежных выданняў.
Вывучаем таксама рынак і закупляем выданні. Двойчы ў год праходзіць падпісная кампанія, у час якой выпісваем прыкладна тысячу найменняў газет і часопісаў. Таксама атрымліваем дары ад аўтараў, выдаўцоў, насельніцтва, прадпрыемстваў і арганізацый. Значную частку паступленняў складае фонд міжнароднага і ўнутрырэспубліканскага дакументаабмену.
Штогод каля 13 тысяч чалавек становяцца карыстальнікамі Нацыянальнай бібліятэкі.
Для таго каб адпавядаць сучасным патрабаванням грамадства, бібліятэка ўдзяляе асаблівую ўвагу фарміраванню электронных інфармацыйных рэсурсаў. Мы актыўна генерыруем уласныя і набываем рэсурсы буйных сусветных вытворцаў, а затым прадастаўляем доступ да іх. Вядзецца работа па стварэнні электроннай бібліятэкі. У цяперашні час аблічбавана больш за 600 тысяч дакументаў, што складае 14 млн старонак і прыкладна 2 млн аўдыявізуальных мінут. Наша электронная бібліятэка павінна стаць асновай для фарміравання нацыянальнай электроннай бібліятэкі Беларусі.
Выставы, конкурсы, форумы і квесты
— “Алмаз ведаў” — гэта яшчэ і сацыякультурны цэнтр. Не раз вашы супрацоўнікі расказвалі, што пастаянна шукаюць новыя спосабы прыцягнуць гасцей і жыхароў краіны…
— Так, акрамя традыцыйных форм абслугоўвання, карыстальнікам бібліятэкі даецца магчымасць наведвання музея кнігі, мастацкіх і кніжных выставак, разнастайных экскурсій. У нашым музеі кнігі дэманструецца больш за 300 унікальных кніжных помнікаў, у тым ліку жамчужына калекцыі — Біблія беларускага першадрукара Францыска Скарыны ХVI ст. Там жа прадстаўлена экспазіцыя, прысвечаная гісторыі нашай кніжніцы. Для аматараў вышыні, цудоўных краявідаў сталіцы і яе наваколля працуе адкрытая і закрытая аглядныя пляцоўкі, якія размешчаны ў верхняй частцы вышыннага фондасховішча Нацыянальнай бібліятэкі.
Акрамя таго, у нас паспяхова функцыянуе Віртуальная чытальная зала. Яна дае аддаленым карыстальнікам доступ да электронных інфармацыйных рэсурсаў: паўнатэкставых, рэфератыўных, бібліяграфічных і фактаграфічных баз даных. На сённяшні дзень зала забяспечвае доступ 44 арганізацыям-партнёрам да 166 баз даных сусветных вытворцаў.
Увогуле, штогод мы праводзім некалькі соцень сацыякультурных, адукацыйных і навуковых мерапрыемстваў. Так, у мінулым годзе іх было арганізавана каля 600.
— А якія адукацыйныя праекты вы прапаноўваеце школьнікам?
— Напрыклад, культурна-асветніцкі праект “У госці да кніг”. Яго задача — стымуляванне чытацкай актыўнасці падрастаючага пакалення і фарміраванне гордасці за дасягненні і багатыя традыцыі айчыннай кніжнай культуры. Вельмі папулярны цыкл вучэбна-пазнавальных экскурсій “Славутыя імёны Бацькаўшчыны”, прысвечаных жыццю і творчасці нашых знакамітых пісьменнікаў.
— Якія даследаванні праводзяцца ў бібліятэцы?
— Нашы даследаванні адносяцца перш за ўсё да бібліятэчнай справы. Аднак некаторыя з іх датычацца захавання гістарычнай памяці. Надыходзячы 100-гадовы юбілей НББ стаў імпульсам для правядзення шэрага навукова-даследчых работ, прысвечаных гісторыі бібліятэчнай справы нашай краіны. З 2020 года рэалізуецца цэлая серыя навукова-даследчых работ сумесна з іншымі бібліятэкамі нашай краіны: “Станаўленне і развіццё бібліятэк Беларусі: архіўныя дакументы”, “Выбітныя асобы ў станаўленні і развіцці бібліятэчнай справы Беларусі першай паловы XX ст.”. Вынікі праведзенай работы будуць прадстаўлены ў выглядзе электронных інфармацыйных рэсурсаў “Бібліятэчная справа Беларусі ў дакументах і матэрыялах” і “Бібліятэчная справа Беларусі ў асобах”, якія стануць каштоўнай крыніцазнаўчай базай для даследчыкаў у сферы культуры і гісторыі Беларусі.
Чытанне зараз становіцца нават модным: яно з’яўляецца своеасаблівым індыкатарам паспяховасці.
— НББ каардынуе сістэму бібліятэк краіны?
— Нашы куратары ажыццяўляюць метадычнае суправаджэнне дзейнасці публічных бібліятэк па розных пытаннях: ад аховы працы і эксплуатацыі будынкаў да пытанняў камплектавання, абслугоўвання карыстальнікаў, стварэння электронных інфармацыйных рэсурсаў і сацыякультурнай дзейнасці. Спецыялісты нашай бібліятэкі актыўна ўдзельнічаюць у распрацоўцы нарматыўна-прававых дакументаў як лакальных, так і міжнароднага, рэспубліканскага ўзроўняў.
