У Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна прафесія педагога сапраўды ганаровая. Тут навучэнцам не трэба тлумачыць, чаму гэта так. На прэстыж настаўніцкай дзейнасці працуе кожны гімназічны напрамак. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Мы спынімся на кіраўніцкім, бо менавіта ад выбару тактыкі і стратэгіі вырашэння задач залежыць паспяховасць установы адукацыі. Дырэктар гімназіі Юлія Саматыга, якая, дарэчы, з’яўляецца кіраўніком Асацыяцыі педагагічных класаў, падзялілася сваёй тэхналогіяй кіраўніцкай дзейнасці. Зразумела, эфектыўнай і дастойнай тыражавання.
Тэхналогія Юліі Уладзіміраўны ўключае шэсць асноўных інтэрактыўных крокаў: дэмакратычнасць, аптымальнасць, сістэмнасць, прагрэсіўнасць, устойлівасць і значнасць.
Дэмакратычнасць азначае сумеснае планаванне, дзе пастулат “кадры вырашаюць усё” спрацоўвае на 100 працэнтаў. Па словах кіраўніка гімназіі, прынцыпова важна рацыянальна размяркоўваць абавязкі, працаваць над адзінай тэмай для самаадукацыі (так, у гімназіі адмовіліся ад персаніфікаванай тэмы для самаадукацыі, бо гэта немэтазгодна, нерацыянальна і не спрыяе агульнаму развіццю і перамогам педагогаў на конкурсах прафесійнага майстэрства, у гімназіі практыкуецца распрацоўка педагогамі майстар-класаў) і наладзіць працэс дысемінацыі (каб даносіць ідэі, метады ажыццяўлення, прадукты і вынікі вопыту інавацыйнай дзейнасці да мэтавай аўдыторыі, напрыклад, друкаваць у прафесійных СМІ).
Акрамя таго, у гімназіі дзейнічае шматузроўневая мадэль метадычнай работы (арыентавана на прафесійны рост кожнага педагога: ад маладога спецыяліста да дасведчанага настаўніка), школа-лабараторыя бесперапыннай педагагічнай адукацыі, рэалізоўваецца сеткавае ўзаемадзеянне педагогаў.
Яшчэ адной фішкай кампактнага планавання з’яўляюцца метадычныя планеры (пашыраныя планы дзейнасці на ўвесь навучальны год), якія настаўнікі запаўняюць напярэдадні новага навучальнага года. У выніку кожны ведае змест сваёй не толькі вучэбнай, метадычнай, але і выхаваўча-арганізацыйнай дзейнасці. Канечне, здараюцца форс-мажоры, дапаўненні і ўдакладненні, але глабальна кожны прытрымліваецца выбранага кірунку.
Усё гэта стварае магчымасці для нарматыўнага, аператыўнага, стратэгічнага і тактычнага кіравання. Як вынік, у гімназіі 5 чалавек сталі настаўнікамі-метадыстамі (уключаючы дырэктара і аднаго з намеснікаў), 8 педагогаў з’яўляюцца лектарамі МАІРА і Акадэміі адукацыі, 14 настаўнікаў — пераможцы конкурсу прафесійнага майстэрства, 13 педагогаў — выпускнікі гімназіі.
Наступны крок — аптымальнасць. Ён забяспечвае якасць выкладання, бо педагогі пастаянна вучацца і самаўдасканальваюцца. У гімназіі даўно практыкуецца правядзенне дня рэгулявання і карэкцыі, які дапамагае выяўляць педагагічныя і метадычныя праблемы настаўнікаў. Калі, напрыклад, узнікла праблема з мэтавызначэннем, то ў яе вырашэнні можа дапамагчы вочна-дыстанцыйны пастаянна дзеючы семінар. А ўсё вывучанае і засвоенае настаўнікамі дэманструецца падчас адзінага метадычнага дня. Акрамя таго, у гімназіі рэалізуецца эксперыментальны праект “Апрабацыя мадэлі навукова-метадычнага суправаджэння дзейнасці педагогаў па педагагічнай прафілізацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі” (2022—2024), што таксама спрыяе развіццю прафесійных кампетэнцый педагогаў.
Сістэмнасць гарантуе якасць навучання, бо яна аб’ядноўвае вучэбны і выхаваўчы працэс. З аднаго боку, у Лошніцкай раённай гімназіі ажыццяўляецца дапрофільная падрыхтоўка, рэалізуецца мультыпрофільнасць, існуюць класы прафесійнай накіраванасці, вучні атрымліваюць STREAM-адукацыю, дзейнічае StartAR-клас. А з другога — выхаваўчы працэс уключае сістэму дадатковай адукацыі, музейную педагогіку, зялёныя школы, сацыяльна-педагагічнае праектаванне. І каб усё гэта гарманічна аб’ядноўвалася, практыкуюцца адзіныя дні. У гімназіі распрацавалі цэлы цыкл адзіных дзён, куды ўваходзяць, напрыклад, адзіны спартыўны дзень, адзіны медыядзень, адзіны патрыятычны дзень, адзіны дзень краязнаўства або адзіны даследчы дзень.
Наступны крок — прагрэсіўнасць.
“І калі мы гаворым пра прагрэсіўнасць, то найперш маем на ўвазе інфарматызацыю, распаўсюджванне якой бачна па наяўнасці электроннай сістэмы дакументаабароту, распрацоўцы электронных метадычных прадуктаў і сеткавым навучанні праз чат-боты і Google-клас”, — адзначыла Юлія Уладзіміраўна.
Усе камп’ютары гімназіі (а гэта каля 90 адзінак) аб’яднаны ў лакальную сетку, што дало магчымасць увесь дакументаабарот перавесці ў электронны.
“Электронная наменклатура, дзе ўсё сістэматызавана і празрыста, працуе ўжо 10 гадоў, — працягнула дырэктар. — Гэта агульная база, дзе можна паглядзець не толькі інфармацыю па кожным настаўніку (яго нагрузкі, планы работы, распрацоўкі і інш.), але і ўсе напрацоўкі метадычных кабінетаў, азнаёміцца з усёй інфармацыяй па педсаветах (пачынаючы ад загадаў аб іх правядзенні і заканчваючы рашэннямі і праграмамі правядзення), бацькоўскіх сходах. Тут жа можна прасачыць, як працуе адміністрацыя. Любы кірунак нашай дзейнасці знаходзіцца ў электронных папках”.
Устойлівасць — якасць выхавання. Кожны клас гімназіі рэалізуе свой выхаваўчы праект (мае яго дарожную карту), які пасля далучаецца да адзінага гімназічнага.
“За тэхналогіяй праектаў будучыня. Праект акумулюе ідэю, развівае крэатыўнасць удзельнікаў, а пасля яго завяршэння заўсёды атрымліваецца пэўны прадукт”, — лічыць Юлія Саматыга.
Апошні крок — значнасць. Значнай для гімназіі з’яўляецца дзейнасць па развіцці арганізацыйных здольнасцей. На сённяшні дзень гімназія з’яўляецца арганізатарам канферэнцыі навучэнцаў педагагічных класаў “Ад педагагічнай ідэі да педагагічнай прафесіі”, конкурсу сярод навучэнцаў класаў (груп) педагагічнай накіраванасці “Педагагічны клас-праект магчымасцей”, фестывалю “Музычны LegoScratch”, вакальнага конкурсу “Одареша”, профільнага лагера з кругласутачным знаходжаннем для навучэнцаў класаў педагагічнай накіраванасці “Імпульс”.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота з архіва рэдакцыі