У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшло адкрыццё VIII Беларускіх Калядных чытанняў па тэме “Глабальныя выклікі сучаснасці і духоўны выбар чалавека”.
Ва ўсе часы наша дзяржава была і ёсць асновай захавання духоўна-маральных каштоўнасцей, нацыянальных традыцый, на якіх фарміруюцца грамадзянскасць і патрыятызм. Сёння дзяржава ў сугуччы з Праваслаўнай царквой выконвае адзіную місію па выхаванні грамадзяніна. Духоўны выбар кожнага — гэта той унутраны пасыл, з якога пачынаюць фарміравацца лепшыя чалавечыя якасці і духоўныя памкненні. З асабістага ўнутранага выбару складваюцца адзінства і духоўны выбар нацыі.
З прывітальным словам выступіў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь І.У.Луцкі. Ён адзначыў, што традыцыйная культура і нацыянальная свядомасць падвяргаюцца цэнзуры новых сусветных стандартаў, што можа прывесці да іх знікнення. Таму неабходна вызначыць тыя арыенціры, якія дазволяць супрацьстаяць негатыўным з’явам. Трэба абапірацца на нацыянальную самасвядомасць кожнага грамадзяніна, атаясамліваць сябе з гістарычнымі і культурнымі традыцыямі. А сфера адукацыі павінна стаць найважнейшым фактарам захавання і ўмацавання суверэнітэту і незалежнасці дзяржавы. Трэба захоўваць нацыянальныя каштоўнасці, развіваць культурныя традыцыі, фарміраваць навукова-адукацыйную прастору краіны, якая будзе абапірацца на самабытнасць і гістарычныя карані. Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці В.А.Лісковіч пацвердзіў неабходнасць ведання гісторыі краіны, паважлівага стаўлення да гістарычнай ісціны і духоўнай спадчыны, што дазволіць умацоўваць сваю грамадзянскую пазіцыю.
На думку старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі І.В.Карпенкі, неабходна фарміраваць у грамадзян устойлівае разуменне сваіх духоўна-маральных асноў, вытокаў патрыятызму, адказнасць за захаванне міру і згоды.
Духоўны выбар — духоўны рост
У прывітанні міністра адукацыі А.І.Іванца, якое зачытаў начальнік Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Э.В.Тамільчык, адзначана роля сістэмы адукацыі ў выхаванні дзяцей і навучэнскай моладзі на духоўна-маральных асновах:
— Наша будучыня залежыць ад духоўна-маральнага абнаўлення грамадства. Асаблівую значнасць набывае патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Яно павінна стаць сёння прыярытэтам у адукацыйнай галіне.
Падводзячы вынікі форуму, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веньямін адзначыў, што з пачаткам глабалізацыі чалавецтва ўскладвала надзеі на лепшую будучыню. З укараненнем высокіх тэхналогій вызваляўся вольны час на духоўнае станаўленне чалавека. Аднак атрыманы адваротны вынік: глабалізацыя зніжае культурны і духоўны ўзровень грамадства, падмяняючы традыцыйную культуру эрзац-узорамі. Пры гэтым у чалавека, выхаванага ў духоўнай традыцыі, узнікае вострае адчуванне бязвыхаднасці, страчанасці.
Урачысты тон форуму задала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскіх конкурсаў “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання” і “Святло міласэрнасці”. У іх ліку таксама навучэнцы і педагогі навучальных устаноў.
— У сучасным свеце, які страчвае сваю ўстойлівасць, традыцыі, сваю апору, у тым ліку і духоўную, мы павінны дапамагчы чалавеку не згубіцца, не прыйсці ў засмучэнне, разгубленасць, а падаць яму руку, падтрымаць, каб яго духоўны выбар быў правільны і асэнсаваны, — адзначыў мітрапаліт Веньямін.
Старшыня Сінадальнага аддзела па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі БПЦ протаіерэй Фёдар Поўны лічыць, што кожны грамадзянін павінен усведамляць сябе суб’ектам гісторыі, а не плыць у адзіным цячэнні, праяўляць волю і рашучасць, жыць сваімі каштоўнасцямі і захоўваць каштоўнасці краіны. Неабходна выбудаваць духоўную вертыкаль у свядомасці народа, зрабіць прыярытэтнай каштоўнасцю чалавечую душу.
— Быць праведным, каб несці праўду, — вось слоган стратэгіі, якую прапаноўвае праваслаўе, — падкрэсліў протаіерэй. — Наша духоўная тактыка — умацоўваць маральнасць народа, дапамагаць людзям рабіць правільны духоўны выбар і верна служыць тым, хто цябе прызваў. Гэтыя словы павінны стаць галоўнымі для свяшчэннаслужыцеляў і цывільных людзей. Мы павінны быць адзінымі ў сваіх мэтах. Не шэптам, а гучна і даходліва несці гэты пасыл.
Выхаваўчы складнік
К.А.Пятруцкая, кандыдат педагагічных навук, дырэктар Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа, узняла тэму кампліментарнага падыходу да духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання навучэнцаў пачатковых класаў. Ва ўстанове рыхтуюць педагогаў, якія будуць вучыць малодшых школьнікаў. Менавіта гэты ўзрост лічыцца самым спрыяльным для закладвання асноў характару і духоўных якасцей. Дырэктар адзначыла, што педагог толькі на асабістым прыкладзе, маючы багаты ўнутраны свет, трывалую грамадзянскую пазіцыю, можа прывіць дзецям лепшыя чалавечыя якасці, стварыць аснову для выхавання сапраўдных грамадзян. К.А.Пятруцкая зазначыла, што падрыхтоўка маладых педагогаў грунтуецца на выхаваўчым складніку, выкарыстоўваюцца самыя эфектыўныя педагагічныя прыёмы і методыкі.
У час размовы мітрапаліта з журналістамі на пытанне “Настаўніцкай газеты”, якія асаблівасці мае супрацоўніцтва царквы з адукацыйнай галіной, уладыка адказаў, што адносіны развіваюцца стабільна і дынамічна. Многія кірункі сталі ўжо традыцыйнымі, некаторыя нядаўна ўвайшлі ва ўжытак, напрыклад, правядзенне ў школах факультатыўных заняткаў, накіраваных на фарміраванне асноў духоўна-маральнай культуры і патрыятызму. Па словах мітрапаліта, наспеў час такі падыход выкарыстоўваць і ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Неабходна ахапіць і вышэйшыя навучальныя ўстановы, але ў іншым фармаце.
— Напаўненне душы чалавека, яго стаўленне да роднай зямлі, блізкіх, да сэнсу жыцця вызначаюць тое, якім ён будзе спецыялістам, як будзе будаваць узаемаадносіны на працы, — падкрэсліў мітрапаліт. — Таму нам вельмі важна, каб зацікаўленыя, натхнёныя людзі, якія ўсведамляюць важнасць названых факультатываў, далучаліся да гэтай працы.
Па меркаванні ўладыкі, там, дзе гэтая дзейнасць вядзецца цікава, захапляюча, дзеці імкнуцца наведваць факультатывы. І бацькі іх падтрымліваюць, бо бачаць вынікі: навучэнцы, якія наведваюць факультатывы, становяцца больш матываванымі, паляпшаюць свае паводзіны
і вучобу.
Ала КЛЮЙКО.