54 дыпломы (11— І ступені,16 — ІІ ступені, 27 — ІІІ ступені) заваявалі вучні на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры.

Спецыяльны прыз міністра адукацыі навучэнцу з сельскай мясцовасці, які прадэманстраваў найлепшы вынік, уручаны дзевяцікласніцы Саснаваборскай сярэдняй школы Светлагорскага раёна Кіры Цурко. Прызам старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама адзначана навучэнка 11 класа сярэдняй школы № 43 Мінска Дзіяна Дзьолаг, якая трэці год запар з’яўляецца пераможцай алімпіядных спаборніцтваў. Па колькасці заваяваных дыпломаў першынство падзялілі каманды Мінскай, Гомельскай абласцей і Мінска (па 9 дыпломаў).
Сёлета юных знаўцаў рускай філалогіі гасцінна прымалі ў сталічнай гімназіі № 56. Усяго ў алімпіядзе прынялі ўдзел 117 навучэнцаў з усіх абласцей, Мінска і Ліцэя БДУ. Алімпіядныя выпрабаванні складаліся з двух тураў: напісання водгуку на твор і комплекснай работы па рускай мове і літаратуры. Для водгуку былі прапанаваны вершаваныя творы: у 9 класе — “Мы на земле живем нелепо” А.Дзяменцьева, у 10 класе — “Ожидание” І.Кобзева, у 11 класе — “Откуда вы приходите, слова…?” Ю.Левітанскага. Вучні паспяхова справіліся з гэтай творчай работай. Яны правялі шматузроўневы аналіз тэксту. Па словах навучэнцаў, заданні для 9 і 10 класа былі пад’ёмнымі, нават лёгкімі, таму і канкурэнцыя была вялікая. А ў 11 класе заданні былі больш складанымі, у выніку перамаглі веды і вопыт.
Адзінаццацікласніца Мазырскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Юлія Васіленка стала ўладальніцай дыплома І ступені. Сакрэт такога поспеху, лічыць дзяўчына, у стараннай працы: пажадана займацца кожны дзень, удзяляць мове і літаратуры ўвесь свой вольны час.
— Заданні сёлетняй алімпіяды аказаліся рашальнымі, — расказала Юлія. — Звычайна мне літаратура даецца цяжэй, але сёлета асаблівых праблем не ўзнікла. У мяне былі самыя высокія балы за ўсю гісторыю алімпіядніцтва — 84,95. Дасягнуць гэтага было складана, але ж нездарма я ўдзельнічала ў алімпіядным руху з 4 класа. У Крукавіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе, дзе я вучылася, у мяне была цудоўная настаўніца Алена Пятроўна Драпеза, якой я вельмі ўдзячна. У Мазырскім ліцэі мне таксама пашанцавала на настаўнікаў: Таццяну Іванаўну Чарняк і Ірыну Мікалаеўну Клусовіч. У вольны час люблю маляваць, чытаць як рускую, так і замежную літаратуру. Апошняя прачытаная кніга — “Маленькія жанчыны” Луізы Мэй Алкот — выклікала незабыўныя ўражанні. Пасля ліцэя хачу паступіць на факультэт міжнародных адносін БДУ. Праўда, пакуль не вызначылася са спецыяльнасцю.
Кіраўнік каманды Гомельскай вобласці настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 14 Гомеля Жанна Фёдараўна Жадзейка ў алімпіядным руху ўжо больш за 30 гадоў. Гэта чалавек, які да дробязей ведае, як вырасціць пераможцу інтэлектуальных спаборніцтваў. На яе думку, многае ў падрыхтоўцы залежыць ад настаўніка, яго эрудыцыі, умення ненавязліва зацікавіць дзяцей, абудзіць іх імкненне думаць, аналізаваць, асэнсоўваць. Сваіх гімназістаў Жанна Фёдараўна вядзе з 5 класа, бо толькі тады ёсць магчымасць укласці ў іх усё неабходнае, даць сістэмныя веды.
Найбольшую колькасць балаў набралі дзевяцікласніца Паліна Мялешчанка з сярэдняй школы № 1 Гомеля (настаўніца В.У.Гуцава), дзесяцікласніцы Дар’я Вайцюк з сярэдняй школы № 3 Асіповіч (настаўніца Г.У.Вайцюк) і Вікторыя Шадзько з сярэдняй школы № 1 Шуміліна (настаўніца Н.С.Інц), адзінаццацікласніца Маргарыта Команава з сярэдняй школы № 14 Полацка (настаўніца Т.У.Забела).
Ж.Ф.Жадзейка выступленнем каманды задаволена. У скарбонцы гомельскіх школьнікаў два дыпломы І ступені, тры — ІІ ступені і чатыры — ІІІ ступені. Гэта стала магчыма ў многім дзякуючы стварэнню ў вобласці інстытута трэнераў. Перадалімпіядныя зборы мабілізуюць, дазваляюць сістэматызаваць матэрыял, сабрацца з думкамі, матываваць на перамогу. Важным з’яўляецца таксама згуртаванне каманды, каб была ўзаемавыручка, узаемадапамога.
— Акцэнт на сёлетніх зборах рабіўся на шматлікіх аспектах, бо ўзровень лінгвістычнай падрыхтоўкі школьнікаў розны, ды і алімпіядныя туры розныя. Прагаворвалі, як правесці комплексны аналіз твора, на што звяртаць увагу ў тэксце, на чым рабіць акцэнты. Што тычыцца комплекснай работы, то разглядаліся ўсе раздзелы мовы. Імкнуліся, як гаворыцца, абняць неабдымнае, бо ніколі не ведаеш, што трапіць. На мой погляд, алімпіяднік павінен цудоўна ведаць школьную праграму. Толькі пры гэтай умове можна пашыраць яго веды, паглыбляць і выходзіць за межы вучэбнай праграмы. Акрамя таго, трэба вучыць дзіця мысліць. Вучу дзяцей углядацца ў слова ці сказ, аналізаваць яго, супастаўляць, бачыць міжпрадметныя і метапрадметныя сувязі, выкарыстоўваць веды, атрыманыя па розных вучэбных прадметах, — заўважае настаўніца.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.