Акрамя таго, мы праводзім конкурсы, накіраваныя на ўдасканаленне дзейнасці бібліятэк і прафесійны рост нашых калег: рэспубліканскі конкурс “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” і “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання”. Таксама арганізоўваем канферэнцыі, круглыя сталы, семінары-практыкумы і г.д. У сярэднім штогод мы рэалізуе каля 50 прафесійных навуковых мерапрыемстваў, у тым ліку Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні, навукова-практычную канферэнцыю “Электронная культура” і Форум бібліятэкараў Беларусі. У верасні традыцыйна адбудзецца Міжнародны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры”, які сёлета прымеркаваны да 100-годдзя галоўнай кніжніцы краіны.
Зачын на 100 гадоў
— Як плануеце адзначыць 100-гадовы юбілей бібліятэкі?
— У нас запланаваны выпуск юбілейнай манеты і гашэнне паштовага блока, распрацаваны тэматычная экскурсія і перасовачны выставачны праект, які ў красавіку пачне падарожжа з Брэсцкай вобласці і ахопіць усе рэгіёны краіны. На працягу года будзе арганізаваны шэраг сацыякультурных, адукацыйных, навуковых мерапрыемстваў, прымеркаваных да юбілейнай даты, якія дазволяць падкрэсліць ролю галоўнай бібліятэкі ў захаванні гістарычнай памяці і ўмацаванні адзінства беларускага народа, развіцці беларускай навукі і культуры. Мы плануем цікава правесці Бібліяноч, арганізаваць выстаўкі кніг “Сто рарытэтаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі”, выпуск ілюстраванага выдання “Нацыянальная бібліятэка Беларусі. 100 гадоў”. А самым буйным мерапрыемствам стане ІX Міжнародны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры”, у рамках якога і пройдзе святкаванне стагоддзя і Дня бібліятэк. Усіх запрашаем далучыцца да свята!
83% карыстальнікаў НББ — моладзь да 35 гадоў.
— Аксана Юр’еўна, ці вярнуліся чытачы ў залы НББ і ці можна сцвярджаць, што Беларусь па-ранейшаму адна з самых чытаючых краін?
— Нават зараз, у стагоддзе тэхналогій, наша краіна, як гавораць эксперты, застаецца адной з самых чытаючых на постсавецкай прасторы. Больш за тое, чытанне зараз становіцца нават модным: яно з’яўляецца своеасаблівым індыкатарам паспяховасці. Штогод каля 13 тысяч чалавек становяцца карыстальнікамі бібліятэкі, пры гэтым кожны другі наведвае бібліятэку ў аддаленым рэжыме, з дапамогай інтэрнэт-партала бібліятэкі. Што тычыцца партрэта чытача, то 83% карыстальнікаў складае моладзь да 35 гадоў. Звыш паловы з іх (65%) — навучэнцы ўстаноў адукацыі ўсіх узроўняў. Напэўна, таму, найбольшым попытам у бібліятэцы карыстаецца навуковая, вучэбная і даведачная літаратура па праве і юрыдычных навуках, гісторыі, эканоміцы, культуры, мовазнаўстве, мастацтве, педагогіцы.
— На якіх задачах, на ваш погляд, важна сканцэнтравацца зараз?
— Мяркую, на інтэграцыі інфармацыйных рэсурсаў. Сёння найбольш буйным карпаратыўным праектам краіны, што адлюстроўвае нацыянальны бібліяграфічны кантэнт, з’яўляецца зводны электронны каталог бібліятэк Беларусі. У ім прадстаўлены фонды 4 самых вялікіх бібліятэк краіны, у якіх змешчаны каля 9 млн запісаў. Для кожнай з шасці абласцей краіны створаны свае рэгіянальныя зводныя электронныя каталогі бібліятэк. У іх склад увайшлі ўжо больш за 50 бібліятэчных устаноў культуры і адукацыі. Стаіць пытанне аб стварэнні адзінай нацыянальнай бібліятэчнай платформы і фарміраванні агульнага пункта доступу да шматлікіх інфармацыйных рэсурсаў бібліятэк.
— І напаследак паразважайце, калі ласка, пра місію бібліятэк у сучасных рэаліях.
— На працягу стагоддзя Нацыянальная бібліятэка Беларусі выконвае місію захавальніцы спадчыны беларускага народа. Нягледзячы на ўзрастаючыя запыты наведвальнікаў у пытаннях арганізацыі вольнага часу, наша задача — максімальна поўны збор дакументальнай спадчыны Беларусі. Самае ж складанае — знайсці баланс паміж манументалізмам, які закладзены ў ідэю Нацыянальнай бібліятэкі, і новымі задачамі і патрабаваннямі, якія перад намі ставіць грамадства. Напрыклад, трэба прадумаць, як найвялікшая культурная спадчына будзе адлюстравана ў сучасным лічбавым асяроддзі. Гэта і ёсць наш зачын на наступныя сто гадоў!
Гутарыла Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.