Маладыя педагогі Мінска выступілі ў ролі мадэльераў, візажыстаў і дэгустатараў

- 16:36Новости

У межах праекта «Прафсаюз адукацыі сталіцы — прафсаюз магчымасцей» для членаў маладзёжнага савета Мінскай гарадской і раённых арганізацый галіновага прафсаюза была арганізавана інтэрактыўная пляцоўка «Горад якасці», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Беларускія брэнды размясціліся ў дзіцячым садзе № 571 на чатырох станцыях: «Прыгожая», «Малочная», «Модная» і «Смачная».

На станцыі «Модная» ўдзельнікаў мерапрыемства чакала адукацыйная частка па лёгкай прамысловасці Беларусі. Была прадстаўлена вытворчасць тканін, стылі адзення. Маладыя педагогі выканалі практычнае заданне: выступілі ў ролі мадэльераў і стварылі вобраз на зададзеную тэму. Гэтая пляцоўка дапамагла даведацца аб разнастайнасці моднай індустрыі Беларусі і развіць творчыя здольнасці ўдзельнікаў.

На «Смачнай» адбылося знаёмства з кандытарскімі вырабамі нашай краіны. Многія з педагогаў адзначылі, што паспрабавалі нешта новае і нават не здагадаліся, што гэта беларускія прадукты. Таксама ўсіх чакаў майстар-клас па вырабе велікоднага перніка, які дазволіў не толькі атрымаць асалоду ад духмянага прысмака, але і паспрабаваць свае сілы ў кандытарскай справе.

Прэзентацыя беларускай касметыкі прайшла на станцыі «Прыгожая». Тут таксама быў арганізаваны майстар-клас — па навучанні тэхніцы нанясення макіяжу, што вельмі парадавала ўдзельніц мерапрыемства.

На «Малочнай» праводзілася дэгустацыя разнастайнай малочнай прадукцыі. Прысутныя ацанілі высокую якасць беларускіх тавараў. Адгадаць па смаку малочны прадукт ды яшчэ назваць брэнд і горад, дзе ён вырабляецца, — з гэтай задачай моладзь паспяхова справілася.

— Інтэрактыўная экскурсія атрымалася цікавай і пазнавальнай, мы змаглі пашырыць свае веды па розных галінах прамысловасці і ўзбагаціць вопыт. Такія мерапрыемствы спрыяюць развіццю нашай культуры, патрыятызму, а таксама садзейнічаюць фарміраванню новых пазнавальных інтарэсаў, стымулююць да самаўдасканалення і самаразвіцця. На пляцоўцы было выкарыстана шмат цікавых прыёмаў і заданняў, якія можна прымяніць у нашай дзейнасці, абавязкова возьмем іх на заметку, — падзяліліся ўражаннямі маладыя педагогі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота прадастаўлена ўдзельнікамі мерапрыемства