Мітрапаліт Веньямін сустрэўся з педагагічнай грамадскасцю Віцебшчыны

- 13:38Новости

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веньямін сустрэўся з педагагічнай грамадскасцю Віцебшчыны. Акрамя прысутных у зале, у рэжыме анлайн-трансляцыі магчымасць абмеркаваць праблемы духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў, задаць хвалюючыя пытанні атрымалі прадстаўнікі педагагічных калектываў і праваслаўнага духавенства ўсіх раёнаў паўночнага рэгіёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Добрую справу заўсёды лепш рабіць разам, — адзначыў кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы. — Пра гэта сведчыць шматвяковы вопыт — і хату ўсім мірам будавалі, і цяжкасці пераадольвалі. Сёння мы як ніколі дакладна ўсведамляем, якая высокая адказнасць ляжыць на ўсіх нас за будучыню нашай краіны, лёс народа з тысячагадовай гісторыяй, а значыць, і за выхаванне мола­дзі, яе маральную, сацыяльную і грамадзянскую ста­ласць. Гістарычна так склалася, што менавіта школа стала найважнейшым інстытутам перадачы вопыту пакаленняў, культурных традыцый, усяго таго, што ро­біць чалавека асобай, а людзей — народам. Таму праца педагога — прызванне, а лепш ска­заць служэнне, нялёгкі крыж. Калі мы гаворым аб выхаванні добрага, патрыятычнага, высокамаральнага пакалення, то неабходна аб’яднаць намаганні.

Як расказала рэктар ВАІРА Вольга Лапацінская, ва ўстановах адукацыі вялікую ўвагу ўдзяляюць духоўна-маральнаму выхаванню падрастаючага пакалення. Інстытут выступае каардынатарам і выканаўцам многіх мерапрыемстваў у рамках Праграмы супрацоўніцтва паміж галоўным упраўленнем па адукацыі аблвыканкама і Віцебскай і Полацкай епархіямі Беларускай Праваслаўнай Царквы, у тым ліку праводзіць абласныя адукацыйныя Стрэчанскія чытанні, Кірыла-Мяфодзіеўскія адукацыйныя чытанні дзяцей і моладзі, Свята-Еўфрасіннеўскія педагагічныя чытанні, навукова-практычныя канферэнцыі, тэматычныя семінары і конкурсы, вынікова ўдзельнічае ў рэс­публіканскіх праектах і мерапрыемствах.

Усе мы разумеем, наколькі важны прыклад педагога ў выхаванні грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны на аснове праваслаўных традыцый беларускага народа, — выказала меркаванне Вольга Лапацінская. — Неабходна сфарміраваць духоўны стрыжань дзяцей. Настаўнік уласным маральным выбарам, маральным абліччам становіцца ўзорам для сваіх вучняў і іх бацькоў.

Таксама Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веньямін наведаў ВДМУ, дзе абмеркаваў з рэктарам Аляксеем Чуканавым узаемадзеянне ўніверсітэта і Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара