Пяцікласнікі Новадзявяткавіцкай школы стварылі зборнік задач на мясцовым краязнаўчым матэрыяле

- 14:00Образование, Портфолио, Приложение

Пяцікласнікі Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы стварылі зборнік задач на мясцовым краязнаўчым матэрыяле.

У народным музеі “Дыяменты даўніны” школы сабраны багаты краязнаўчы матэрыял пра нашу мясцовасць. Вы спытаеце: пры чым тут матэматыка? Адкажу так. Прааналізаваўшы падручнікі па матэматыцы для 5 класа, убачыла, што ў іх недастаткова задач, якія звязаны з края­знаўствам, з гісторыяй нашай краіны. Гэта падштурхнула мяне да думкі, што недахоп такіх задач мы з пяцікласнікамі можам дапоўніць самі, стварыўшы ўласны зборнік цікавых задач на мясцовым краязнаўчым матэрыяле і ўнёсшы такім чынам свой уклад у Год міру і стварэння. Для таго каб выкарыстанне зборніка “Аграгарадок Новадзявяткавічы ў тэкставых задачах” было больш эфектыўным, мы размеркавалі задачы ў ім па такіх жа раздзелах, як і ў вучэбным дапаможніку: “Натуральныя лікі”, “Задачы на дробы”, “Плошчы і аб’ёмы” і інш. Прывяду прыклады некаторых задач з гэтага зборніка.

  1. Першы ўспамін пра вёску Дзявяткавічы датуецца 1350 годам. Колькі гадоў спаўняецца вёсцы ў 2023 годзе?
  2. З 1947 па 2002 год на тэрыторыі Новадзявяткавіцкага сельскага Савета перасталі існаваць тры вёскі: Падгорцы, Кісялі і Прадзелкі, што на 22 вёскі менш, чым існуе зараз. Колькі ўсяго населеных пунктаў налічвалася ў Новадзявяткавіцкім сельскім Савеце першапачаткова?
  3. Наш зямляк Панасевіч Касьян у 1942 го­дзе пры разгроме фашысцкага гарнізона ў вёсцы Трыбушкі здзейсніў подзвіг Аляксандра Матросава. У 2021 годзе герою споўнілася 110 гадоў. У якім узросце загінуў Панасевіч Касьян?
  4. У музеі Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы захоўваецца вельмі рэдкі экспанат — рог шарсцістага насарога масай 700 г. Даўжыня рога на 9 см большая за дыя­метр яго папярочнага сячэння, а разам яны складаюць 25 см. Знайдзіце памеры рога (даўжыню і дыяметр папярочнага сячэння).
  5. На тэрыторыі цяперашняга Нова­дзявяткавіцкага сельсавета ў 1940 го­дзе пражывала 4797 чалавек. За гады вайны усіх жыхароў загінула на фронце і ў партызанскіх атрадах, расстраляна, прапала без вестак, вывезена ў Германію. Колькі чалавек перажылі вайну?
  6. Касцёл святых Пятра і Паўла мае даўжыню 24 м. Вышыня сцен касцёла на 1 м меншая за яго шырыню, а разам шырыня і вышыня складаюць 20 м. Знайдзіце аб’ём прамавугольнага паралелепіпеда, які мае такія ж вымярэнні, як і касцёл.
  7. У пачатку ХХ стагоддзя памесцем Новадзявяткавічы валодаў граф Слізень. Адной з асноўных крыніц даходаў у гаспадарчым двары быў пчальнік, які налічваў каля 280 пчаліных сем’яў. Колькі мёду атрымліваў граф за год, калі адна пчаліная сям’я давала каля 70 кг мёду?

Наколькі будзе цікавым, захапляльным і пазнавальным працэс рашэння задачы, у многім залежыць ад яе зместу. Навучэнцы з цікавасцю рашаюць задачы, у якіх гаворыцца аб іх родным краі, што станоўча ўплывае як на выніковасць ведаў, так і на развіццё дзіцяці як асобы: дапамагае развіваць уменне даваць колькасную ацэнку аб’ектам, з’явам, дзеянням чалавека, адначасова падштурхоўвае да больш глыбокага вывучэння гісторыі сваёй мясцовасці, са­дзейнічае выхаванню любові да сваёй малой радзімы.

Святлана ХІНІЧ,
настаўніца матэматыкі
Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы
Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці
Фота выкарыстоўваецца ў якасці илюстрацыі