Дырэктар школы №2 Докшыц: для нас вялікі гонар насіць імя знакамітага дзяржаўнага дзеяча і мужнай партызанкі

- 16:04Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Сярэдняй школе № 2 Докшыц, найбуйнейшай у раёне, прысвоена імя Героя Сацыялістычнай Працы партызанкі Ульяны Крышталевіч.

Унікальная біяграфія

Патрыятызм — гэта адчуванне сябе неад’емнай часткай Айчыны, гордасць за землякоў. Патрыятычныя пачуцці не ўзнікаюць самі па сабе. Гэта вынік працяглага і мэтанакіраванага выхаваўчага ўздзеяння.

— Абмяркоўваючы з настаўнікамі і вучнямі некалькі кандыдатур — імён знакамітых беларускіх дзеячаў, заўважылі, што біяграфія Ульяны Феакцістаўны ўнікальная. У ёй ёсць усё: і смеласць, і прафесіяналізм, і вернасць абавязку, і вялікая любоў да Радзімы. Ульяна Феакцістаўна зрабіла шмат для аднаўлення Докшыцкага раёна пасля вайны. Мы прыйшлі да высновы, што для нашай установы адукацыі будзе вялікім гонарам насіць імя знакамітага дзяржаўнага дзеяча і мужнай партызанкі, — адзначае дырэктар установы Алена Камінская.

Ульяна Феакцістаўна Крышталевіч (Каралінская) нарадзілася ў Віцебскай вобласці. Калі ў верасні 1939 года адбылося ўз’яднанне Заходняй Беларусі, сям’я адной з першых уступіла ў мясцовы калгас “Чырвоная Зорка”, падтрымала савецкую ўладу.

У студзені 1943 года камсамолка Каралінская пад іменем Вольга стала сувязной  партызанскага атрада на чале з П.Н.Шырокавым. З рызыкай для жыцця выконвала розныя заданні разведвальнага характару, удзельнічала ў шматлікіх баявых аперацыях. За актыўны ўдзел у баявых аперацыях, мужнасць і гераізм у барацьбе з акупантамі юная партызанка была ўзнагароджана медалямі “За адвагу”, “Партызану Айчыннай вайны” 2-й ступені.

З 1944 года Ульяна Феакцістаўна зна­ходзілася на гаспадарчай і камсамольскай рабоце, у 1955 годзе ўзначаліла калгас імя В.І.Чапаева Браслаўскага раёна. За поспехі ў развіцці сельскай гаспадаркі і дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці прадуктаў сельскай гаспадаркі была ўзнагаро­джана ордэнам Леніна.

У 1965 годзе Ульяна Феакцістаўна Крышталевіч узначаліла Докшыцкі раённы выканаўчы камітэт. Докшыччына, дашчэнту спустошаная ў гады вайны, вельмі цяжка адраджалася да новага жыцця. У.Ф.Крышталевіч умела мабілізавала ўсё працаздольнае насельніцтва на вырашэнне задач па развіцці эканомікі раёна. У 1969 годзе ён стаў пераможцам абласнога сацыялістычнага спаборніцтва сярод раёнаў трэцяй групы, у 1973-м дасягнуў самай высокай ураджайнасці збожжавых культур у вобласці. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 12 снежня 1973 года за вялікія пос­пехі, дасягнутыя ва Усесаюзным сацыяліс­тычным спаборніцтве і праяўленую працоўную доблесць у выкананні прынятых абавязацельстваў па павелічэнні вытворчасці і продажу дзяржаве прадуктаў земляробства, у 1973 годзе У.Ф.Крышталевіч было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і молат”. Дарэчы, па ініцыятыве Ульяны Феакцістаўны пачалася карэнная рэканструкцыя райцэнтра.

У 1974 годзе У.Ф.Крышталевіч была пераведзена ў Мінск на пасаду намесніка міністра сацыяльнага забеспячэння БССР. Выйшаўшы ў 1982 годзе на пенсію, яна працягнула займацца актыўнай грамадскай дзейнасцю. Аб працоўных дасягненнях У.Ф.Крышталевіч напісаны кнігі Э.Юшкевіча “Слуга народа”, аповесць У.Якавенкі “Пакуль сонца ў зеніце”. Пра гераічныя здзяйс­ненні рабочых раёна расказвае зборнік нарысаў “Майстэрства докшыцкіх хлебаробаў”, зняты дакументальны фільм “Докшыцкі каравай”.

