Пяцікласнікі Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы стварылі зборнік задач на мясцовым краязнаўчым матэрыяле.
У народным музеі “Дыяменты даўніны” школы сабраны багаты краязнаўчы матэрыял пра нашу мясцовасць. Вы спытаеце: пры чым тут матэматыка? Адкажу так. Прааналізаваўшы падручнікі па матэматыцы для 5 класа, убачыла, што ў іх недастаткова задач, якія звязаны з краязнаўствам, з гісторыяй нашай краіны. Гэта падштурхнула мяне да думкі, што недахоп такіх задач мы з пяцікласнікамі можам дапоўніць самі, стварыўшы ўласны зборнік цікавых задач на мясцовым краязнаўчым матэрыяле і ўнёсшы такім чынам свой уклад у Год міру і стварэння. Для таго каб выкарыстанне зборніка “Аграгарадок Новадзявяткавічы ў тэкставых задачах” было больш эфектыўным, мы размеркавалі задачы ў ім па такіх жа раздзелах, як і ў вучэбным дапаможніку: “Натуральныя лікі”, “Задачы на дробы”, “Плошчы і аб’ёмы” і інш. Прывяду прыклады некаторых задач з гэтага зборніка.
- Першы ўспамін пра вёску Дзявяткавічы датуецца 1350 годам. Колькі гадоў спаўняецца вёсцы ў 2023 годзе?
- З 1947 па 2002 год на тэрыторыі Новадзявяткавіцкага сельскага Савета перасталі існаваць тры вёскі: Падгорцы, Кісялі і Прадзелкі, што на 22 вёскі менш, чым існуе зараз. Колькі ўсяго населеных пунктаў налічвалася ў Новадзявяткавіцкім сельскім Савеце першапачаткова?
- Наш зямляк Панасевіч Касьян у 1942 годзе пры разгроме фашысцкага гарнізона ў вёсцы Трыбушкі здзейсніў подзвіг Аляксандра Матросава. У 2021 годзе герою споўнілася 110 гадоў. У якім узросце загінуў Панасевіч Касьян?
- У музеі Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы захоўваецца вельмі рэдкі экспанат — рог шарсцістага насарога масай 700 г. Даўжыня рога на 9 см большая за дыяметр яго папярочнага сячэння, а разам яны складаюць 25 см. Знайдзіце памеры рога (даўжыню і дыяметр папярочнага сячэння).
- На тэрыторыі цяперашняга Новадзявяткавіцкага сельсавета ў 1940 годзе пражывала 4797 чалавек. За гады вайны усіх жыхароў загінула на фронце і ў партызанскіх атрадах, расстраляна, прапала без вестак, вывезена ў Германію. Колькі чалавек перажылі вайну?
- Касцёл святых Пятра і Паўла мае даўжыню 24 м. Вышыня сцен касцёла на 1 м меншая за яго шырыню, а разам шырыня і вышыня складаюць 20 м. Знайдзіце аб’ём прамавугольнага паралелепіпеда, які мае такія ж вымярэнні, як і касцёл.
- У пачатку ХХ стагоддзя памесцем Новадзявяткавічы валодаў граф Слізень. Адной з асноўных крыніц даходаў у гаспадарчым двары быў пчальнік, які налічваў каля 280 пчаліных сем’яў. Колькі мёду атрымліваў граф за год, калі адна пчаліная сям’я давала каля 70 кг мёду?
Наколькі будзе цікавым, захапляльным і пазнавальным працэс рашэння задачы, у многім залежыць ад яе зместу. Навучэнцы з цікавасцю рашаюць задачы, у якіх гаворыцца аб іх родным краі, што станоўча ўплывае як на выніковасць ведаў, так і на развіццё дзіцяці як асобы: дапамагае развіваць уменне даваць колькасную ацэнку аб’ектам, з’явам, дзеянням чалавека, адначасова падштурхоўвае да больш глыбокага вывучэння гісторыі сваёй мясцовасці, садзейнічае выхаванню любові да сваёй малой радзімы.
Святлана ХІНІЧ,
настаўніца матэматыкі
Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы
Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці
Фота выкарыстоўваецца ў якасці илюстрацыі