Рэгіянальны чэмпіянат прафесійнага майстэрства WorldSkills па кампетэнцыі “Пачатковая адукацыя” прайшоў у Гомелі.
Будучым настаўнікам пачатковых класаў была прадастаўлена магчымасць заявіць пра сябе і прадэманстраваць узровень сфарміраванасці прафесійных кампетэнцый падчас выканання конкурсных заданняў модуля А “Агульнакультурнае развіццё” і модуля В “Агульнапрафесійнае развіццё”.
У фінале канкурсанткі з Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага і Лоеўскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа прадставілі візітную картку, напісалі канспект на зададзеную тэму і правялі фрагмент урока.
Як сказаў намеснік дырэктара гомельскага педкаледжа імя Л.С.Выгоцкага Віктар Філіпенка, члены абласнога журы прыйшлі да высновы, што ўсе канкурсанткі змогуць максімальна рэалізаваць сябе ў педагагічнай дзейнасці.
Па суме балаў за ўсе конкурсныя выпрабаванні пераможцай рэгіянальнага этапу конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2022 стала ўдзельніца з Гомеля Святлана Дзергачова. Будучая настаўніца адзначыла, што перамозе паспрыяў атрыманы ва ўстанове адукацыі вопыт:
— Падчас падрыхтоўкі і ўдзелу ў конкурсе прафесійнага майстэрства я захацела хутчэй пазнаёміцца са сваімі будучымі выхаванцамі, каб на практыцы выкарыстоўваць тыя сучасныя методыкі і педагагічныя тэхналогіі, якія дапамаглі мне годна прадставіць свае ўменні і навыкі.
Другое месца — у аднагрупніцы лідара конкурсу Аксаны Пархоменка. На трэцім — навучэнка 3 курса Лоеўскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа Іна Чэркас.
Падчас правядзення спаборніцтваў паміж канкурсанткамі склаліся шчырыя і канструктыўныя зносіны. Яны, відавочна, змогуць перарасці ў сяброўства паміж будучымі калегамі, якія зусім хутка будуць абменьвацца прафесійным вопытам у якасці маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.