У рамках падрыхтоўкі зборнай Беларусі да ўдзелу ў чэмпіянаце WorldSkills Shanghai 2022 па кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва” ў Слуцкім дзяржаўным каледжы прайшоў Міжнародны конкурс прафесійнага майстэрства сярод будучых кулінараў, пераможцы якога будуць выступаць у наступным годзе ў Кітаі.
У конкурсе прынялі ўдзел члены пашыранага складу зборных Беларусі і Расіі. Сярод іх Алена Полесава, Кацярына Грыб з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій і Надзея Старыкава, Дзмітрый Рубанаў з Каледжа турызму (Санкт-Пецярбург).
У якасці экспертаў на спаборніцтве выступілі В.У.Мацыкава, прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій, галоўны эксперт WorldSkills Belarus па кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва”, эксперт, галоўны рэдактар часопіса “Пекар і Кандытар” Л.А.Аўсяннікава (Беларусь) і эксперты WorldSkills Russia.
У Беларускім дзяржаўным універсітэце харчовых і хімічных тэхналогій ужо не першы месяц вядзецца актыўная падрыхтоўка членаў нацыянальнай зборнай Беларусі. Ва ўніверсітэце для канкурсантаў складзена спецыяльная вучэбная праграма, у якую ўключаны тэарэтычныя і практычныя заняткі згодна з нормамі і правіламі спаборніцтваў WorldSkills. Для студэнтаў, якія ўваходзяць у зборную каманду, рэгулярна праводзяцца трэнінгі, спаборніцтвы на рэгіянальным і міжнародным узроўнях з удзелам расійскіх кулінараў. Можна было бачыць нашых канкурсантаў і на нядаўняй Мінскай харчовай выстаўцы-ярмарцы “ПрадЭкспа 2021”, у рамках якой праходзіў Міжнародны кулінарны кубак. Сярод шматлікіх удзельнікаў студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій, члены пашыранага складу зборнай WorldSkills Belarus па кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва”, выступілі на выдатна.
Для студэнтаў, якія ўваходзяць у зборную каманду, рэгулярна праводзяцца трэнінгі, спаборніцтвы на рэгіянальным і міжнародным узроўнях з удзелам расійскіх кулінараў.
Выбар Слуцкага дзяржаўнага каледжа для ўдзелу ў новым конкурсе быў невыпадковым. Установа пад кіраўніцтвам Б.Б.Блахіна дасягнула высокага статусу ў падрыхтоўцы спецыялістаў для перапрацоўчай прамысловасці, у тым ліку для кулінарнай справы. Неаднаразова навучэнцы каледжа паказвалі выдатныя вынікі на спаборніцтвах. Іх падрыхтоўка была адзначана і на згаданым Міжнародным кулінарным кубку. Установа мае выдатную вучэбна-матэрыяльную базу. Асаблівая гордасць каледжа — рэсурсны цэнтр вытворчага навучання, які мае сучаснае высокатэхналагічнае абсталяванне на ўзроўні сусветных аналагаў і адпавядае стандартам WorldSkills. Установа мае вялікі вопыт правядзення рэгіянальных і міжнародных спаборніцтваў. І гэтым разам для канкурсантаў былі створаны спрыяльныя вытворчыя ўмовы і камфортная абстаноўка.
Заданні на спаборніцтве былі не толькі складанымі, але і экзатычнымі. Адны толькі назвы чаго варты. Але ж цяжка можа быць толькі дылетантам, а канкурсанты адчувалі сябе як рыба ў вадзе. Удзельнікам трэба было згатаваць стравы ўсходняй кухні. Яны спрытна згатавалі неверагодны дымсам (гарачая закуска), у склад якога увайшлі падсмажаныя крэветкі, шампіньёны, палітыя спецыяльным соусам і ўпрыгожаныя рысавымі чыпсамі і зелянінай. На першае быў пададзены кансаме (булён) з гарнірам, згатаваны з лапшы, морквы, балгарскага перцу і фаршу. На гарачае была пададзена катлета з цэльных курыных грудак, запаніраваная ў сухарах, са складаным гарнірам з бульбянога пюрэ і агародніны. На салодкае трэба было прыгатаваць су (дэсерт) з ганашам (крэм) на аснове белага шакаладу з базілікам і гарнірам, куды ўвайшоў лімонны курт (заварны крэм) з апельсінавым соусам.
Усе заданні былі выкананы на самым высокім узроўні, і экспертам было цяжка вызначыць лепшых. За прыгажосцю і гармоніяй смаку згатаваных страў стаяла цяжкая, напружаная праца канкурсантаў. Ім прыйшлося выканаць шмат складаных модуляў, дзе ўлічваліся стан рабочага месца, знешні выгляд канкурсанта, выкананне тэхналогіі гатавання страў, іх афармленне і падача. Асобным паказчыкам у ацэнцы работы канкурсантаў было выкананне санітарна-гігіенічных норм і правіл. У выніку лепшымі сталі Алена Полесава, студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій, і Дзмітрый Рубанаў (Расія).Усе канкурсанты былі ў выйгрышы: яны ўдасканалілі сваю прафесійную падрыхтоўку для далейшых спаборніцтваў.
Ала КЛЮЙКО.