Ульяна Крышталевіч: Велізарным шчасцем для сябе лічу жыць у краіне, у якой так высока цэніцца праца простага чалавека, праца добрасумленная і самаадданая. Галоўная мэта ўсяго майго жыцця — рабіць людзям дабро. Час ад часу прыязджаю ў сваю родную вёсачку, у Докшыцы. Гляджу на шчаслівых людзей, і мне радасна за іх працу. Нізкі паклон вам, Людзі працы…

 

Вуліца і сквер у гонар

У школе была праведзена ўсебаковая работа сярод настаўнікаў і навучэнцаў напярэдадні прысваення школе імя У.Ф.Крышталевіч — класныя гадзіны, гутаркі з навучэнцамі аб важнасці ведання гісторыі сваёй краіны, біяграфій знакамітых дзеячаў Беларусі і Докшыцкага раёна, аб іх укладзе ў аднаўленне і развіццё краіны пасля вайны.

Вялікім гонарам для нас стала знаём­ства з дачкой гераіні — Вольгай Грыц. Двойчы настаўнікі разам з вучнямі наведалі яе ў Мінску, запісалі ўспаміны. Вольга Мікалаеўна перадала для будучай школьнай экспазіцыі ўнікальныя сямейныя дакументы і фатаграфіі. Жанчына разам з мужам і пляменнікам удзельнічала ў святочных мерапрыемствах, падчас адкрытага дыялогу з вучнямі расказала шмат цікавага пра жыццё сваёй маці.

Сумеснымі намаганнямі настаўнікаў і вучняў распрацаваны і аформлены інфармацыйны стэнд, прысвечаны У.Ф.Крышталевіч, навучэнцы 9—10 класаў праводзяць экскурсіі.

Вучні школы напісалі даследчую работу пра У.Ф.Крышталевіч і ўдзельнічалі ў трох этапах рэспубліканскага конкурсу “Гонар майго краю”.

Як вынік — яны ўзнагароджаны дыпломам І ступені раённага ўзроўню, дыпломам ІІІ ступені абласнога ўзроўню і дыпломам ІІІ ступені рэспубліканскага ўзроўню.

У нашай школе дзейнічае пошукавадаследчы атрад “Рубеж”, які прымае ўдзел у нацыянальным пошукавым праекце “Беларусь помнит. Помним каждого”. Вучні плённа працуюць у архівах Глыбокага, Докшыц, у раённай бібліятэцы, вывучаюць матэрыялы раённай газеты “Родныя вытокі”, прысвечаныя гісторыі Докшыччыны пасляваеннай. У сувязі са святкаваннем 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вучні школы прымуць удзел ва ўсебеларускім патрыятычным праекце “Памяць пакаленняў у імя будучыні”. Падчас святкавання Дня Перамогі актывісты БРСМ далучацца да акцыі “Беларусь памятае”, будзе праведзены працоўны дэсант па добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў. Да таго ж вучні пачалі рыхтавацца да музычнага конкурсу “Шляхам Перамогі”.

— Робім шмат па патрыятычным выхаванні вучняў, але задум яшчэ больш. Плануем стварыць у школе музей гісторыі Докшыц пасляваенных, галоўнымі экспанатамі якога будуць дакументы і рэчы У.Ф.Крышталевіч. Таксама ёсць ідэя звярнуцца да раённай улады з прапановай прысвоіць адной з новых вуліц горада імя славутай зямлячкі, пасадзіць прыгожы сквер у гонар Ульяны Феакцістаўны і ўзяць шэфства над ім. Усе гэтыя мерапрыемствы будуць спрыяць фарміраванню патрыятызму і пацуцця гордасці за малую радзіму, — адзначыла Алена Камінская.

Ала ХАЦЯНОВІЧ,
настаўніца гісторыі школы № 2 Докшыц