Свята рабочых прафесій

- 12:58World Skills

На 4 дні Кобрын стаў месцам правядзення маштабнага абласнога фестывалю­-конкурсу прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў, студэнтаў і маладых рабочых Брэстчыны. Мерапрыемства, якое праходзіла ў рамках міжнароднага конкурсу WorldSkills і руху “Абілімпікс”, сабрала каля 160 юнакоў і дзяўчат з 44 устаноў адукацыі.

— Фестываль-конкурс — гэта не толькі свята рабочых прафесій, але і спаборніцтва сярод лепшых іх прадстаўнікоў, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі. — Мерапрыемства адыгрывае важную ролю ў папулярызацыі конкурсу прафмайстэрства WorldSkills і руху “Абілімпікс”, фарміраванні станоўчага іміджу прафесійнай адукацыі і рабочых прафесій у грамадстве, прафарыентацыі школьнікаў, удасканаленні прафесійных уменняў і навыкаў навучэнцаў, студэнтаў і маладых рабочых, у тым ліку з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. 

Фестываль стартаваў з музыкі, танцаў і добрага настрою, які падарыў
удзельнікам гала-канцэрт “Да прафесіі праз творчасць”, зладжаны на сцэне Кобрынскага палаца культуры. На базе яго былі разгорнуты пляцоўкі для конкурсных спаборніцтваў па 46 кампетэнцыях. Сваё майстэрства паказвалі будучыя электраманцёры, будаўнікі, геадэзісты, дызайнеры, швачкі, аператары ЭВМ, юрысты, аграномы, цырульнікі, кухары, педагогі, медсёстры, ветэрынары і нават пчаляры.

Насычаная праграма ўключала таксама прафарыентацыйныя экскурсіі для школьнікаў, работу тэматычных інтэрактыўных і дэманстрацыйных пляцовак ПТНУ, ССНУ і ўстаноў дадатковай адукацыі, майстар-класы для моладзі і жыхароў горада, сустрэчы з прадстаўнікамі арганізацый — заказчыкаў кадраў, трэнінгі па пераадоленні дыскрымінацыі і бар’ераў у зносінах з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі.  

У стрым-фармаце прайшоў міжнародны круглы стол “Патэнцыял устаноў спецыяльнай адукацыі ў руху “Абілімпікс”, дзе былі прэзентаваны цікавыя напрацоўкі і абмеркаваны актуальныя праблемы інклюзіўнага навучання ў сістэме агульнай сярэдняй, спецыяльнай, прафесійнай і вышэйшай адукацыі. Мадэратарам круглага стала выступіў Брэсцкі абласны ЦКРНіР.

У падобным фестывалі Павел Каршункоў з Белаазёрскага дзяржаўнага ПТК электратэхнікі ўдзельнічаў упершыню (кампетэнцыя “Электрамантажныя работы”). Будучы электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання з дадатковай спецыяльнасцю электразваршчыка ручной зваркі выбраў рабочую прафесію невыпадкова: юнак захапляецца тэхнікай і лічыць, што будзе заўсёды запатрабаваны на рынку працы. Пасля атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі Павел плануе асвоіць у сваім каледжы і праграму сярэдняй спецыяльнай адукацыі, каб стаць тэхнікам-электрыкам.

За 12 гадзін юнаку патрабавалася на спецыяльным стэндзе пракласці кабеленясучыя сістэмы, ажыццявіць мантаж электраабсталявання, сабраць схемы кіравання, наладзіць і запраграмаваць праграмуемае лагічнае рэле. На думку выкладчыка У.У.Алехніка, яго выхаванец справіўся з прапанаванымі заданнямі даволі паспяхова.

Будучаму заатэхніку Іне Малевіч з Ляхавіцкага аграрнага каледжа БарДУ засталося вучыцца менш за год. У каледж дзяўчыну прывяла любоў да жывёл. Вучоба і практыка на сельгаспрадпрыемстве пацвердзілі правільнасць выбранага прафесійнага шляху. Пасля заканчэння кале­джа Іна плануе ўладкавацца на работу па профілі і завочна атрымаць па ім вышэйшую адукацыю.

Спаборніцтва па кампетэнцыі “Заатэхнія” ўключала аналіз кармоў, падрыхтоўку інструментаў да штучнага апладнення буйной рагатай жывёлы, ацэнку інкубацыйных якасцей яек, аналіз малака і тэхналогію выпойвання цялят у першыя дні жыцця. Удзельнічаць у фестывалі-конкурсе Іне вельмі спадабалася: “Гэта цікавая форма праверкі ведаў, уменняў і навыкаў, новыя знаёмствы і новы вопыт”.  

Любоў да кухні Яну Альховіку з Брэсцкага дзяржаўнага гандлё­ва-тэхналагічнага каледжа прывіла маці яшчэ ў 7-гадовым узросце. Ужо ў школе юнак дакладна ведаў, што звяжа далейшае жыццё з кандытарскай справай. Бацькі падтрымалі выбар сына. Спаборніцтва па кампетэнцыі “Кандытар” прадугледжвала выраб двух тартоў і 15 шакаладных цукерак. Ян паспяхова справіўся з першым заданнем, бо выраб вялікіх дэкарыраваных тартоў — яго любімая справа. А вось другое выклікала пэўныя цяжкасці. Але іх юнак не спалохаўся, бо лічыць, што справіцца можна з усім, калі вельмі пастарацца.

Фестываль-конкурс пакінуў у Яна толькі станоўчыя ўражанні: “Спаборніцкі дух, здаровая канкурэнцыя, знаёмства з іншымі кандытарамі, каштоўны вопыт — тое, што трэба для самаўдасканалення!” Планы ў юнака даволі амбіцыйныя: атры­маць вышэйшую адукацыю па профілі, пастаянна ўдзельнічаць у розных курсах павышэння кваліфікацыі, дасягнуць высокага майстэрства і
стац­ь урэшце лепшым кандытарам у свеце. Можна не сумнявацца, што мэтанакіраваны і працавіты Ян абавязкова стане прафесіяналам, бо яго вучылі педагогі-прафесіяналы, якія падрыхтавалі не аднаго пераможцу прафесійных конкурсаў рознага ўзроўню.

Лепшыя з лепшых атрымалі на сцэне Кобрынскага палаца культуры заслужаныя ўзнагароды і падарункі. У адрас удзельнікаў прагучала шмат цёплых слоў з вуснаў журы і гасцей. І гэта нядзіўна: будучыня — у рабочых руках таленавітай моладзі. 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Алены ШУЛЬЖЫК.