Без канфліктаў і спрэчак: рэчыцкія школьнікі — за псіхалагічны камфорт

- 14:40Новости, Шестой день

На ўмацаванне псіхалагічна камфортных адносін паміж навучэнцамі накіраваны інавацыйны праект сярэдняй школы № 7 Рэчыцы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На працягу трох гадоў у гэтай установе рэалізуецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання культуры міжасобасных адносін як фактару бесканфліктнага асяроддзя ўстановы адукацыі”. Яго аўтары падводзяць першыя вынікі.

— Калі ўзаемаадносіны паміж аднакласнікамі будуюцца на даверы, то ў класных калектывах пануе атмасфера дружбы і ўзаемаразумення. Канфліктам, булінгу ў такім асяроддзі месца не застаецца. І якраз субота дапамагае лепш спазнаць адно аднаго ў разняволенай атмасферы, пасябраваць, адчуць сябе патрэбнымі і значнымі. Псіхалагічныя трэнінгі, сумесныя гульні, вясёлыя сустрэчы за чаем з ласункамі, паездкі па Беларусі, падрыхтоўка да конкурсаў і спаборніцтваў дапамагаюць дзецям раскрыць свае лепшыя якасці і схіліць да сябе навакольных, — гаворыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Каляністава.

Педагогі-псіхолагі школы падчас трэнінгаў вучаць дзяцей правільна выходзіць са складаных сітуацый, вырашаць канфліктныя сітуацыі. Асаблівая ўвага адводзіцца заняткам, накіраваным на ўмацаванне сяброўства, пазнанне якасцей асобы.

— Папярэдне мы праводзім сацыяметрыю, і калі ёсць пэўныя праблемы ў класе, высвятляем гэта. Напрыклад, у класе дзеці дзеляцца на мікрагрупы, часта застаецца ізаляванае дзіця, з якім ніхто не хоча сябраваць. Мы даём рэкамендацыі класнаму кіраўніку, як выправіць сітуацыю, і паралельна самі праводзім адпаведныя трэнінгі, заняткі, — тлумачыць Ніна Аўраменка, педагог-псіхолаг школы.

У межах праекта пачала дзейні­чаць школа медыяцыі. Яе кіраўнік педагог-­арганізатар Настасся Міхалка гаворыць:

— Я раблю ўхіл на навучанне старэйшых дзяцей вырашаць канфлікты, перадаю ім гэтую сваю місію. У мяне пяць актыўных васьмікласнікаў, але да іх далучаюцца іншыя дзеці. Праводзіць гульні-трэнінгі для равеснікаў яны толькі вучацца, але ў вырашэнні канфліктаў у малодшых класах ужо робяць поспехі. Малыя дзеці часта не адважваюцца агучыць свае трывогі класнаму кіраўніку, а перад аднагодкамі ці старэйшымі дзецьмі раскрываюцца больш ахвотна. Напрыклад, калі ў пачатковых класах непаразуменне паміж сяброўкамі, дзіцячая рэўнасць здаюцца глабальнымі праблемамі, то для старшакласнікаў яны ўжо цалкам вырашальныя, таму спраўляцца з імі яны эфектыўна ву­чаць малодшых.

Высвятляць, што трывожыць навучэнцаў, дапамагае ў тым ліку і пошта даверу, якая з’явілася ў школе ў межах праекта.

— У фае вісіць скрыня, у якую дзеці ананімна закідваюць свае пытанні, пажаданні, звароты. Раз у тыдзень мы дастаём карэспандэнцыю, а адказы вывешваем на стэндзе, каб адрасаты змаглі іх прачытаць. Так, яны скардзяцца на школьнае харчаванне, таму мы тлумачым на стэндзе, чаму чыпсы не заменяць суп, чаму трэба абе­даць і якія наступствы могуць быць для дзіцячага арганізма, калі ён галодны. Такая пошта дапамагае нам вызначаць і псіхалагічныя праблемы. Напрыклад, у скрыні было шмат просьбаў адлічыць са школы адну дзяўчынку, бо яна прыцягвае да сябе ўвагу іншых дзяцей сваімі неардынарнымі паводзінамі. Мы працавалі менавіта з гэтай дзяўчынкай, а на стэндзе змяшчалі парады, як навучыцца адэкватна ставіцца да ўсіх без выключэння, успрымаць і разумець кожнага, — дзеліцца Ніна Аўраменка.

— Мы ўжо завяршаем гэты праект, падводзім вынікі. Нельга сказаць, што канфлікты ў нас больш не ўзнікаюць. Тым больш што мы ўключалі класы ў праект выбарачна. Аднак калі параўнаць класы, у якіх праводзілася больш мерапрыемстваў у межах праекта і якім больш увагі ўдзялялі псіхолагі і сацыяльныя педагогі, і класы, якія мінімальна былі задзейнічаны ў праекце, то відавочна, што вынікі ёсць. Так, наша паралель 11-х класаў трапіла ў праект з самага яго пачатку, і вынік выдатны. Нягледзячы на тое, што 10-я класы былі перафарміраваны (з шасці класаў засталіся тры), дзеці змаглі пасябраваць, наладзіць пазітыўныя зносіны. Цяпер яны рыхтуюцца да выпускнога і ўзаема­дзейнічаюць не толькі з аднакласнікамі, але і з іншымі вучнямі ў паралелі. У той жа час мы не можам адназначна сказаць, што гэта заслуга толькі праекта, бо ён стаў часткай выхаваўчай работы ў цэлым, — адзначае Таццяна Каляністава.

У школе ўдзяляецца ўвага не толькі псіхалагічнаму здароўю навучэнцаў, але і фізічнаму. У суботу заўсёды адчынены дзверы спартыўнай залы. Тут праходзяць заняткі аб’яднанняў па інтарэсах “Вучымся гу­ляць у футбол”, “Мяч над сеткай”, “Спартыўныя гульні”. Школьнікі прымаюць удзел у спартыўных спаборніцтвах па розных відах спорту, любяць проста паганяць футбольны мяч ці пакідаць у кольца баскетбольны, пагуляць у “Гарачую бульбу”. Вялікая ўвага ўдзяляецца правядзенню дзён спорту і здароваму ладу жыцця. Спартыўныя спаборніцтвы дапаўняюцца мерапрыемствамі пазнавальна-забаўляльнага характару. У класных калектывах праходзяць круглыя сталы, тэматычныя мерапрыемствы, накіраваныя на фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця, конкурсы агітацыйных праграм, відэаролікаў па тэме “Спорт і здароўе”. З задавальненнем школьнікі рыхтуюцца да конкурсаў спартыўных танцаў, ранішняй зарадкі, аэробікі. Спартландыі і жартоўныя спартыўныя квесты — любімыя заняткі малодшых школьнікаў. Старэйшыя дзеці прымаюць удзел у турнірах вынослівых, эстафетах, спартыўных баталіях, у якіх удзельнічаюць і школьнікі з іншых школ горада.

Святлана НІКІФАРАВА